Новую лаўку-пякарню, што з’явілася на вядомым мінскім рынку, адкрылі хлебапёкі з Таджыкістана
13.10.2017 18:39:03
Адразу відаць: маладыя хлопцы, што адкрылі яе, маюць жаданне развіваць традыцыі роднай нацыянальнай кухні ў Беларусі. “Мы прыехалі з Таджыкістана ў гэтым годзе, і нам тут спадабалася, — з бляскам у вачах распавядае Рустам. — Беларусь — краіна гасцінная і спакойная. Тут вельмі добразычлівыя людзі, якія не баяцца людзей іншай нацыянальнасці, веры. Мы вырашылі паспрабаваць сябе ў хлебапякарным бізнэсе, бо самі — прафесійныя пекары са стажам. А хлеб — гэта наша галоўная ежа. У мяне на радзіме з хлебам ядуць усё: ад плову да мантаў. Вось нам і хочацца самім не забываць пра смак хлеба нашай краіны, даць магчымасць і беларусам яго есці”.
Хлебапякарны цэх — прама ў самой Камароўцы. Паназіраць, як там што робіцца, можна не адыходзячы ад прылаўка. Працуюць тры чалавекі, усё ў іх рухах акуратна і даклада. Адзін пекар уручную замешвае цеста, другі надае форму выпечцы і наносіць малюнак на сярэдзіну ляпёшкі, трэці з дапамогай адмысловай “падушкі” яе накідвае на сценкі гарачай печы-тандыра. Іх у пякарні дзве. “Гэта ўнікальныя печы: мы іх адмыслова замаўлялі ў Таджыкістане, — у перапынках між закладкамі ў печ аладак працягвае Рустам. — Каштуюць досыць дорага, бо робяць іх уручную з высакаякаснага натуральнага матэрыялу. Затое сапраўдныя, пышныя аладкі, якія рабілі й нашы прабабулі, атрымліваюцца толькі ў такіх печах. Хлеб наш выпякаецца вельмі хутка, бо тэмпература ўсярэдзіне печы амаль 300 градусаў”.
Мы доўга яшчэ размаўлялі. Ад працавітых, усмешлівых хлопцаў я даведалася: дзе жывуць у Мінску, хто іх бацькі, якія ў іх сем’і, пагаварылі таксама пра звычаі, традыцыі, надвор’е, прыроду. І нават беларускіх дзяўчат... Яны былі настолькі адкрытыя і чыстыя, настолькі прасякнуты глыбіннай, прыроднай дабрынёй, хоць я была з імі практычна не знаёмая, што я раптам падумала: хлеб — гэта ж не толькі неабходны прадукт у нашым рацыёне. Гэта і сродак зносінаў паміж людзьмі, гэткая “смакавая дыпламатыя”, гэта ўнікальнае вынаходства, якое не прызнае межаў і моўных бар’ераў. Гэта заўсёды святло, гэта само жыццё... У шырокім яго разуменні. І дзякуючы такім “хлебным” хлопцам, якія прыязджаюць да нас з іншых краін, і далёкі, экзатычны свет становіцца для нас трохі бліжэйшым.
Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF