«Не закопвай свой талент у зямлю»
10.10.2009
«Не закопвай свой талент у зямлю», — раiў Купалу яго «хросны бацька» Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла, якi цяпер незаслужана забыты
Цi ведаеце вы, хто такi Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла, 150-годдзе якога адзначалася днямi? Хутчэй за ўсё, не. Гэту асобу ў школе не вывучаюць, толькi мiмаходзь узгадваюць як заснавальнiка выдавецкай суполкi «Загляне сонца i ў наша ваконца» i стваральнiка «Беларускай хрэстаматыi». А мiж тым Эпiмах-Шыпiла яшчэ асветнiк, этнограф, фалькларыст, лiтаратуразнавец, мовазнавец, лiнгвiст, бiблiяфiл, публiцыст, прафесар, якi ўсё сваё жыццё прысвяцiў адраджэнню Беларусi, нават калi знаходзiўся за яе межамi. I ў той жа час стаў адной з першых ахвяр бальшавiсцкага рэжыму. Гэта сапраўды выдатная асоба, вартая таго, каб пра яе ўзгадвалi не толькi ў юбiлейныя днi.
«Вiтаў яго як беларускага песняра…»
Янка Купала прысвяцiў Эпiмах-Шыпiлу некалькi вершаў. Ён вiншаваў Бранiслава Iгнатавiча з Новым годам, iншымi святамi, пiсаў яму вершаваныя радкi не толькi ў радасцi, але i калi да прафесара прыходзiла няшчасце. Менавiта яму тады яшчэ малады паэт аднаму з першых паведамляў пра напiсанне «Паўлiнкi» i задуму паэмы «Рагнеда», iншыя планы. У архiвах захавалася некалькi лiстоў, у якiх Купала просiць аб дапамозе, паведамляе пра цяжкае матэрыяльнае становiшча, жыццёвыя турботы. Усё гэта невыпадкова. Эпiмах-Шыпiла быў сапраўдным хросным бацькам маладога паэта. I, як гаворыць вядучы навуковы супрацоўнiк Дзяржаўнага лiтара-турнага музея Янкi Купалы Людмiла Давiдоўская, яшчэ невядома, цi мелi б мы сёння такую спадчыну Песняра, каб не Бранiслаў Iгнатавiч? Справа ў тым, што дзякуючы менавiта яму на свет з’явiўся першы зборнiк паэта «Жалейка».
Як адбылося знаёмства гэтых двух людзей? З лiста Эпiмах-Шыпiлы да лiтаратурнага крытыка Льва Клейнбарта вядома, што ўпершыню ён даведаўся пра Янку, калi той даслаў вершаванае прывiтанне суполцы «Загляне сонца i ў наша ваконца». Гэта быў цi 1906-ы, цi 1907 год. Бранiслаў Iгнатавiч у той час працаваў памочнiкам дырэктара фундаментальнай бiблiятэкi Пецярбургскага унiверсiтэта. Пазней да яго прыйшоў лiст ад Уладзiмiра Самойла, дзе той прасiў звярнуць увагу на маладога паэта-самародка i дасылаў яго вершы. Ён быў настолькi ўражаны творчасцю невядомага лiтаратара, што зрабiў выбарку i падрыхтаваў да друку зборнiк, якi аўтар пажадаў назваць «Жалейкай».
Цiкава, што Эпiмах-Шыпiла тады нават не ведаў сапраўднага iмя i прозвiшча Купалы.
Асабiста яны пазнаёмiлiся недзе праз два гады ў Вiльнi, дзе Янка служыў у адной з прыватных бiблiятэк. «Вiтаў яго як беларускага песняра, выказаў аб iм сваю думку i заахвочваў не закопваць талент у зямлю… Я сказаў, што трэба яму прыехаць калi-небудзь у Пiцер, i калi ён гэта зробiць, то дзверы маёй кватэры заўсёды для яго адчынены», — пiсаў Бра-нiслаў Iгнатавiч Клейнбарту.
Восенню 1909 года Купала з’явiўся на парозе кватэры нумар 16 сорак пятага дома, што на чацвёртай лiнii Васiльеўскага вострава. Там i сёння вiсiць мемарыяльная дошка, якая нагадвае пра тое, што некалi там жылi гэтыя дзве выдатныя асобы. Эпiмах-Шыпiла выдзялiў яму асобны пакой у сваёй шасцiпакаёвай кватэры, уладкаваў яго на вячэрнiя агульнаадукацыйныя курсы А. Чарняева, якiя, як пiсаў паэт, «сiстэматызавалi мае хаатычныя веды». Потым ён узгадваў, што «прыехаў у Пецярбург без капейкi за душой i толькi дзякуючы чуллiваму сэрцу прафесара Эпiмах-Шыпiлы ўладкаваўся i iсную ў халоднай i суровай сталiцы…» Гаспадар грошай за кватэру не браў, частаваў снеданнем i вячэрай. Яны часта збiралiся за адным сталом, каб абмеркаваць творчыя пытаннi. Купала разiнуўшы рот слухаў чалавека, якi ведаў аж дваццаць моў, выкладаў грэчаскую мову на лацiнскай. Зачароўваўся яго шматтысячнай бiблiятэкай. Ён затрымаўся ў прафесара на тры з паловай гады.
Былi грошы – была i суполка
Купала быў толькi адным з беларусаў, каму дапамагаў i каго апекаваў Эпiмах-Шыпiла. На яго кватэры бывалi Язэп Драздовiч, Паўлiна Мядзёлка, Антон Грыневiч, Бранiслаў Тарашкевiч i iншыя. Што яны там рабiлi? Каб зразумець гэта, давайце вернемся крыху назад. Спачатку разбяромся, як звычайны беларускi хлопчык Бранiслаў трапiў у Пецярбург. Трэба зазначыць, што даследчыкi дзейнасцi слыннага земляка яшчэ дагэтуль дакладна не ведаюць некаторых момантаў яго бiяграфii i жыцця. Напрыклад, iдуць спрэчкi, у якiм узросце i якiм чынам юнак, ураджэнец Лепельскага павета Вiцебскай губернi, апынуўся ў Рызе ў Аляксандраўскай гiмназii. Самай праўдападобнай версiяй выглядае наступная: у дзесяцiгадовым узросце пасля смерцi бацькi хлопчыка i двух яго братоў адправiлi да дзядзькi Фадзея. Бяздзетны сваяк выхоўваў iх, як родных сыноў, падрыхтаваў Бранiслава да паступлення ў гiмназiю, якую той скончыў з залатым медалём. Пасля чаго вытрымаў экзамен у Пецярбургскi унiверсiтэт на гiсторыка-фiлалагiчны факультэт на аддзяленне класiчных моў. Ён быў адным з самых здольных студэнтаў, вывучыў нават санскрыт. Таму пасля заканчэння вучобы Бранiслава пакiнулi пры унiверсiтэце для навуковай работы. Лiтаральна праз год ён атрымаў вучоную ступень кандыдата гiсторыка-фiлалагiчных навук.
Iснуе меркаванне, што менавiта ў гэты час Эпiмах-Шыпiла пачаў зарабляць вялiкiя грошы, у вынiку чаго стаў адным з самых багатых iнтэлiгентаў Пецярбурга. Ён зарабляў прыватнымi ўрокамi, працаваў хатнiм настаўнiкам у заможных князёў. У той жа час заўсёды меў некалькi афiцыйных месцаў работы. У 1890 годзе яго запрашаюць працаваць прафесарам у Пецярбургскую рымска-каталiцкую духоўную акадэмiю, а таксама на курсы Чарняева i ў мужчынскую гiмназiю.
Але Бранiслаў Iгнатавiч марыў пра iншае: ён заўсёды хацеў працаваць з кнiгай, а таму з радасцю пагадзiўся на пасаду памочнiка (намеснiка) дырэктара фундаментальнай бiблiятэкi Пецярбургскага унi-версiтэта, на якой затрымаўся на трыццаць чатыры гады. Пры гэтым ён працягваў выкладаць у розных установах.
Паўсюль ён сустракаў сваiх суайчыннiкаў. Па суботах на ўласнай кватэры збiраў маладых беларусаў на лiтаратурныя вечары. Ён паказваў iм свае здабыткi (Бранiслаў з 18 гадоў збiраў фальклор, вёў летапiс беларускай лiтаратуры), госцi, у тым лiку i Купала, чыталi ўласныя творы. Менавiта сустрэчы з таленавiтымi землякамi, а таксама афiцыйная забарона беларускай мовы ў 1905 годзе i падштурхнулi Эпiмах-Шыпiлу да стварэння суполкi «Загляне сонца i ў наша ваконца». Ён рызыкаваў. Але быў настолькi апанаваны iдэяй беларускага адраджэння, што нiчога не баяўся. Дарэчы, непрыемнасцi здаралiся неаднойчы, у тым лiку i з купалаўскай «Жалейкай». Але дзякуючы аўтарытэту i шырокiм сувязям выдаўца арышты з суполкi кожны раз здымалiся. Бранiслаў Iгнатавiч не шкадаваў сваiх грошай на яе ўтрыманне, i суполка за дзесяць гадоў пры дапамозе iншых спонсараў выдала каля сарака назваў кнiг. Гэта зборнiкi Ф. Багушэвiча, Цёткi, З. Бядулi, Ц. Гартнага i iншых. Суполка перастала iснаваць у тым лiку i па прычыне недахопу грошай.
Не май сто рублёў…
Усе гады, што Эпiмах-Шыпiла жыў у Пецярбургу, яго паплечнiкi i вучнi, якiя вярталiся на радзiму, звалi яго ў Мiнск. Напрыклад, у 1919 годзе Янка Купала пiсаў яму: «…Кiдайце, паночку, свой няшчасны Пiцер i перабiрайцеся на пастаяннае жыццё хоць бы ў Мiнск. Тут i паветра лепшае, i з прадуктамi лягчэй…» Таксама ён абяцаў праз камiсарыят дамагчыся дазволу на перавоз усiх рэчаў i бiблiятэкi. Але прафесар не пагаджаўся. Адказваў усiм, што не мае столькi сiл, колькi павiнен даць сваёй бацькаўшчыне. Хаця i не ўтойваў, што хоча быць пахаваны ў роднай зямлi.
У 1923 годзе Бранiслаў Iгнатавiч прыехаў у Мiнск на сустрэчу з беларускiмi пiсьменнiкамi. Вiдаць, тады ж Купалу i Коласу ўдалося ўгаварыць прафесара вярнуцца на радзiму. У хуткiм часе ён перабiраецца ў Беларусь. Савет Народных Камiсараў за заслугi ў развiццi беларускай культуры прызначыў яму пачэсную пенсiю ў памеры ста рублёў. Але Эпiмах-Шыпiла не збiраўся сядзець без справы. Ён уладкаваўся ў Iнбелкульт, пазней нават узначальваў камiсiю па складаннi слоўнiка жывой беларускай мовы. Але плённая праца на карысць свайго народа была перапынена. Пачалiся рэпрэсii супраць «нацдэмаў», да якiх прылiчылi i Эпiмах-Шыпiлу. У адзiн момант улады забылiся i пра шыкоўны падарунак Акадэмii навук — пяцiтысячную бiблiятэку, i iншыя заслугi.
Бранiслаў Iгнатавiч быў звольнены з пасады i кiнуты ў астрог. Праз два месяцы яго выпусцiлi, але прымусiлi пакiнуць Мiнск. Куды было падацца? Вядома ж, у Пецярбург. Некалi ў багатага iнтэлiгента было шмат сяброў, але цяпер, галодны i без грошай, ён быў нiкому не патрэбны. Даследчыкi дакладна не ведаюць пра апошнiя гады жыцця прафесара. Iснуе версiя, што яму далi прытулак сваякi, якiя i пахавалi яго ў 1934 годзе. Але дагэтуль не вядома, дзе знаходзiцца магiла Эпiмах-Шыпiлы.
Ён сапраўды шмат зрабiў на карысць Беларусi. На жаль, не здзейснiў адну сваю мару. У 1910 годзе двухпавярховая сядзiба ў Залессi, што каля Полацка (там раней жыла яго сям’я), якую ён хацеў ператварыць у этнагра-фiчны музей, згарэла. Бранiслаў Iгнатавiч думаў яе аднавiць, але ўжо не было сiл i здароўя, каб зноў сабраць экспанаты.
Эпiмах-Шыпiла ўсё сваё жыццё прысвяцiў народу, ахвяруючы сямейным шчасцем. У яго не было дзяцей, але ён зрабiў шмат добрых спраў, пакiнуў вялiзную спадчыну. I мы, нашчадкi, павiнны быць удзячны за гэта.
P.S. Некалькi гадоў таму дырэктар Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва Ганна Запартыка, якая займаецца вывучэннем дзей-насцi Бранiслава Эпiмах-Шыпiлы, сабрала ўсю яго творчую спадчыну, што ёсць на Беларусi. Падрыхтавала зборнiк, але пакуль нi адно выдавецтва па прычыне недахопу фiнансавых сродкаў не можа яго надрукаваць…