Па Крупіцы ўсе 15 кiламетраў
05.12.2019 07:30:00
Владимир СУББОТ
Амаль чвэрць стагоддзя як Марына Шмаргун пераехала са сталіцы да бабулі Алены Козыравай у прыгарадную вёску Пяцеўшчына. Выйшла замуж за мясцовага жыхара. Бацькі мужа Зінаіда Аляксандраўна і Генадзь Сцяпанавіч прынялі маладых у свой дом. Працавалі яны ў гаспадарцы. Маці даіла кароў, а бацька да выхаду на пенсію быў слесарам у рамонтнай майстэрні.
Бацькі дапамаглі маладой сям'і пабудаваць уласны дом. Справілі наваселле. Адзначылі і залатое вяселле Зінаіды Аляксандраўны і Генадзя Сцяпанавіча. Запрасілі сваякоў і сяброў. Юбіляры апрануліся ў святочныя строі і на ўпрыгожаным легкавіку адправіліся ў сельвыканкам на ўрачыстую рэгістрацыю. Цудоўна адзначылі гэтую падзею.
Чатыры гады таму ў адзяленні паштовай сувязі Крупіца вызвалілася пасада паштальёна. Марына Шмаргун папоўніла калектыў, які ўзначальвае Ірына Ячэня. Абслугоўвае Марына Сяргееўна частку падворкаў аграгарадка і жыхароў вёскі Пяцеўшчына. Штодзённы маршрут яе перавышае 15 кіламетраў. Своечасова дастаўляе газеты, часопісы, грашовыя выплаты. Найбольш актыўныя падпісчыкі на перыядычныя выданні на яе ўчастку сям'я Зінаіды і Уладзіміра Ламакаў з вёскі Пяцеўшчына. Уладзімір Апанасавіч — адзіны на тэрыторыі сельсавета франтавік. Прайшоў ваеннымі шляхамі да Берліна. У свае дзевяноста гадоў не страціў цікавасці да прэсы.
Былая даярка Зінаіда Казакова з аграгарадка Крупіца шмат гадоў запар выпісвае «Сельскую газету». Неаднаразова журналісты нашага выдання расказвалі пра яе поспехі ў працы. Падпісчыкі нашага выдання і спецыялісты ААТ «Рапс».
Хочацца спадзявацца, што ў будучым годзе колькасць падпісчыкаў галоўнай аграрнай газеты рэспублікі ў аддзяленні паштовай сувязі Крупіца павялічыцца.
subbat50@mail.ru
Фота аўтара