Расчапіць дрот, але расшчапіць атам, ці Правапіс прыставак на стыку з коранем
06.11.2009 18:54:00
Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
У “Правілах” (1959) аб правапісе прыставак гаворыцца ў раздзелах “Правапіс галосных”, “Правапіс зычных”, “Аб напісанні разам і праз злучок (дэфіс)”, у параграфах аб правапісе прыметнікаў, назоўнікаў і інш. Гэтаму можна знайсці тлумачэнне, таму што пры напісанні слова вельмі часта ўлічваецца якасць прыстаўкі: з якіх літар складаецца, на што заканчваецца, якога пахо-джання і інш. Аднак такая раскіданасць цягнула за сабой нязручнасць у пошуку адказу на пытанне, як напісаць тое ці іншае слова. Стваралася ўражанне, што ў гэтых раздзелах і параграфах можа разабрацца спецыяліст, які ўжо мае навыкі такога пошуку. А што было рабіць звычайнаму карыстальніку мовы? Відаць, таму “Правілы” (1959) больш не перавыдаваліся, а знайшлі шырокае каменціраванне ў рознага роду слоўніках, даведніках, падручніках і дапаможніках. Хаця патрэба ў перавыданні была, нават дзеля таго, каб выправіць дапушчаныя хібы, накшталт такіх: “Папраўка. На стар. 53 §106 трэба чытаць: Пішуцца асобна:”, а не праз злучок, як указана ў тэксце.
У новай рэдакцыі правапіс прыставак максімальна сканцэн-траваны ў адным месцы. Як ужо адзначалася, гэтаму прысвечаны параграф 22 “Прыстаўкі” главы пятай “Правапіс некаторых марфем”.
Ёсць нямала выпадкаў, калі ўзнікаюць цяжкасці пры напісанні слоў, у якіх прыстаўка заканчваецца на с- або з-, а корань пачынаецца з шыпячага гука. Такі клопат выклікаюць паронімы расчапіць і расшчапіць. Сёння нават у падручніках, не гаворачы пра літаратурныя творы, знаходзім нераспазнаванне: расчапленне і расшчапленне выказніка (маецца на ўвазе перанясенне ў родную мову элементаў рускай кніжна-пісьмовай традыцыі: аказаць дапамогу замест дапамагчы, аказаць садзеянне замест паса-дзейнічаць, прымаць (браць) удзел замест удзельнічаць, стаць дабрэйшым замест падабрэць, стаць больш сталым замест па-сталець і шмат інш.), расшчапіць і расчапіць атам. Разнабой у напісанні зафіксаваны ў творах вядомых пісьменнікаў. Няправільна: “...Расчапіў (трэба: рас-шчапіў) сціснутыя губы, пазіраючы праз акуляры ў залу, загаварыў глуха, важка і цвёрда (І.Мележ); “Закаханых пачалі караць самаю страшнай карай, для чаго давялося выдумаць электрычнасць і расчапіць (трэба: расшчапіць) атам” (В.Быкаў).
У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” знаходзім: расчапіць — раз’яднаць, адчапіўшы адно ад другога, развесці што-небудзь счэпленае і расшчапіць — 1. Раскалоць, раздзяліць на часткі. 2. Перастаць сціскаць; разняць, раз’яднаць; 3. Спец. Раздрабіць, прымусіць распасціся на часткі; 4. Спец. Раскласці на часткі пры дапамозе хімічнай рэакцыі; 5. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (атам) (т. 4, 1980. С.700—701).
Перад намі паронімы (блізкія па напісанні і гучанні, але розныя па значэнні). Паводле “Слоўніка паронімаў беларускай мовы” С.М.Грабчыкава (Мн., 1994. С. 318—319), словы адрозніваюцца: Расчапіць. што. Адчапіць адно ад другога, раз’яднаць счэпленае. Замест таго каб расчапіць дрот каля калка, хлопец лёгка падняў веласіпед і пераставіў яго на другі бок загарадзі (У.Дамашэвіч). Расшчапіць. што. 1. Раскалоць, раздзяліць на часткі. У ежу яны ўжывалі чорную і горкую каменную соль, умелі расшчапіць запалку на чатыры часткі (М.Арочка); 2. Перастаць сціскаць; разняць, раз’яднаць; проціл. сашчапіць. Аксеня адсунулася ад замка і апусціла рукі. А потым працягнула адну з іх у бок Гаўруся і расшчапіла кулак. Ключ упаў на зямлю (Я.Брыль); 3. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (пра атам).
Як бачым, правільнае арфа-графічнае адлюстраванне збегу прыстаўкі і кораня можа ўплываць на значэнне слова: расчапіць дрот, але расшчапіць атам.
У “Слоўніку беларускай безэквівалентнай лексікі”
І. Шкрабы (Мн., 2008. С. 246—247) фіксуюцца лексемы, якіх няма ў рускай мове, і перадача іх сэнсу рэалізуецца некалькімі словамі ў іншай мове: Расчульвацца — спачуваць, выказваць жаль, спагадаць: Данік Малец, вясковы хлопчык, сірата, не дае чытачу расчульвацца над сірочаю доляй... (У. Калеснік); Расчытаць — з цяжкасцю разабраць напісанае: Дзённікі Лобана — яшчэ ў рукапісах, якія ўжо нялёгка было расчытаць і самому аўтару (В.Вітка).
