Сапраўдныя сябры не заўсёды навідавоку, але заўжды ведаеш, што яны ёсць, — лічыць беларускі дзяржаўны дзеяч Аляксей Камай
28.03.2016 14:48:13
Сапраўдныя сябры не заўсёды навідавоку, але заўжды ведаеш, што яны ёсць, — лічыць беларускі дзяржаўны дзеяч Аляксей Камай
ВОСЕМДЗЕСЯТ гадоў таму ў апошні дзень сакавіка, што ў народзе называюць Аляксеем Цёплым і ў які звычайна пачыналі сеяць авёс, у сям’і кіраўскіх сялян Наталлі і Сцяпана Камай нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Аляксеем. Святар запісаў у царкоўнай кнізе з`яўленне немаўляці першым красавіком, і гэтая дата адзначана ў пашпарце савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Аляксея КАМАЯ. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі меў прапанову заняцца навукай, але размеркаваўся механікам у мсціслаўскі саўгас “Пісараўшчына”. За тры дзесяцігоддзі гаспадарчай, савецкай і партыйнай дзейнасці ўзняўся да другога сакратара ЦК Кампартыі Беларусі.
Аляксей Сцяпанавіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, Вярхоўнага Савета СССР, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. За працоўныя дасягненні ўзнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, шасцю медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, залатым і срэбраным медалямі ВДНГ СССР. Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, інвалід ЧАЭС. Ганаровы грамадзянін Быхаўскага і Краснапольскага раёнаў. Старшыня Савета Камуністычнай партыі Беларусі.
ПА ДАРОЗЕ на фінскую вайну не мог супакоіцца ад развітання з сям’ёю малады вясковец Сцяпан Камай. У вачах стаялі заплаканыя жонка Наталля з дачушкай Марыяй і шустранькі трохгадовы сынок Аляксейка.
Студэнт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Аляксей Камай на ваенных
вучэбных зборах. 1956 г. |
Пасля вызвалення тэрыторыі ад ворага разам з іншымі аднавяскоўцамі пайшоў на фронт. У адным з баёў, на захадзе Польшчы, атрымаў цяжкае раненне, і з палявога шпіталя яго камісавалі інвалідам. Разам з жонкаю ўзяліся даглядаць калгасную атару авечак. Дапамагалі дзеці. Цяжка жылося сям’і франтавога інваліда. Старэйшая дачка Марыя пасля пятага класа пайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму. Сын Аляксей вучыўся ў школе, а на канікулах пасвіў авечак, ноччу пільнаваў іх, каб ваўкі не ўскочылі ў кашару. Да заканчэння сярэдняй школы даглядаў з бацькамі жывёлу. І вучоба ладзілася. Маці настройвала кемлівага сына паступаць у медінстытут. Яна часта хварэла, і бацька пасля франтавых кантузіі і ранення кепска сябе адчуваў.
Матчын брат Павел Пракапенка запраўляў калгаснай кузняй. Яго сын Мікалай самавучкай засвойваў нескладаную сельгастэхніку. У жніво абслугоўваў малатарню. Заводзілася яна аднакантактным рухавіком, які часта псаваўся. Аляксей з сябрамі назіраў, як Мікалай хутка выпраўляў паломку. За вялікае шчасце было для юнака, калі стрыечны брат дазваляў паўдзельнічаць у рамонце.
ТЭХНІКА захапіла выпускніка Кіраўскай сярэдняй школы, і ён падаў дакументы на факультэт механізацыі працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. У той год дзевяць абітурыентаў прэтэндавала на адно месца. Аляксей Камай усе пяць уступных экзаменаў здаў выдатна і стаў студэнтам. І вучыўся без напругі. У вольны час асвойваў трубу ў гуртку духавых інструментаў.
