Прадаўцы, афіцыянты, ахоўнікі ў магазінах, адміністратары ў кафэ — усе гэтыя супрацоўнікі кожны дзень вымушаны мець зносіны з сотнямі людзей. У звычайным жыцці яны пэўна назавуць гэтую асаблівасць перавагай сваёй працы. Але што ім рабіць ва ўмовах пандэміі, калі ўсе імкнуцца засцерагчы сябе ад лішніх кантактаў? Улічваючы бягучую эпідэміялагічную абстаноўку, супрацоўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю дапрацавалі рэкамендацыі, якія дапамогуць мінімізаваць рызыку ўзнікнення і распаўсюджвання COVID-19 у галіне гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання.
Перашкода для віруса
У прэс-службе МАРГ карэспандэнту «Р» распавялі, што рэкамендацыі па мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання COVID-19 дапрацавалі, зыходзячы з эпідэміялагічнай абстаноўкі і прапаноў Міністэрства аховы здароўя. Яны, дарэчы, узгоднены з медыкамі і 29 мая адобраны на пасяджэнні калегіі МАРГ.
— Абноўленыя рэкамендацыі можна знайсці на сайце МАРГ у падраздзелах «Рэгуляванне гандлю» і «Рэгуляванне грамадскага харчавання» раздзела «Дзейнасць». Юрыдычным асобам і ІП, якія працуюць у галіне гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, раім уважліва ставіцца да бяспекі сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, кожны дзень праводзіць апытанне аб стане іх здароўя, забяспечыць усіх сродкамі індывідуальнай абароны, дэзынфектарамі для апрацоўкі рук, а таксама дадаткова выдаць пальчаткі тым, хто адпускае харчовыя прадукты і працуе з касавым апаратам.
Кіраўніцтва магазінаў, кафэ, рэстаранаў абавязана забяспечыць сродкамі індывідуальнай абароны ўсіх работнікаў, якія непасрэдна кантактуюць з людзьмі.
Некаторыя рэкамендацыі датычаць і бяспекі спажыўцоў. МАРГ раіць усе харчовыя прадукты прадаваць ва ўпакаваным выглядзе, рэгулярна праветрываць памяшканні, арганізаваць вільготную ўборку і дэзынфіцыраваць прадметы, якія выкарыстоўваюцца часта. Таксама ў Міністэрстве раяць нанесці спецыяльную разметку для дыстанцыявання пакупнікоў ля кас і па магчымасці ўсталяваць перад касамі ахоўныя экраны.
— Кіраўнікам раім кантраляваць выкарыстанне работнікамі індывідуальных сродкаў абароны і дэзынфектараў, а таксама пальчатак — супрацоўнікамі тых аддзелаў, дзе рэалізуюць харчовыя тавары, касірамі ў гандлёвых аб’ектах, у якіх рэалізуюцца нехарчовыя тавары, — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства. Там жа звярнулі ўвагу, што па нормах дзеючага заканадаўства гэтыя рэкамендацыі не носяць абавязковага характару. Аднак МАРГ разлічвае на высокі ўзровень культуры, сацыяльнай адказнасці і разуменне бізнес-супольнасці.
Сродкі індывідуальнай абароны павінны быць у кожнага супрацоўніка.
Падышлі адказна
Дарэчы, раней МАРГ ужо распрацоўвала «Патрабаванні да правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у перыяд рэгістрацыі выпадкаў інфекцыі COVID-19». Згодна з імі на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання кожную змену павінна праводзіцца вільготная ўборка санітарна-бытавых памяшканняў з выкарыстаннем дэзынфектараў. Кіраўніцтва магазінаў, кафэ, рэстаранаў таксама абавязана забяспечыць сродкамі індывідуальнай абароны ўсіх работнікаў, якія непасрэдна кантактуюць з людзьмі. Гэтыя ж правілы датычаць і арганізацый сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва.— Варта адзначыць, што многія гандлёвыя аб’екты ўжо прытрымліваюцца прапісаных МАРГ рэкамендацый. Мы звяртаем увагу, што наш бізнес і гандаль вельмі сацыяльна адказна падыходзяць да пытання прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, — рэзюмавала Вольга Галота, прэс-сакратар МАРГ.
glushko@sb.by