Интервью с ректором БГУ Сергеем Абломейко
23.01.2015 19:34:07
Чаму акадэмік, рэктар Белдзяржуніверсітэта Сяргей Абламейка не абраў прафесію бацькоў-аграрыяў і ў чым яго жыццё спалучыла мёд і горыч
Лёгка пакарыў навуковы алімп выпускнік Воранаўскай сярэдняй школы Сяргей АБЛАМЕЙКА. Пасля заканчэння матэматычнага факультэта БДУ паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а праз шэсць гадоў — доктарскую і стаў адным з самых маладых у Беларусі доктарам тэхнічных навук. Прайшоў шлях ад стажора-даследчыка да генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускім дзяржаўным універсітэце, абраны навуковым сакратаром і намеснікам старшыні Нацыянальнага савета па космасе, акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН. Сёмы год узначальвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Акадэмік НАН Беларусі.
Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Сяргея Уладзіміравіча распрацаваны тэорыя, мэтады і алгарытмы апрацоўкі і апазнавання графічнай інфармацыі, што дазволіла кардынальна паглыбіць вывучэнне зямной паверхні, медыцынскую дыягностыку, садзейнічаць найбольш эфектыўнаму развіццю народнагаспадарчага і ваенна-абароннага комплексаў.
Акадэмік Абламейка першым з навукоўцаў СНД абраны галоўным членам Міжнароднай асацыяцыі па апазнаванні відарысаў, а таксама галоўным членам Брытанскага і Амерыканскага інстытутаў інжынераў па электратэхніцы і электроніцы, інжынерам па Хартыі інжынернага савета Еўропы, акадэмікам Іспанскай каралеўскай акадэміі дактароў, Еўрапейскай акадэміі эканомікі і кіравання і іншых аўтарытэтных міжнародных фарміраванняў. Навуковая і грамадская дзейнасць акадэміка Абламейкі адзначана прэміямі Ленінскага камсамола Беларусі, НАН Беларусі, Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, медалём Францыска Скарыны, расійскім ордэнам Дружбы народаў, медалём Саюзнай дзяржавы «За супрацоўніцтва» і шматлікімі іншымі ўзнагародамі.
У АЎТАБІЯГРАФІЧНАЙ кнізе «Кібернетыка жыцця: разважанні акадэміка» Сяргей Уладзіміравіч шчыра дзеліцца перажытым. Продкі яго шчыравалі на прынёманскай зямлі непадалёку ад сярэдневяковага Мірскага замка. Са свайго падворка маці Тамара Іосіфаўна Саковіч у дзяцінстве бачыла паўразбураныя замкавыя сцены і вежы, а хаціна бацькі Уладзіміра Іванавіча Абламейкі патанала ў зеляніне садоў суседняй вёскі Кожава. У пасляваенныя гады бацькі вучыліся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і там пазнаёміліся. Сям’ю маладых спецыялістаў размеркавалі ў Воранаўскі раён. Прыветліва прыняла іх вёска Канвелішкі, дзе доўга не затрымаліся. Бацька ўзначаліў раённую службу па землеўпарадкаванні, а маці — раённую насенную інспекцыю. Апрацоўваць немалы агарод, даглядаць парасят і курэй дапамагалі ўсе тры сыны — Сяргей, Валодзя і Аляксандр. Часта вандравалі з маці ў запыленым легкавіку па гаспадарках Воранаўскага раёна, дзе яна правярала стан пасеваў. За вокнамі аўтамашыны праплывалі маляўнічыя пейзажы прывабных перакацістых палёў і лугоў абапал нёманскіх прытокаў Жыжмы, Дзітвы і Радунькі. Ладзілі сямейныя паходы ў лес па грыбы і ягады.
— Дзядоў сваіх памятаеце? — пачынаю размову з Сяргеем Уладзіміравічам.
