Шмат добрых слоў, віншаванняў прагучала ў зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, калі адзначаліся 30-я ўгодкі з часу выдання часопіса “Роднае слова”
28.02.2018 12:06:32
Слову роднаму прывольна было на гэты раз у акадэмічным асяродку: бо ўсе выступоўцы на ўрачыстасці прыгожа мовілі па-беларуску. А гасцей багата было: акадэмікі, прафесары, пісьменнікі, педагогі... Для тых, хто працуе на ніве роднае мовы, хто спрычыніўся да лёсу “Роднага слова”-юбіляра, такое жывое і нязмушанае гучанне матчынай мовы — падарунак найлепшы. Ужо 30 гадоў часопіс, ягоныя супрацоўнікі, шматлікія аўтары, чытачы разам падпітваюць моцнае сілавое поле Роднага Слова. Такая праца — надзвычай важная, бо роднае слова ўмацоўвае душу нацыі.
Зоя Падліпская (чацвёртая справа) і яе калегі
На юбілейным пасяджэнні ў Нацыянальнай акадэміі навук старшыня яе Прэзідыума Уладзімір Гусакоў адзначыў важкі ўнёсак “Роднага слова” ў захаванне трыдыцыйных каштоўнасцяў і станаўленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. А гэтаму ў розныя часы спрыялі апантаныя родным словам людзі, якіх цяпер называюць апосталамі мовазнаўства. Сярод іх Марыя Жыдовіч, Фёдар Янкоўскі, Міхась Цікоцкі, Міхась Шавыркін. Высокую ацэнку рабоце творчага калектыву выдання і яго аўтараў даў Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, таксама вялікі прыхільнік роднага слова.
“Роднае слова” — часопіс унікальны. Гэта навуковае і метадычнае выданне, у публікацыях якога набыткі нацыянальнай культуры гарманічна спалучаны з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Цяпер часопіс выдаецца на 96 старонках, у ім артыкулы падаюцца ў пяці асноўных раздзелах: “Літаратура і час”, “Мовы рысы непаўторныя”, “Методыка і вопыт”, “Калі закончыўся ўрок”, “Нацыянальная і сусветная культура”. У публікацыях адлюстроўваюцца найноўшыя дасягненні сучаснай навукі ў галінах філалогіі, педагогікі, культуралогіі, мастацтвазнаўства. Сярод аўтараў “РС” не толькі прадстаўнікі айчыннай навукі, але і вучоныя Расіі, Украіны, Казахстана. Са старонак выдання свой голас падаюць нават маладыя даследчыкі з Кітая. Сярод найбольшых рупліўцаў — вядомы мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук Алесь Каўрус, артыкулы якога змешчаны больш чым у сотні нумароў часопіса. Варта яшчэ згадаць вучоных-мовазнаўцаў Паўла Сцяцко, Аляксандра Лукашанца, Віктара Іўчанкава, Мікалая Прыгодзіча, Васіля Рагаўцова, Ніну Гаўрош, Дзмітрыя Паўлаўца, Юрыя Бабіча, Алену Багамолаву, літаратуразнаўцаў Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Бельскага, Эмануіла Ёфе, Галіну Адамовіч, Міколу Труса, Віктара Жыбуля, культуролагаў Тамару Габрусь, Людмілу Налівайку, Яўгена Шунейку, Ганну Барвенаву ды іншых.
Казалі яшчэ на ўрачыстасці педагогі, што часопіс для іх — своеасаблівая энцыклапедыя філалагічнай і педагагічнай думкі. На яго старонках дзеляцца напрацоўкамі найбольш дасведчаныя настаўнікі. Шмат увагі рэдакцыя надае публікацыям па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх — планы-канспекты ўрокаў, метадычны і дыдактычны матэрыял для правядзення заняткаў, заданні для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання, рэспубліканскіх алімпіяд… Настаўнікі дзякавалі стваральнікам часопіса і за метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы пераможцаў алімпіяд.
Такія падыходы ў працы з родным словам знаходзяць паразуменне і ў Мінадукацыі, і ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі: гэта заснавальнікі часопіса. Яны ўдзячны калектыву выдання за руплівасць на ніве роднага слова. Публікацыі ў часопісе, аўтарытэтныя меркаванні вядомых людзей пра літаратурны працэс — як арыенціры на шляху, да таго ж яны падвышаюць аўтарытэт мовы, літаратуры ў жыцці, развіцці беларускага грамадства. Дае свой плён і выдавецкая дзейнасць часопіса: дзякуючы яго супрацоўнікам выйшлі кнігі вядомых беларускіх вучоных, пісьменнікаў, даследчыкаў Алеся Бельскага, Міколы Труса, Анатоля Статкевіча-Чабаганава ды іншых.
У новым часе ёсць і новыя інфармацыйныя плыні. Але галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская гаварыла: папяровая версія выдання мае права на жыццё ўжо хаця б таму, што пры абароне дысертацый ВАК патрабуе пэўную колькасць публікацый якраз на папяровым носьбіце. А ўжо ёсць і электронны варыянт выдання, коштам пяць беларускіх рублёў за нумар. Як бачым, каб быць бліжэй да роднага слова, патрабуецца не так і многа.
Алена Стэльмах
Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка, 2018 у PDF