Пасля датэрміновай здачы летняй сесіі за трэці курс пад гукі акадэмічнага духавога аркестра паўтары сотні будучых інжынераў па закліку камсамола адправіліся ў Акмалінскую вобласць Казахстана. Атабарыліся ў Кеймінскім раёне сярод стэпу ў фанерных вагончыках. Спалі на саламяных матрацах.
Збажыну ад камбайнаў вазілі на ваенных аўтамашынах за паўтысячы кіламетраў на чыгуначную станцыю. Аляксею Камаю даверылі «ЗІС-120». У дарогу кожны экіпаж забяспечваўся дзвюма бочкамі паліва. Калона ў паўсотні аўтамашын адпраўлялася праз стэп у рэйс.
Працаваў Аляксей і старшым камбайнерам. Сашчэплівалі два камбайны “Сталінец”, і трактар «С-80» цягаў іх па загонцы.
У сярэдзіне восені цаліннікі вярнуліся ў Горкі. Аляксей абнавіў свой небагаты гардэроб і дамоў прывёз амаль паўтары тоны пшаніцы. Бацька атрымаў яе ў Бабруйску. Хапіла для сваіх патрэбаў, з суседзямі падзяліліся і самагонкі выгналі. Уся вёска адзначала цалінны заробак Аляксея.
— Да выезду ў будаўнічы атрад я пазычаў у сяброў куртку на танцы, — жартуе Аляксей Камай. — А пасля вяртання з цаліны стала наадварот. Пад гукі духавога аркестра, у якім я іграў на трубе, знаёміліся з дзяўчатамі. Сваю нарачоную сустрэў у горацкім рэстаране, дзе кампаніяй адзначалі вяртанне з цаліны. Засядзеліся да закрыцця. Мяне як малодшага адправілі папоўніць стол закускай. Акенца на кухню ўжо зачынілі. Пастукаў, заслонка ўзнялася, і ўбачыў маладзенькіх дзяўчат. Перадаў ім просьбу кампаніі. Адна з кухарак мяне прысаромела, чаго дапазна ў рэстаране ашываюся. Назвала мяне зелянінай няшчаснай. Вярнуўся да хлопцаў ні з чым. Праз нейкі момант з кухні выйшлі дзве дзяўчыны з падносамі і паставілі нам на стол талеркі духмяных катлет. Так я пазнаёміўся з выпускніцай Мінскага гандлёва-кулінарнага тэхнікума Надзеяй Сасноўскай, якую накіравалі поварам у Горкі. Па вечарах хадзілі ў кіно, не прапускалі танцаў на акадэмічным пятачку.
Перад заканчэннем вучобы мы пажаніліся і паехалі па размеркаванні на Мсціслаўшчыну. Наш сямейны саюз доўжыўся амаль паўвека. Надзея Іосіфаўна была цудоўнай жонкай, дбайнай гаспадыняй, пяшчотнай маці. Часта наведваліся да яе бацькоў Матроны Іванаўны і Іосіфа Іванавіча ва ўздзенскую вёску Замосце, што раскінулася каля вытокаў Нёмана. Вачэй не адарваць ад прыгажосці. У гэтых мясцінах на пагранзаставе перад вайною служылі браты Покрасы, якія сталі вядомымі савецкімі кампазітарамі-песеннікамі.
Прывабная і мая родная вёска Барсукі, дзе дамы патанаюць у садах. Прыязджалі сюды часта, але тут нас спасцігла вялікая бяда: трагічна загінула паўтарагадовая дачушка. Доўга не маглі апрытомнець.
НА размеркаванні дэкан факультэта Ігар Афанасьеў, які кіраваў дыпломным праектам, прапаноўваў застацца на кафедры, але я папрасіўся на вытворчасць. Усяго некалькі месяцаў пабыў механікам мсціслаўскага саўгаса “Пісараўшчына”, і прапанавалі ўзначаліць раённую камсамольскую арганізацыю. Гарэў у працы. У гонар 40-годдзя ЛКСМБ атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР.
— Гэта была першая прыступка да ордэна Леніна, які завяршае ваш узнагародны іканастас. Дзяржава адзначала вас за пэўныя дасягненні. Якія этапы жыцця найбольш запомніліся?
— Усё мне дорага і незабыўна. Дзевяць разоў сям’я пераязджала, і ніколі не чуў незадавальнення. У Мсціслаўлі сынок нарадзіўся, Аляксандр. У Бабруйску, куды мы двойчы вярталіся, дачушка Таццяна сям’ю папоўніла. Яшчэ і годзіка ёй не споўнілася, як трэба было збіраць чамаданы і пераязджаць у Краснаполле. Жонка хвалявалася. Гэты раён лічылі амаль што палітычнай ссылкай. Я быў кандыдатам у члены ЦК Кампартыі Беларусі. Пад вечар 30 снежня 1967 года з Бабруйска выклікалі тэрмінова на размову да Пятра Машэрава. Мяне сустрэў памочнік Віктар Крукаў, але нічога не паведаміў пра мэту сустрэчы. Не паспеў я адчыніць дзверы кабінета, а Пётр Міронавіч ужо крочыў насустрач. Узяў мяне за плечы і сказаў: ”Ну і добра. Паедзеш у Краснапольскі раён першым сакратаром”. На маё аднекванне, што не спраўлюся, з добрай усмешкай адзначыў, што тады здыме. І падкрэсліў, што кандыдатура абмеркавана, і застаецца пачынаць працу. Не больш як дзве хвіліны доўжылася сустрэча, і тут адчыніў дзверы першы сакратар Магілёўскага абкама партыі Глеб Крывулін. Машэраў адразу яму: “Глеб, забірай і вязі, каб не ўцёк. Ён выцягне раён”.
— Выцягнулі?
— Гэта людзі выцягнулі з маім удзелам. Амаль пяць гадоў кіраваў раёнам.
— І сям’ю адразу перавезлі?
— Жылля не было. Уладкаваўся ў невялікім пакойчыку ў гасцініцы. У Краснаполлі была майстэрня, дзе часалі воўну. З навакольных мясцін з клункамі прыязджалі і ў цеснай гасцініцы таўпіліся. Вечарамі прабіраўся праз гэты натоўп да свайго пакойчыка. З першых дзён стаў знаёміцца з гаспадаркамі раёна. Прыехаў на жывёлагадоўчую ферму, а там схуднелыя каровы на вяроўках трымаліся. Салому прэсавалі ў Вінніцкай і Ровенскай абласцях Украіны і чыгункай дастаўлялі на станцыю ў Крычаў, адкуль аўтамашынамі па бездарожжы везлі на фермы. Пасля вайны ў раён прыязджаў Кірыла Арлоўскі, і ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз сказаў, што ўсе, хто тут жыве, вартыя медалёў. Прапанаваў тэрыторыю раёна лесам засадзіць.
Нам удалося павярнуць сітуацыю. З улікам асаблівасцяў распрацавалі структуру пасяўных плошчаў. Стаўку зрабілі на вырошчванне бульбы звеннявым спосабам. Акультурылі і засеялі злакавымі травамі пашы. У гаспадарках пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў. Абнавілі машынна-трактарны парк. Усё гэта выклікала працоўны ўздым у вяскоўцаў. За пяцігодку ў паўтара разы павялічылася валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі. Тройчы раён наведваў Пётр Машэраў. З’явіліся першыя ардэнаносцы, а бульбаводы браты Юлій і Яўген Жлобы былі ўганараваны высокім званнем Герояў Сацыялістычнай Працы.
— Аляксей Сцяпанавіч, дзе вас застала чарнобыльская катастрофа?
— 1 красавіка 1986 года мяне выбралі першым сакратаром Гомельскага абкама партыі. Перад гэтым тры гады кіраваў Гомельскім аблвыканкамам.