— Летнія школьныя канікулы мы звычайна праводзілі ў карэліцкай вёсцы Кожава, дзе нас чакалі дзядуля Іван Мікалаевіч і бабуля Марыя Апанасаўна, — узгадвае мой субяседнік. — З цікавасцю слухалі ваенныя ўспаміны дзядулі-франтавіка, які перамогу сустрэў у Празе. Усе пасляваенныя гады ён працаваў у калгасе. Сваякі па лініі маці таксама сяляне, якім выпала жыць побач з вядомымі на ўсю Еўропу магнатамі Радзівіламі — апошнімі гаспадарамі Мірскага замка. Разбураны за гады вайны замак на вачах нішчыўся. Доўга ім ніхто не цікавіўся. Мы з мірскімі падлеткамі аблазілі кожны яго патаемны куток. Узбіраліся высока на разбураныя сцены, гулялі ў хованкі ў самых аддаленых сутарэннях. Не міналі жнівеньскімі вечарамі шчодрыя мірскія сады. Ведалі, у якога гаспадара самыя духмяныя яблыкі. У родным Воранаве па чарзе з сябрамі ганялі на адзіным на ўсю кампанію ровары па вузкіх вулачках і завулках. Але дамоў вярталіся ў вызначаны бацькамі час. Нас выхоўвалі ў строгасці, вольнасці не дараваліся. Як старэйшы, адказваў за меншых братоў.
З далёкага дзяцінства яскрава застаўся ў памяці красавіцкі ранак 1961 года, калі па радыё паведамілі пра палёт у космас Юрыя Гагарына. Мне толькі пяты год. Так лёс распарадзіўся, што праз два дзесяцігоддзі я захапіўся навуковай касмічнай тэматыкай.
— Хто заўважыў у вас матэматычныя здольнасці?
— Першая настаўніца, мудрая Аляксандра Іванаўна Буднік, вельмі захапіла вучобай, і ўсе дзесяць школьных гадоў сталі суцэльным святам. Пасля заняткаў наведваў шахматны гурток, куды мяне прывёў бацька. Кіраваў гуртком настаўнік роднай мовы Валянцін Міхайлавіч Емяльянаў. Мы перамагалі на раённых спаборніцтвах. Ездзілі па рэспубліцы. Усе школьныя прадметы даваліся лёгка, але матэматыку палюбіў з першых урокаў. Захапленне шахматамі развівала логіку, адчуў яшчэ большую цягу да матэматыкі. Бацька выпісаў фізіка-матэматычны часопіс «Квант», у якім надрукавалі артыкул пра завочную фізіка- тэхнічную школу пры Маскоўскім фізіка- тэхнічным інстытуце, і разам са школьным сябрам адправілі туды заявы на паступленне. Нас залічылі і прысылалі заданні, якія мы старанна выконвалі. Дапамагаў бацька. Ён добра ведаў матэматыку. У дзясятым класе я паступіў яшчэ ў завочную школу пры Беларускім політэхнічным інстытуце. Неаднаразова выйграваў раённыя матэматычныя алімпіяды і ўдзельнічаў у абласных. Пашчасціла ў старэйшых класах вучыцца ў вопытнага настаўніка матэматыкі Леаніда Іосіфавіча Ненартовіча, які вылучыў невялікую групу схільных да гэтага прадмета вучняў і дадаткова займаўся. Рашалі складаныя задачы, разбіралі іх, аналізавалі.
— А на гульню з сябрамі мелі час ці толькі вучоба і вучоба?
— Часу хапала на ўсё. Сябрамі дзяцінства даражу і час для іх знаходжу. З Уладзімірам Гудам, Алегам Палітыкам, Аляксандрам Чыгрынавым, Валодзем Жуком сустракаемся перыядычна, цікавімся справамі адзін аднаго, калі ўзнікае неабходнасць, падтрымліваем.
— Школу закончылі выдатнікам?
— Атэстат атрымаў з усімі пяцёркамі, але без медаля, бо ў дзявятым класе атрымаў чацвёркі па мовах.
— Звычайна дзеці працягваюць справу бацькоў. Ці не было ў вашых планах зрабіць так?
— Безумоўна, усе падставы былі сыну спецыялістаў сельскай гаспадаркі парадаваць іх такім выбарам. Умею трымаць у руках сякеру і рыдлёўку. Рос у сям’і інтэлігентаў, якія мелі сваю невялікую гаспадарку. Не цураўся гаспадарчых спраў, але захаплялі заняткі матэматыкай. Перад заканчэннем школы прыйшло запрашэнне паступаць у прэстыжны Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. Бацькі вырашылі, што Масква надта далёка, і мяне адправілі на падрыхтоўчае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута, дзе адчуў, што магу разлічваць на большае, і абраў матэматычны факультэт БДУ. Без асаблівай напругі вытрымаў уступныя экзамены і стаў студэнтам. З інтэрнатам было цяжкавата, і першы год навучання жыў у бацькавага брата.
На трэцім курсе мяне замацавалі на кафедры метадаў аптымальнага кіравання, якую ўзначальваў прафесар Рафаіл Габасаў. І сёння гэтая кафедра — адна з найбольш моцных ва ўніверсітэце. Пачаў займацца навуковай працай і атрымаў размеркаванне ў Інстытут тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук.
— Вучоба, навука, а ці знаходзілі час на асабістае жыццё?
— На тое і маладосць, каб паспяваць. У інстытуцкай лабараторыі пазнаёміўся са студэнткай Беларускага політэхнічнага інстытута Наталляй Варанецкай. Наша знаёмства перарасло ў глыбокае пачуццё, і мы пажаніліся. Дваіх дзяцей выхавалі. Дапамагала нам жончына маці. Сын Андрэй закончыў школу з залатым медалём і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і працуе сістэмным адміністратарам у даволі буйной прыватнай кампаніі. У яго падрастаюць ужо сынок Аляксей і дачушка Аляксандра. Дачка Марыя закончыла юрыдычны факультэт БДУ, абараніла кандыдацкую дысертацыю і выкладае на юрыдычным факультэце ўніверсітэта.
— Можа, сын падхопіць вашу навуковую справу?
— У яго схільнасць да практычнай дзейнасці, і добра атрымліваецца.
— А ўнукі маюць схільнасць да матэматыкі?
— Унучцы Аляксандры толькі два гадкі, Алёша ў трэцім класе, вучыцца выдатна. Любіць пасядзець над задачамі. У ім адчуваецца моцны матэматык. Ёсць каму перадаваць навуковую спадчыну.
— Сяргей Уладзіміравіч, у аўтабіяграфічнай кнізе вы, згодна з матэматычнай логікай, адну з глаў назвалі «Чатыры ўзыходжанні». Чаму чатыры?
— У Савецкім Саюзе вучонымі лічыліся толькі дактары навук, і я такім стаў. Амаль паўтара дзесяцігоддзі заняло другое ўзыходжанне, калі мяне прызналі як вучонага на сусветным узроўні пасля распаду краіны. Прызнанне на радзіме я атрымаў пасля абрання акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук. І чацвёртае ўзыходжанне – адміністрацыйная лесвіца. Сёмы год узначальваю вядучы ўніверсітэт Беларусі.
— У час прызначэння на пасаду рэктара прагучалі пажаданні больш эфектыўнай дзейнасці і выхаду Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на вядучыя пазіцыі. Ёсць вынікі?
— Як адзначаў старажытны мудрэц Гарацый, жыццё нічога не дае без цяжкай працы і хваляванняў. Поспех складаецца з самых быццам нязначных дробязей. Сёння наша альма-матар аб’ядноўвае амаль сорак тысяч студэнтаў розных форм навучання. Сярод іх многа і выпускнікоў вясковых школ.
Упершыню за дзевяностагадовую гісторыю існавання БДУ летась ён зацвердзіўся сярод 500 лепшых універсітэтаў свету. У Расіі, напрыклад, ёсць спецыяльная праграма па падтрымцы лепшых універсітэтаў. Для развіцця іх дзяржава выдзяляе значнае фінансаванне, пра якое нам і не марыць. Але ўсё ж крок за крокам паднімаемся ў сусветных рэйтынгах.
У 1981 годзе наш універсітэт уваходзіў у дваццаць пяць лепшых у СССР. Пазалетась і летась два расійскія незалежныя агенцтвы дэталёва праранжыравалі ўніверсітэты СНД і Балтыі. На першае месца выйшаў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, а другім стаў БДУ. Іншымі словамі, мы ўвайшлі ў тройку лепшых універсітэтаў СНД. Такіх высокіх рэйтынгавых пазіцый мы яшчэ не займалі.
Мінулай восенню мне давялося слухаць на сустрэчы рэктараў расійскіх універсітэтаў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным выступленне старшыні камісіі па адукацыі Дзяржаўнай думы Вячаслава Ціханава. Ён адзначыў, што гадавы бюджэт Гарвардскага ўніверсітэта складае 60 мільярдаў долараў. Бюджэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта — каля двух мільярдаў долараў, а ў нас — каля ста мільёнаў долараў. Бюджэт першай сотні ўніверсітэтаў брытанскага рэйтынгу вагаецца ад пяці да шасцідзесяці мільярдаў долараў. Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт толькі падступае да гэтай катэгорыі. Гэта як у футболе параўнаць іспанскую «Барселону» з гродзенскім «Нёманам». За мільёны долараў купляюцца сусветныя зоркі футбола ў лепшыя спартыўныя клубы. Так і ў прэстыжныя ўніверсітэты свету запрашаюцца за вялікія ганарары вядомыя вучоныя. На фоне такіх фінансавых магчымасцей рэзкі ўздым рэйтынгу БДУ — заслуга перш за ўсё калектыву.
— І асабліва — штурмана магутнага беларускага карабля навукі.
— Цікава паспрабаваць сябе сапраўдным штурманам, а вось будаўніком быў. Перад абаронай кандыдацкай дысертацыі з сябрамі ўвесь адпачынак шабашнічалі на Гродзеншчыне, на калгаснай будоўлі. Для маёй маладой сям’і была добрая фінансавая падтрымка.
— Кандыдацкую дысертацыю абаранялі ў Кіеве. Чаму там?
— Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, у якім я працаваў, займаўся даволі сур’ёзнымі ваеннымі распрацоўкамі — стварэннем лічбавых карт для падрыхтоўкі палётных заданняў крылатых ракет на вялікую адлегласць, і я свае кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі прысвяціў гэтай закрытай тэме. У Мінску не было сакрэтнага навуковага савета, таму абараняўся ў Кіеўскім інстытуце кібернетыкі, даволі ўплывовым у былым Саюзе. Яшчэ да аспірантуры пачаў займацца лічбавай картаграфіяй па заказе Міністэрства абароны СССР.
Галоўны сэнс такіх навуковых распрацовак — каб камп’ютар мог бачыць і апазнаваць тэкст. Гэта аналагічна як тэлефон-факс прымае тэкст і друкуе яго на паперы. Пачыналі з апазнавання звычайных геаграфічных карт. Адлюстраванне пераводзілі ў лічбавае выяўленне, каб па ім пракладваць траекторыі. Ад візуальнага апазнавання дакументаў, тэкстаў, карт, чарцяжоў дайшлі да здымкаў паверхні Зямлі са спадарожнікаў, апазнавання медыцынскіх выяў, такіх як флюараграфія, ММР, камп’ютарная тамаграфія. Усё гэта дазваляе выявіць першапачатковыя змяненні ў клетках арганізма і прадухіліць развіццё захворванняў. Раней такія медыцынскія даследаванні рабіліся візуальна чалавекам, а камп’ютар абсалютна дакладна выконвае іх і імгненна выдае вынік.
— Як прымяняюцца вашы навуковыя распрацоўкі ў народнай гаспадарцы?
— Многія міністэрствы цяпер не ўяўляюць сваёй дзейнасці без нашых распрацовак. У сельскай гаспадарцы камп’ютарныя карты дазволілі аператыўна сачыць за развіццём пасеваў і прымаць неадкладныя рашэнні па доглядзе іх. Штучныя спадарожнікі фіксуюць дэталёва кожнае поле, лес, забалочаныя масівы. Створаны зямельны кадастр краіны. Але чамусьці беларускія аграрыі яшчэ не ў поўнай меры карыстаюцца касмічнай інфармацыяй. Актыўна выкарыстоўваюць яе ў міністэрствах лясной гаспадаркі, па надзвычайных сітуацыях, аховы прыроды. Фермерскія гаспадаркі многіх высокаразвітых краін свету ўжо не ўяўляюць сваёй дзейнасці без прымянення сучасных навуковых тэхналогій.
— У нашых гаспадарках вам даводзіцца бываць?
— Цікаўлюся справамі беларускіх хлебаробаў і радуюся іх поспехам. У мінулагоднім рэкордным валавым зборы збожжавых ёсць і доля працы вучоных. Усё больш распаўсюджваецца па гаспадарках прымяненне камп’ютараў на жывёлагадоўчых комплексах. Робаты замяняюць цяжкую працу жывёлаводаў. Як выдаецца магчымасць, наведваю родныя мясціны, адпачываю ў аграсядзібах. Па дарозе з Воранава на Гродна, за мястэчкам Радунь, красуецца цудоўная аграсядзіба. У другім кутку раёна, за вёскай Вараноўка, прымае гасцей яшчэ адна шыкоўная аграсядзіба. І ў Шчучынскім раёне даводзілася адпачываць ва ўтульнай аграсядзібе.
Мне давялося пабываць больш як у шасцідзесяці краінах свету, але мілей Бацькаўшчыны нічога няма. І гэта любоў да роднай зямлі з гадамі мацнее. Наведваючы замежную краіну, міжволі параўноўваю з жыццём у Беларусі і пераконваюся, што ў нас сацыяльныя, сямейныя адносіны больш моцныя. Нашы людзі, асабліва вяскоўцы, адкрытыя і шчырыя. Хапае ў нас розных праблем, але дзе іх няма?
— Сяргей Уладзіміравіч, не сакрэт, што многія навукоўцы з постсавецкай прасторы, і асабліва матэматыкі, праграмісты, атрымаўшы тут адукацыю, працуюць за мяжою. Ці былі вам такія прапановы?
— І не аднойчы, як і іншым маім калегам. Некаторыя прынялі іх і пакінулі радзіму. Мой добры сябар Сяргей Дземідзенка шмат гадоў жыве і працуе ў Новай Зеландыі. Двойчы быў у яго. У краінах Заходняй Еўропы, Амерыцы знайшлі сябе нашы навукоўцы.
— Што вас стрымлівае зрабіць так?
— Беларусь — мая калыска. На гэтай зямлі мяне заўважылі і далі магчымасць рэалізавацца. Мае продкі на гэтай зямлі жылі, потам яе палівалі. Маці і брат з сям’ёю засталіся ў родным Воранаве. Там магіла бацькі, якога няма ўжо больш як дваццаць гадоў. Тры гады таму адзначылі ў воранаўскім рэстаране васьмідзесяцігоддзе маці. Сабраліся не толькі родныя, але і многія інтэлігенты нашага невялікага райцэнтра. Прыехалі і сёстры маці з Міра і мястэчка Гарадзішча, што каля Баранавічаў. З Магілёва завітаў з сям’ёю мой другі брат. Раней маці часта нас наведвала. Цяпер па некалькі разоў на дзень па тэлефоне размаўляем. Нават уявіць не магу, што можна назаўсёды развітацца з роднымі мясцінамі. Мне столькі даверу і гонару аказана ў Беларусі. На самае райскае жыццё радзіму не прамяняю. Карані мае тут назаўсёды.
