В столичной библиотеке № 1 прошел памятный вечер поэта Миколы Шабовича
08.01.2024 17:36:00
Елена БАСИКИРСКАЯ
Больш за год няма разам з намі таленавітага пісьменніка і шчырага чалавека Міколы ШАБОВІЧА. Ён любіў жыццё, сваіх студэнтаў, калег па пяры. Не прапускаў амаль ніводнай творчай імпрэзы, ахвотна сустракаўся з чытачамі, многа публікаваўся ў літаратурных газетах і часопісах, у тым ліку ў нашай рубрыцы «Беларускі ручнік». Такое адчуванне, што даражыў кожнай хвілінай, стараючыся скарыстаць яе напоўніцу. Пры жыцці выдадзена дзевяць паэтычных кніг, напісаны сотні вершаў. Мікола Віктаравіч быў кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Памяць пра яго застаецца жывой.
Калегі па пяры, сябры і былыя вучні сабраліся ўшанаваць памяць Міколы Шабовіча.
Гэта пацвярджаюць літаратурныя вечарыны памяці, якія праходзяць у сталічных і рэгіянальных бібліятэках, школах у гонар Міколы Шабовіча. Адна з такіх днямі адбылася ў мінскай бібліятэцы № 1 імя Льва Талстога, дзе паэт пры жыцці не толькі часта выступаў, але і сябраваў з калектывам. На дзень па некалькі разоў мог заходзіць туды з ласункамі і цёплымі словамі. Акурат да дня нараджэння паэта тут прымеркавалі чарговую сустрэчу: сабраліся яго калегі па пяры, студэнты, удзячныя чытачы.
Сказалі многа добрых слоў, гучалі ўспаміны. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў засведчыў багатую творчую спадчыну майстра: Мікола Шабовіч стварыў у літаратуры столькі, што хопіць для натхнення многіх пакаленняў. Ёсць рукапісы, што засталіся неапублікаванымі, наша задача — захаваць іх, паказаць шырокай грамадскасці.
Вядомы пісьменнік Анатоль Аўруцін прыгадаў, як пазнаёміліся яны з Міколам Шабовічам у 1980 годзе на семінары творчай моладзі:
— Гэта быў 23-гадовы ўсмешлівы хлопец анёльскай прыгажосці, у якога імгненна закахаліся прысутныя дзяўчаты. Сябравалі мы з Міколам 40 гадоў. Ён многа перакладаў маіх вершаў на беларускую мову, а я паводле яго — на рускую. Лічу: у сапраўднай паэзіі тайна і прароцтва. І ў вершах Шабовіча гэта ёсць.
Які б за мной радзіма паўтарыла,
Які б у спёку свежа халадзіў,
На літаратурную сустрэчу завітаў зямляк паэта, яго калега па пяры Аляксандр Быкаў, які заўсёды адчуваў падтрымку ў творчасці:
— Хоць Мікола Шабовіч за мяне маладзейшы, але ў паэзіі больш вопытны. Таму заўсёды настаўляў мяне, падштурхнуў да выдання першай кніжкі, з якой я і ўступіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рэдагаваў мае зборнікі. Не, не перапісваў, а падказваў, дзе трэба ўдасканаліць, узмацніць, дапрацаваць. Мы размаўлялі ў апошні для яго дзень. «Ну вось, Саша, і прайшло жыццё», — сказаў Мікола па тэлефоне.
Пайшоў з жыцця Мікола Шабовіч у лістападзе 2021-га праз сумна вядомы каронавірус. Паэту было крыху за 60… Зусім нямнога, але за гэты час ён паспеў зрабіць столькі дабра, так паяднацца душой са сваімі сябрамі і вучнямі, што тыя яго запомняць назаўсёды. На імпрэзу завіталі і выхаванцы, студэнты, якіх Мікола Віктаравіч вучыў светламу, вечнаму — паэзіі, сакавітай беларускай мове, а галоўнае — быць добрымі, сумленнымі людзьмі.
