Генадзь Пашкоў – аб пошуках паэтычнага радка, каранях і ролі кнігі ў век інтэрнэта
24.03.2018 08:07:09
ГЕНАДЗЬ ПАШКОЎ — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў паэтычнага пакалення, якія пачыналі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Толькі вершаваных зборнікаў ён выдаў звыш дзясятка. У тым ліку “Кляновік”, “Дыстанцыя небяспекі”, “Маналог ля кастрышча”, “Журавінавы востраў”, “Тваім святлом благаславёны”, “Званы юнацтва”, “Зямлю слухаю”...
Менавіта любоў да роднай зямлі, імкненне глыбей спазнаць свой край, яго людзей — вызначальнае і галоўнае для пісьменніка. Незадоўга да 70-годдзя з дня нараджэння мы сустрэліся з Генадзем Пятровічам і пагутарылі аб жыцці і творчасці.
— Генадзь Пятровіч, вам давялося нямала перажыць, пабачыць. А што больш за ўсё прыходзіць зараз на ўспамін?
— Мясціны, дзе правёў дзяцінства і юнацтва, бацькі. Найперш, згадваю маці Марыю Харытонаўну, якая закончыла Полацкае педвучылішча і працавала ў вясковай школе ў тых мясцінах. Калі пачалася Вялікая Айчынная, бацька пайшоў на вайну, і маці засталася з двума маленькімі дзецьмі: маім братам Эдзікам і сястрой Галяй. Аднойчы падчас жорсткіх баёў вяскоўцы хаваліся ў балоце. Сярод іх і маці з Галяй, якую ўвесь час трымала на руках. Дзед Трафім застаўся дома з маленькім Эдзікам: маўляў, старому і малому нічога не зробяць. А калі вярнулася дахаты, убачыла свайго свёкра з прастрэленай галавой, ля якога поўзаў заплаканы хлопчык. Ён так і не выжыў. Пасля вайны нарадзіліся мая сястра Валя і я — самы малодшы. Жылі мы тады ў вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна. Неўзабаве пераехалі на Гродзеншчыну, у Смаргонскі раён, дзе маці была запатрабавана як настаўніца. Пасяліліся на хутары ля вёскі Войстам, тут прайшло маё дзяцінства і, па сутнасці, юнацтва. Было хаце гадоў сто, а мо, і дзвесце, бо купіла яе маці за адну зарплату. Пакуль печка палілася — было цёпла, а як пераставала — пачынаўся неймаверны холад. Электрычнасці не было. Ніхто яе на хутар не правёў, і ўрокі школьныя часцей рабіў пры лямпе. Тым не менш гэта былі самыя светлыя і шчаслівыя гады ў маім жыцці. Закончыў журфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна, працаваў на радыё, у часопісах “Полымя”, “Тэатральная Беларусь”, “Цэнтральнай газеце”, выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”.
— У вашай біяграфіі ёсць такі факт, які нават дасведчанаму чалавеку неймаверна цяжка вытлумачыць: яшчэ падчас вучобы, дзесьці ў восьмым класе, вы прасіліся ў райваенкамаце добраахвотнікам у В’етнам…
— Было такое. Начытаўшыся кніг пра інтэрнацыяналістаў, напісаў адпаведную заяву. Райваенкам падзякаваў мне за патрыятызм, аднак пажадаў спачатку закончыць школу, а потым паступіць у ваеннае вучылішча ці вышэйшую навучальную ўстанову. Думка стаць ваенным не пакідала пасля адной трагічнай падзеі. Сябраваў я тады з Эдзікам Пастарнакам. Ён быў старэйшы за мяне, рос без бацькі. І вось аднойчы летам клічу яго на рэчку рыбу лавіць. Толькі адышлі мы трохі ад хаты, як раптам бачым: самалёт ляціць, а за ім шлейф дыму з агнём цягнецца. Робіць адзін круг, другі, выбіраючы, відаць, дзе прызямліцца, а вакол узгоркі, балота, а на адзіным роўным полі жанчыны лён полюць. Самалёт тым часам пачаў рэзка зніжацца, зачапіўся за сухую бярэзіну і — магутны выбух, нешта вялізнае праляцела над галовамі. Мы, аглушаныя, кінуліся на месца падзення і ўбачылі абломкі, глыбокую канаву на паўсотню метраў... Увесь экіпаж, чатыры чалавекі, загінулі. Мяне надта ўразіў подзвіг лётчыкаў, якія ахвяравалі сабой дзеля жыцця людзей, што знаходзіліся на полі. Пра гэта я напісаў пазней паэму-баладу “Чырвоныя жаваранкі”. А ў 1977 годзе пабачыў свет мой першы паэтычны зборнік “Кляновік”. Такім чынам, паэзія перамагла. Я не стаў ваенным.
— Дарэчы, народны пісьменнік Беларусі Пімен Панчанка, маючы на ўвазе ваш паэтычны дэбют, напісаў у “Комсомольской правде”: “Ён (Пашкоў) увайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Усе заўважылі яго звонкі, чысты голас, поўны захаплення цяжкім і складаным, але такім цудоўным жыццём”. Генадзь Пятровіч, а каго вы маглі б назваць дарадцам і настаўнікам у сваім творчым станаўленні?
— Вядомага паэта Алега Лойку, які вёў літаратурны гурток “Узлёт”. Ён аб’ядноўваў у творчую сябрыну такіх у будучым цікавых паэтаў, як Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Мар’ян Дукса, Алена Руцкая, Віктар Ярац, Эдуард Зубрыцкі. Не магу не згадаць выдатнага паэта Анатоля Вялюгіна, які лічыцца паэтычным бацькам вялікай плеяды беларускіх майстроў слова. Дарэчы, з Анатолем Сцяпанавічам мне пашчасціла працяглы час працаваць у часопісе “Полымя” побач з такімі знакамітымі пісьменнікамі, як Кастусь Кірэенка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Іван Пташнікаў, Аляксей Русецкі, Генадзь Кляўко, Рыгор Шкраба. Знаходзіцца побач з такімі творцамі — лепшы падарунак і школа для маладога літаратара.
— А як здарылася, што ў дваццаць чатыры гады, нечуваны факт, вы сталі загадчыкам рэдакцыі “Полымя” — галоўнага літаратурнага часопіса Беларусі?
— Гэта была даволі ўмоўная пасада. Па сутнасці ж я быў літсупрацоўнікам на два аддзелы. З аднаго боку, аддзел паэзіі, які ўзначальваў класік Анатоль Вялюгін, а з другога — аддзел нарыса і публіцыстыкі, якім кіраваў Іван Чыгрынаў. Тады ён пісаў якраз свой вядомы раман “Плач перапёлкі”. На той час я быў сапраўды самым маладым супрацоўнікам “Полымя” за ўсе 50 гадоў яго існавання. А як трапіў у калектыў? Справа ў тым, што ў газеце “Правда” быў надрукаваны агляд таго, як літаратурныя часопісы Саюза адлюстроўваюць рабочую тэматыку. І сярод тых, хто робіць гэта дрэнна, называлася і “Полымя”. Вось мяне і паклікалі з радыё, дзе я арганізоўваў нарысы пра рабочых, падымаць гэту тэму ў “Полымі”.
— І як спраўляліся?
— Гэтай тэматыкай займаліся тады хіба толькі Валянцін Мыслявец і малады пісьменнік Іван Канановіч. Прыйшлося і мне асвойваць. Напісаў нарыс “На перавале” пра будоўлю шыннага камбіната ў Бабруйску, потым пра вельмі цікавага чалавека, франтавіка, які працаваў на заводзе, і ў выніку выйшла кніжка з дужа ўзнёслай па сённяшнім дні назвай “Будзень як свята”. А незадоўга да гэтага пабачыла свет і мая першая паэтычная кніга “Кляновік”. Такім чынам, я адначасова выступіў і як паэт, і як публіцыст.
— У сваіх публіцыстычных творах вы не абышлі і вёску. Маю на ўвазе кнігу “Палескія вандроўнікі”.
— Тут гісторыя такая. У мяне на лецішчы па суседстве хата сына і нявесткі палачаніна Тараса Хадкевіча. І вось аднойчы бачу праз акно, як выцягвае Лявон, сын Хадкевіча, пакунак вялікі, расцілае яго на ўвесь падворак і падключае электрычную помпу — і ўвачавідкі вырастае плавучы сродак. Згадваю, што і ў мяне такая штуковіна ёсць: некалі мой родзіч з Калінінграда, штурман, падарыў плыт, надзіманы, выратавальны, аранжавага колеру. Таму і кажу суседу: “Лявон, у мяне таксама ёсць гэтакая ж пасудзіна”. — “На маім плыце, — кажа, — сам Уладзімір Караткевіч рабіў падарожжа. Нават зорачкі на борце намаляваныя, кожныя 100 кіламетраў пазначаныя”. — “Тарасавіч, — спакушаю яго, — а давай мы ў гонар Караткевіча зробім падарожжа, па той жа Прыпяці”. Падабралася прыстойная брыгада хлопцаў. А калі даведаліся на радыё, што я еду ў такое ж падарожжа, то надавалі заданняў. І вось там, дзе б мы ні спыняліся на Прыпяці, хлопцы рыбу ловяць, а я з магнітафонам у вёску. З людзьмі гутару: сялянамі, рыбакамі, паромшчыкамі. І чаго яны толькі не парасказвалі, і якіх толькі песень не наспявалі! Больш чым на дзесяць серый радыёперадач набралася. Пасля лірычна-дакументальную радыёаповесць перапрацаваў у аднайменную кнігу “Палескія вандроўнікі”.