У новай рэдакцыі прадпісваецца: спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна: расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць, счакацца, бесчалавечны, бясчулы, расчапіць (раз’яднаць), усчапіць (павесіць); расшыць, расшырэнне, сшытак, сшарэлы, расшумецца, расшпілены, бяс-шкодны, бясшлюбны; расшчапіць (раскалоць), расшчапленне (расколванне), расшчэп (раскол) (не блытаць счапіць і шчапаць), расшчаміць (разняць), расшчодрыцца, расшчоўкацца; зжыцца, разжаць, разжаліць, разжаніць, разжыва, безжурботна, безжыццёвы; зджаліць. Выключэнні: рашчыніць (паставіць цеста), ушчуваць, нішчымны, а таксама вытворныя ад іх: рошчына, ушчуванне, ушчунак, нішчымніца.
У 22-м параграфе новай рэдакцыі ў пункце 13 вядзецца размова пра тое, як прыстаўка можа ўплываць на напісанне каранёвага і. Пра гэта гаварылася і ў “Правілах” (1959), аднак новай рэдакцыяй уносіцца істотнае дапаўненне.
Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з- (с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб-) са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, абынтэлігенціцца, зымправізаваць, зыначаны, зысці, сысці, адыграць, адыменны, адыходзіць, сыграцца, сышчык, узыход, спадылба, спадыспаду, перадынфарктны, падынтэграваць, разысціся, перадымперскі, перадыспытны, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць. Параўн.: паводле “Правіл” (1959): дэзінтэграцыя, дэзінфармацыя, дэзінфекцыя, субінспектар.
Унесены пэўныя карэктывы і ў наступную норму: пасля прэфіксоідаў (звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-) і захоўваецца: звышімклівы, звышіндустрыяльны, звыш-інфляцыя, міжірыгацыйны, міжінстытуцкі, панісламізм, контрідэя, контрігра, суперінтэлект, трансіндыйскі. Па-першае, тое, што раней лічылася прыстаўкамі, часцінкамі слоў, названа прэфіксоідамі (элементамі слова, якія займаюць прамежкавае становішча паміж прыстаўкамі і самастойнымі словамі, параўн.: звыш за, між алешын і інш). Напрыклад, элемент пан- указвае на поўны ахоп з’явы, поўнае ўладаранне, перавага таго, што абазначаецца другой часткай: панславянскі, панамерыканскі. Па-другое, з параграфа “Правіл” (1959) “Галосныя ы і і пасля прыставак” выключаны прэфіксоід суб- і дададзены супер-.
У новай рэдакцыі захавана старая норма: у складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цвёрды зычны, пачатковае і другога слова пішацца нязменна: педінстытут, дзяржінспектар, палітінфармацыя, санінструктар, цяжіндустрыя, медінструменты, спецінструктаж, гарінспекцыя, гасінвентар.
Зроблена ўдакладненне: прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, і і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар.
Некаторыя словы з коранем
-ход- маюць варыянтныя формы: адыходлівы — адходлівы, адыходнае — адходнае, адыходы — адходы, адыходнік — адходнік.
Зваротная сувязь
Калі ласка, патлумачце падставу паходжання выслоўя “трапіць у прасак” (на русском языке “попасть в просак” или “попасть впросак”). Ул. Дземчанка, в. Машканы, Сенненскі р-н
— Рускае попасть впросак мае значэнне ‘трапіць у цяжкаватае, няёмкае або смешнае становішча’. Слова просак перакладаецца на беларускую мову як сіл?о. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (Мн., 1982. Т.5. Кн.1. С. 132) гаворыцца: Сілo — 1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін; 2. Перан. Тое, што пазбаўляе волі; пастка: Толькі ўвосень Агата зразумела, што патрапіла ў сіло, пастаўленае гэтым чалавекам.
Рускаму фразеалагізму ў роднай мове адпавядаюць словы трапіць у няёмкае становішча, укляпацца, ашукацца, а таксама ўстойлівыя выразы трапіць у пераплёт, заходзіць у тупік, папасціся ў нерат (ні ўзад ні ўперад).
У рускай мове просак — прадзільня, канатны станок вялікага памеру. Патрапіць у яго падчас пляцення вяровак было даволі небяспечна, недарэчна і бязглузда. Лічылася, што толькі разяваты чалавек мог не заўважыць скручваемых на станку вяровак. Раней сустракаліся і выразы будешь в просаке, попался в преизрядный просак. Аднак як толькі слова стала гістарызмам (не стала такіх станкоў), спалучэнне в просак перайшло ў прыслоўе, якое пішацца разам, і сёння выкарыстоўваецца ў рускай мове толькі ва ўстолівым выразе попасть впросак.
Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце на e-mail irina@ng.by ці на паштовы адрас рэдакцыі.