Бясспрэчны фаварыт сярод сёлетніх намінантаў на прэмію “Оскар” — мюзікл “Ла-Ла Лэнд”
10.02.2017 15:08:51
За званне найлепшага фільма паспаборнічаюць таксама карціны “Леў” Гарта Дэвіса, “Манчэстэр ля мора” Кенета Лонергана, “Агароджы” Дэнзела Вашынгтона, “Па меркаваннях сумлення” Мэла Гібсана, “Любой цаной” Дэвіда Макензі, “Схаваныя фігуры” Тэадора Мэлфі, “Прыбыццё” Дэні Вільнёва. Сярод намінантаў на прэмію “Оскар” у намінацыі “Найлепшая рэжысура” 32-гадовы рэжысёр “Ла-Ла Лэнд” Дэм’ен Шазэл, Дэні Вільнёў (“Прыбыццё”), Мэл Гібсан (“Па меркаваннях сумлення”), Бары Джэнкінс (“Месяцовае святло”), Кенет Лонерган (“Манчэстэр ля мора”).
Статуэтка ў намінацыі “Найлепшая мужчынская роля” можа дастацца Кейсі Афлеку (“Манчэстэр ля мора”), Эндру Гарфілду (“Па меркаваннях сумлення”), Раяну Гослінгу (“Ла-Ла Лэнд”), Вігу Мортэнсену (“Капітан Фантасцік”), Дэнзелу Вашынгтону (“Агароджы”). У аналагічнай намінацыі сярод жанчын будуць змагацца Ізабэль Юпер (“Яна”), Наталі Портман (“Джэкі”), Рут Нега (“Кахаць”), Эма Стоўн (“Ла-Ла Лэнд”) і Мэрыл Стрып (“Флорэнс Фостэр Джэнкінс”). Найлепшай замежнай стужкай могуць стаць “Мая зямля” (Данія), “Другое жыццё Уве” (Швецыя), “Коміваяжор” (Іран), аўстралійская стужка “Тана” і нямецкая “Тоні Эрдман”. На жаль, фільм “Рай” расійскага рэжысёра Андрэя Канчалоўскага пазбавілі магчымасці пазмагацца за “Оскар” у гэтай намінацыі.