За паўгода да чарнобыльскага выбуху мы правялі пасяджэнне штаба грамадзянскай абароны з удзелам прадстаўнікоў кіруючых органаў рэспублікі. Запрасілі і суседзяў з Украіны. Адпрацоўвалі мерапрыемствы пры тэхнагеннай аварыі і заключылі дамову паміж Гомельскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцямі на выпадак такой катастрофы, дзе ўказвалася на аператыўнае інфармаванне аб здарэнні.
Пасля чарнобыльскага выбуху пра гэта забыліся. Ні Масква, ні Кіеў нам аніякай інфармацыі ў першыя дні пасля страшэннага здарэння не давалі. А сёмай гадзіне раніцы 26 красавіка мне патэлефанаваў першы сакратар Брагінскага райкама партыі Георгій Панькоў і паведаміў, што ў Брагін бацькам Ігнаценкі паступіў сігнал пра апраменьванне сына, які ноччу тушыў пажар на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Я звязаўся па тэлефоне з Рэспубліканскім штабам грамадзянскай абароны і пацікавіўся, што чуваць, і ў адказ пачуў, што ў іх няма ніякай інфармацыі. А восьмай гадзіне раніцы патэлефанаваў старшыню СМ БССР Міхаілу Кавалёву і пачуў, што нешта здарылася, але пра маштабы пакуль нічога невядома. Патурбаваў першага сакратара ЦК КПБ Мікалая Слюнькова, і ён пацвердзіў, што адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі і фарміруецца дэсант вучоных і спецыялістаў, якія паедуць вывучаць сітуацыю.
— Вам ніякіх распараджэнняў не паступала?
— Каб пераканацца ў маштабах трагедыі, вырашыў самастойна тут жа вылецець верталётам у Брагінскі раён. За вёскай Савічы верталётчыку з ваеннага штаба паступіла забарона ляцець далей. Ён дыспетчарам патлумачыў, што на борце першы сакратар абкама партыі, а яму адназначны загад вяртацца назад. Прызямліліся ў Брагіне, дзе па тэлефоне Мікалай Слюнькоў паведаміў, што група спецыялістаў на чале з Васілём Несцярэнкам выехала на месца аварыі.
— Той красавіцкі дзень быў цёплым і сонечным...
— На палях гаспадарак, што знаходзіліся паблізу атамнай станцыі, вялася сяўба. Афіцыйнай інфармацыі з Масквы не паступала. Увечары 27 красавіка самастойна прынялі рашэнне спыніць палявыя работы і з населеных пунктаў Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў аператыўна вывозіць дзяцей, цяжарных жанчын і размяшчаць у піянерскіх лагерах Лоеўскага, Рэчыцкага, Калінкавіцкага раёнаў аж да Петрыкава.
29 красавіка, 1 і 2 мая 1986 года Гомель наведваў Мікалай Слюнькоў, і адразу пачалі абмяркоўваць, як узаконіць адсяленне людзей, што рабіць далей. Аператыўна распрацавалі праграму дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі. Мікалай Мікітавіч з майго кабінета вёў настойлівыя перамовы са старшынёю ўрада СССР Мікалаем Рыжковым, які знаходзіўся ў Чарнобылі.
На месцы прымалі рашэнні, як наладзіць працу на жывёлагадоўчых фермах, дзе прайшло адсяленне, як вырашаць іншыя гаспадарчыя праблемы. Масква не давала інфармацыі пра маштабы трагедыі. Толькі 3 мая была прынята пастанова ўрада СССР аб адсяленні людзей, а мы ўжо значную частку вяскоўцаў адсялілі. Да 5 мая з забруджаных радыяцыяй тэрыторый вывезлі 22 тысячы чалавек. За перыяд адсялення аздараўлівацца ў розныя рэгіёны СССР адправілі з Гомельшчыны амаль 140 тысяч дзяцей. У некаторыя дні на чыгуначную станцыю Гомель пастаўлялася да 25 вагонаў, і дзеці з педагогамі і медыкамі выязджалі на аздараўленне.
— Помніцца, якое напружанне панавала, асабліва ў прылягаючых раёнах. Сітуацыя складалася трагічная.
— На вечар 6 мая было прызначана пасяджэнне бюро ЦК КПБ. Мне паведамілі, што павінен быць. Верталётам прыляцеў у Мінск. Спецыялісты Рэспубліканскага штаба грамадзянскай абароны вывесілі карты мясцовасці і адзначалі: калі не наладзіць ахалоджванне рэактара, могуць знікнуць Гомель, Бабруйск, Жлобін, Чарнігаў і вельмі пацерпяць Мінск і Кіеў. Па разліках вучоных, новы выбух мог адбыцца 7—8 мая. У раёны перадалі каманду скласці архіўныя дакументы ў сховішчы. Сярод насельніцтва ўзмацнялася напружанасць.
Перад Днём Перамогі планавалася правесці святочныя пасяджэнні. 8 мая пасля абеду патэлефанаваў Ягор Лігачоў і паведаміў, што ўдалося падвесці вадкі азот да рэактара і прыпынена павышэнне тэмпературы. Пагроза выбуху адведзена. Дадаў, каб спакойна праводзілі мерапрыемства. На адкрыцці яго з залы хтосьці са злосцю выкрыкнуў: нас сабраў, а сям`ю сваю ўжо вывез. Тады я папрасіў жонку Надзею Іосіфаўну і Людмілу Іванаўну, жонку старшыні аблвыканкама Аляксандра Грахоўскага, устаць. Усталявалася цішыня. Мая сям’я ўвесь гэты перыяд была разам са мною ў Гомелі.
Пачалося будаўніцтва жылых пасёлкаў. Перасяленцам выплачвалі кампенсацыю за пакінутую маёмасць. Міністр фінансаў рэспублікі Баляслаў Шаціла параіў падумаць, як дакументальна аформіць гэты працэс. Распрацавалі дакумент, дзе ўказваўся арыентыровачны кошт ацэненай маёмасці і ставіўся подпіс гаспадара. Гэта дало магчымасць пазбегнуць праблем у будучыні. Копіі дакументаў атрымалі кіраўнікі раёнаў і некаторых абласных структур. Да сённяшняга дня захоўваю арыгіналы ў сваім архіве.
З кіраўнікамі будаўнічых арганізацый пастаянна трымалі на кантролі ўзвядзенне новых пасёлкаў. Работа на аб’ектах вялася круглыя суткі. За кароткі тэрмін перасяленцаў забяспечылі новым жыллём. Дамоў вяртаўся стомлены маральна і фізічна. Дзяліўся з жонкаю звесткамі пра крытычную сітуацыю на рэактары, і яна адказвала: што ўсім, тое і нам будзе.
— Пасля паездак у зону свой стан здароўя правяралі?
— Не было калі пра гэта думаць. Цяпер я інвалід другой групы. Адчуваю вынікі радыяцыйнай нагрузкі на арганізм. Другі раз кардыястымулятар замянілі, хадзіць цяжкавата. Такая выпала доля, але не шкадую, бо ведаю, што па ліквідацыі наступстваў аварыі зроблена амаль немагчымае: пачынаючы ад аператыўнага адсялення людзей да распрацоўкі і рэалізацыі Дзяржаўных праграм па мінімізацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
— Як вы адстойвалі свае пазіцыі?
— Калі да нечага крочыш, то спачатку трэба вывучыць праблему. Міністр аховы здароўя рэспублікі Мікалай Саўчанка заявіў, што пасля катастрофы востра паўстала праблема забеспячэння Гомельшчыны медыцынскімі спецыялістамі. Узнікла неабходнасць адкрыць у Гомелі медінстытут. Старшыня СМ БССР Міхаіл Кавалёў лічыў, што гэта немагчыма. Так склалася, што праз нейкі час давялося разам з Мікалаем Рыжковым ехаць у аўтамабілі па вобласці, і пасля наведвання забруджаных раёнаў звярнуўся да яго з праблемай адкрыцця медінстытута. Ён павярнуўся і сказаў, што падпісаць дакумент лёгка, а ці знойдзецца ў Гомелі будынак для навучальнай установы? Адказаў яму, што абкам партыі аддадзім, і ён даў згоду. Калі мы сабраліся з членамі бюро, я праінфармаваў іх, прапанаваў прагаласаваць. Некаторыя з неахвотаю гэта зрабілі. Адкрыццём медінстытута вырашылі праблему забеспячэння вобласці медыцынскімі кадрамі.
— Аляксей Сцяпанавіч, столькі сустрэч, знаёмстваў вам падарыў лёс. А хто ваш кумір?
— Да адной асобы гэта я не адношу. Мой галоўны кумір Пётр Машэраў. У яго многія вучыліся чалавечнасці. Свае патрабаванні Пётр Міронавіч тактоўна і даступна выкладаў. У яго паводзінах удала спалучаліся мудрасць, дабрыня, строгасць. Не дараваў падману.
Былі і іншыя куміры на розных этапах жыцця. Бабруйскі старшыня калгаса Фёдар Шаравараў некалі параіў мне ўзяць базавую кнігу па жывёлагадоўлі і няспешна за месяц прачытаць, потым па раслінаводстве, меліярацыі, фінансах, эканоміцы, і гэта паглыбіць неабходныя кіраўніку фундаментальныя веды. Шмат карыснага ў жыцці падказаў Мікалай Тоўсцік, які кіраваў Клічаўскім райкамам партыі. Мне шанцуе на добрых людзей. Сапраўдныя сябры не заўсёды навідавоку, але заўжды ведаеш, што яны ёсць. Яны ад Бога.
— А вашыя адносіны да Бога?
— Мая маці спявала ў хоры Паўлавіцкай царквы, чытала “Псалцір”.
Сямейны іканастас мы з сёстрамі разабралі. У маім пакоі на лецішчы накрыты льняным рушніком абраз. Маці ткала і вышывала гэты ручнік, які перадам у спадчыну праўнучцы Аляксандры. Захоўваю абраз Міколы Цудатворца ў сталічнай кватэры . Свята захоўвае іх і малодшая сястра Ганна, якая спявае на клірасе ў вясковай царкве. І ў доме сястры Марыі, што да пенсіі працавала жывёлаводам у нашым калгасе, захоўваюцца абразы з бацькоўскай хаты.
Нябожчыца жонка заўсёды рыхтавалася да праваслаўных святаў, і іх мы адзначалі сям’ёю. Цяпер дачка Таццяна святую вадзіцу і вербачкі з храма прыносіць.
— Аляксей Сцяпанавіч, сваім лёсам вы задаволены?
— Не сорамна зірнуць у вочы тым, з кім працаваў, сярод каго і цяпер жыву. Мяне з дзяцінства называлі няўрымслівым. Такім і застаўся. Ганаруся сваімі дзецьмі, трыма ўнучкамі і першай праўнучкай.
Нядаўна да мяне падышла жанчына з Брагінскага раёна, абняла і сказала, што яе дачка прасіла перадаць падзяку за ордэн, які я ёй уручаў яшчэ да чарнобыльскай катастрофы ў брагінскай вёсцы Піркі. Дзеля такіх момантаў і добрай памяці людзей варта жыць.
— Аляксей Сцяпанавіч, няхай будучыня прынясе вам новыя круглыя даты і радасць сустрэч з людзьмі, дзеля якіх вы не шкадавалі сябе. А з надыходзячым 80-годдзем з дня нараджэння віншуе вас “Сельская газета”!
Уладзімір СУБАТ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Аляксея КАМАЯ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Аляксея КАМАЯ