На территории Гольшанского замка открылись музейная экспозиция и визит-центр
14.05.2021 15:09:09
Гальшанскі замак, пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, лічыўся адным з самых прыгожых на тэрыторыі ВКЛ. За сваю гісторыю ён неаднаразова разбураўся, перабудоўваўся, змяняў знешні выгляд. Да пачатку Першай сусветнай вайны ў замку яшчэ жылі людзі, а пасля Вялікай Айчыннай ад былога велічнага будынка засталіся адны руіны. Нягледзячы на ўбогі выгляд, Гальшанскі замак прадоўжыў прыцягваць да сябе людзей. Турысты з розных куткоў краіны і замежжа прыязджалі ў Ашмянскі раён, каб натхніцца рэшткамі былога замка і адчуць рамантыку мінулых гадоў.
Нарэшце ў аматараў даўніны з'явілася нешта большае, чым проста руіны. Некалькі гадоў таму была распачата рэстаўрацыя Гальшанскага замка. На мінулым тыдні прэзентавалі яе вынікі. Галоўнае дасягненне — адноўленая Паўночная вежа, у якой размясцілася музейная экспазіцыя. У кожнага яруса вежы — свая канцэпцыя. Падвальны паверх расказвае пра легенды Ашмянскага краю. Экспазіцыя яшчэ на адным паверсе дэманструе артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў замка і наваколля. Перанесціся ў часе дапамагае парадная зала з камінам, узноўленым па тэхналогіі XVII стагоддзя. А аглядальная пляцоўка, якая размясцілася на апошнім ярусе, дазваляе ўбачыць панараму мястэчка. Для зручнасці турыстаў адкрыты і візіт-цэнтр, дзе можна набыць сувеніры ад мясцовых майстроў і заказаць экскурсійнае суправаджэнне.
mila@sb.by
Фото БЕЛТА