Табе мой ціхі верш, сыноўні мой паклон.
Я тут прыйшоў на свет, я тут кахаў і марыў.
Бацькоўская зямля, ты сноў маіх палон.
Тут мой нясмелы крок і першае прызнанне,
Тут лёгка мне заўжды пад мамiным крылом.
Спяшаюся сюды на шчырае спатканне
У БДПУ імя Максіма Танка Міколу Шабовіча называлі паляўнічым за талентамі. Прыходзячы ў новую групу, найперш пытаўся: «Вершы пішаш? Песні спяваеш?» Многім студэнтам ён даў зялёнае святло па дарозе ў цікавы літаратурны свет, рэкамендаваў на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, рэдагаваў зборнікі.
Па шчырасці, я таксама да Міколы Шабовіча вялікую ласку маю. Менавіта ён падтрымаў мае паэтычныя схільнасці і адвёў у Дом літаратара. Для студэнткі-чацвёртакурсніцы БДПУ імя Максіма Танка гэта было жаданай удачай, вялікім авансам у дасягненні творчых вышынь. Мікола Віктаравіч стаў рэдактарам майго зборніка, з якім уступала ў пісьменніцкую арганізацыю. А зараз, калі вершы сталі для мяне другой натурай, прыгадваю свайго настаўніка з вялікай удзячнасцю, бо ўсе гэтыя творы пайшлі з яго лёгкай рукі.
Прапануем вашай увазе падборку вершаў Міколы Шабовіча, якую ён дасылаў для рубрыкі «Беларускі ручнік»
Забыць ніколі не змагу —
Пяшчотны дожджык басаногі,
Вясёлкі вабную дугу,
Світанак песенна-шпачыны,
Сцяжынку ў срэбранай расе.
Яны — як згадка аб Айчыне,
Дзівоснай, велічнай красе.
Я з ёй — ад вечара да рання,
Я з ёй — ад рання да цямна.
Яна — і радасць, і адхланне,
Мой боль і горкая віна.
* * *
А я радзіме верш ці нарадзіў,
Які б за мной радзіма паўтарыла,
Які б у спёку свежа халадзіў,
А ў сцюжу грэў пяшчотна-цеплакрыла?..
А я радзіме верш ці нарадзіў?
А я радзімы клопатамі жыў?
Ці стаў хоць словам нарачанскай песні?
Ну што з таго, што ў Мінску я тужыў
І ўспамінаў зімой ці напрадвесні?..
А я радзімы клопатамі жыў?
А я з радзімай паяднаў свой лёс?..
Нібы не свой хаджу я па Нароччы,
І ад зялёнай замеці бяроз
Трапеча сэрца і слязеюць вочы...
А я з радзімай паяднаў свой лёс?
* * *
Няхай на сэрцы сум-туга,
А ты ўсміхніся.
Яшчэ бяжыць твая сцяга,
І сонца — ў высі.
Адно не трэба сумаваць —
Прытым дачасна —
І аб нязбытым шкадаваць,
Аб светла-шчасным,
Што столькі год ружовіць сны,
Салодзіць мары.
Зірні: з далечнай сінізны
Святло — праз хмары...
Пакуль жыццёвую сцягу
Яскравяць высі,
Не прыручай сваю тугу.
Лепш — усміхніся!
* * *
Якія песні ні спявай,
Якому богу ні маліся,
Калі ўжо сказана: «Бывай!» —
Вярнуць былое не імкніся.
І як ты час спыніць ні мар
Пад споведзь дзён звонкагалосых, —
Гадоў жыццёвы каляндар
Даўно ўжо складзены ў нябёсах.
Нам толькі мары спеліць-грэць,
Свае патолячы прывычкі,
І ўслед за зоркаю гарэць,
І растварыцца ўслед за знічкай...
Фото предоставлены организаторами вечера памяти.