— Ці былі ў вас моманты роспачы?
— Жыццё ёсць спалучэнне мёду і горычы. Абарона кандыдацкай і доктарскай дысертацый далася нялёгка. Калі ў 33 гады я выйшаў на абарону доктарскай, былі праціўнікі, што надта малады, і імкнуліся завярнуць працу. Заяўлялі, што занадта рана прысвойваць званне доктара навук. Звычайна такія дысертацыі абаранялі ў больш сталым узросце. Цяжка давялося б, каб не рашучае слова дырэктара Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Вячаслава Сяргеевіча Танаева. Вучоны савет не рызыкнуў пайсці супраць яго і пасля дэталёвага абмеркавання рэкамендаваў дысертацыю да абароны.
Сёння некаторыя калегі імкнуцца прынізіць значэнне атрыманых намі вынікаў навуковых даследаванняў. Факты ўпарта сведчаць, што на працягу двух дзесяцігоддзяў беларускімі вучонымі распрацаваны тэхналогіі, арыентаваныя на аўтаматызацыю працэсаў апазнавання картаграфічных выяў і іншых даследаванняў. Важна і тое, што прынята за аснову наша сістэма класіфікацыі і кадзіравання тапаграфічнай і тэхналагічнай інфармацыі.
Мой жыццёвы шлях ледзьве не склаўся інакш. Пасля шабашкі ў калгасе фізічныя нагрузкі выклікалі з дзіцячага мінулага рэўматызм, які выліўся ў артрыт. Давялося лячыцца, і вядомы ўрач-рэўматолаг параіў спыніць навуковую дзейнасць, бо арганізм не вытрымае вялікіх нагрузак. Але я не мог адмовіцца ад навуковага шляху і стаў самастойна займацца фізічнымі нагрузкамі. На здзіўленне ўрачам, хваробу перамог.
Моцнай траўмай для мяне быў няўдалы запуск летам 2006 года першага беларускага касмічнага апарата «БелКА» на Байкануры. Прыгнечанымі прыляцелі на досвітку з Казахстана ў Мінск. А ў дзевяць гадзін раніцы мне паступіў загад правесці прэс-канферэнцыю. Падрыхтаваўся і дэталёва паведаміў пра няўдачу.
Беларускія вучоныя разам з расійскімі калегамі працуюць над сумеснай касмічнай праграмай, і ў 2012 годзе выйшаў на арбіту беларускі касмічны апарат. Гэта радуе. Пасля прызначэння на пасаду рэктара ўніверсітэта пільна сачу за касмічнымі навуковымі распрацоўкамі.
— Безумоўна, адміністрацыйная дзейнасць — клапатлівая. Па-ранейшаму ўзначальваеце міжнародныя навуковыя фарміраванні. Як усё паспяваеце?
— Жыццё патрабуе руху. Мне пашчасціла, што займаюся любімай справай на радзіме, і за гэта мне яшчэ плацяць грошы. Ад напісання алгарытмаў, праграм, матэматычных формул, артыкулаў, манаграфій атрымліваю задавальненне. Вялікі мой памочнік — сям’я. Цяпло і падтрымка родных і сяброў настройвае на творчую дзейнасць. З гэтага і складаецца шчасце. Яго я жадаю чытачам і калектыву любімай у бацькоўскім доме «Сельской газеты». Як адзначаў старажытны філосаф Платон, каб разумелі, што справядліва, адчувалі, што прыгожа, і жадалі лепшага — такая мэта разумнага жыцця.
Уладзiмiр САУЛIЧ
Фота аўтара