— Шмат гадоў вы аддалі, справядліва можна сказаць, тытанічнай працы ў якасці дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, у якім выйшла 18 тамоў універсальнай беларускай энцыклапедыі, а таксама шасцітомнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Празаік Васіль Шырко нагадаў, што некалі яму Іван Шамякін на гэты конт сказаў, што калі б Генадзь Пашкоў нічога не зрабіў у паэзіі, то ўсё адно быў бы варты павагі за плённую працу ў “Беларускай Энцыклапедыі”.
— Ствараць энцыклапедыю было вельмі і вельмі пачэсна. А калі ўлічыць, што пачаў гэту працу Пятрусь Броўка, а пасля прадоўжыў Іван Шамякін, і я быў ганараваны сядзець у іх кабінеце, то гэта да многага абавязвала. А ствараць энцыклапедычнае выданне такога кшталту ў пераломны час, калі мяняліся крытэрыі, погляды на шмат якія падзеі і факты, выключна цяжка і складана. Даволі зазначыць, што з развалам Савецкага Саюза перасталі выдавацца энцыклапедыі, па сутнасці, у большасці рэспублік былой супольнасці. Мы выжылі і развіваліся дзякуючы падтрымцы дзяржавы, якая ўсё робіць дзеля захавання, развіцця і ўмацавання нашага навуковага патэнцыялу.
— У такім разе дазвольце задаць нясціплае пытанне: як пры такой нагрузцы, маю на ўвазе не толькі работу ў “Беларускай Энцыклапедыі”, але і ў часопісе “Полымя”, і першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, вы яшчэ пісалі вершы, выдалі шэраг добрых паэтычных кніг?
— Я імкнуся размяжоўваць службовыя абавязкі і ўласную творчасць. Праўда, калі днём пашчыруеш на службе, то вечарам ужо не да творчасці. Аднак паэзія — такая штука, што нават сярод ночы нейкая іскрынка прамільгне — і спахопішся, каб запісаць радок. Таму ў мяне заўсёды ля падушкі нататнік і аловак.
— А як вы ставіцеся да таго, што, на думку многіх, кнігу пачынае выцясняць інтэрнэт?
— Мне балюча на ўсё гэта глядзець. Я працаваў у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя” амаль 14 гадоў і часта ездзіў на замежныя кірмашы: і ў Франкфурт-на-Майне ў Германіі, і ў Маскву, і ў Варшаву, і ў Ізраіль... Вось, напрыклад, кірмаш у Франкфурце-на-Майне. Яго за цэлы тыдзень не абыдзеш. Велізарнейшыя павільёны. З аднаго да другога патрэбна ехаць на аўтобусе. Увесь цывілізаваны свет імкнецца туды. І вось гэтыя ўспаміны не даюць падставы сумнявацца, што кнігі ўсё ж застануцца. Больш таго, убачыў дзесьці, што калі чытаеш кнігу, развіваецца фантазія. Калі ў аднаго мільярдэра спыталі пра сакрэт яго поспеху ў бізнесе, ён адказаў: “Я ў дзяцінстве не меў нічога: ні тэлевізара, ні камп’ютара. Я проста чытаў кнігі...” У мяне дома ёсць бібліятэка. Адчуваю ў ёй, нібыта ў храме: кожная кніга, кожнае слова выпраменьваюць энергію. “Халодны” інтэрнэт гэтага не заменіць.
— Генадзь Пятровіч, і апошняе пытанне. Як вядома, вы нарадзіліся ў вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна, дзяцінства і юнацтва правялі на Смаргоншчыне, шмат падарожнічалі па Беларусі, вельмі ўпадабалі цудоўны куточак ля вёскі Пліса, што на Глыбоччыне. Дзе ж у такім разе для вас малая радзіма?
— Беларусь, здаецца, такая невялічкая дзяржава, а паедзь на Віцебшчыну і паедзь на Гомельшчыну — гэта зусім іншыя краявіды: такая задумлівая строгая Віцебшчына і разняволена-пяшчотная Гомельшчына. Радзіма ёсць адна — вялікая. А складаецца яна якраз з маленькіх радзім. Там, дзе пабываў, прарастаеш душой да таго месца, да тых людзей, да ўсяго, што пачуў, што ўбачыў:
Да кожнай тканачкі
Я твой.
Твой боль — мой боль,
Сухмень ці лівень.
Прашу цябе, зямля,
дазволь
быць каласком
у роднай ніве.
saulich@bk.ru