Натхняць, патыхаць і дыхаць, ці Правапіс звонкіх і глухіх зычных
11.07.2009 01:00:00
Правапіс зычных прынцыпова адрознівае нашу мову ад іншых славянскіх і неславянскіх. І гэта натуральна. Менавіта зычныя гукі часта з’яўляюцца выразнымі ўказальнікамі на адметнасці моў. Напрыклад, большасці цвёрдых зычных у роднай мове адпавядаюць мяккія, у выніку чаго ўтвараюцца пары.
Мяккасць зычных — вельмі важная асаблівасць беларускай, рускай і некаторых іншых славянскіх моў, якой не маюць заходнееўрапейскія мовы — нямецкая, французская і іншыя. Бываюць выпадкі, што толькі мяккасць або цвёрдасць зычнага дапамагае распазнаць значэнне слова. Параўнаем: стол і столь, вугал і вугаль. Як бачым, мяккасць на канцы слова пазначаецца асаблівым знакам — мяккім. Менавіта так мы назвалі яго нядаўна. Хаця на самай справе ён у гісторыі развіцця ўсходнеславянскіх моў быў некалі самастойным гукам, пра што мы гаварылі раней. Відаць, мала хто задумваецца над пытаннем, чаму мы пазначаем мяккія зычныя на канцы слова, а не цвёрдыя. Давайце ўявім, што мы зрабілі б наадварот: пазначалі б не мяккасць зычных на канцы слова, а цвёрдасць, напрыклад, нос’, воз’ ці носъ, возъ і г.д. Чаму ж аддалі перавагу мяккаму знаку? Пытанне і простае, і складанае. Адказ на яго няхай пачакае да пэўнай пары. А калі хто хоча падзяліцца сваімі меркаваннямі — электронная скрыня Irina@ng.by чакае.
Дарэчы, апостраф, якім мы сёння пазначаем раздзельнае вымаўленне, выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца не толькі ў нашай мове. Пасля таго як арфаграфічнай рэформай 1917—1918 гадоў літара ъ была адменена на канцы слоў, раздзяляльнаму цвёрдаму знаку было вельмі цяжка ўтрымацца ў рускай арфа-
графіі. Па сведчаннях Л.Успенскага, да рэформы правапісу цвёрды знак займаў 4 працэнты аб’ёму тэксту і на яго ішло амаль 8,5 млн лішніх старонак. Амаль адразу ж пасля рэформы яго сталі замяняць апострафам: с’езд, об’ём, из’ятие і г.д. Так цягнулася амаль тры дзесяцігоддзі. Не магу сцвярджаць, што нехта і зараз яго не ўжывае ў рускім пісьме. Паступова ад апострафа ў рускай мове адмовіліся, і літара ъ як раздзяляльны знак была ўзаконена арфа-
графічным зводам 1956 г. У другой палове ХХ ст. выкарыстанне апострафа замест цвёрдага знака не адпавядае нормам рускага правапісу. Сёння ён сустракаецца ў рэдкіх выпадках: О’Коннор, пользоваться E-mail’ом. Затое апостраф прыжыўся ў нас.
Нашу мову адрозніваюць таксама зычныя ў, дз і дж, нам уласціва падаўжэнне зычных, якія часам лічацца самастойнымі гукамі. Родную мову вылучаюць і прыстаўныя зычныя. Якраз напісанню ўсіх гэтых зычных, а таксама іх спалучэнняў і прысвечана значная частка беларускай арфаграфіі.
Мы ўжо не раз падкрэслівалі, наколькі значным для славянскіх моў было падзенне рэдукаваных, у выніку чаго адбыліся карэнныя змены ў фанетычных і марфалагічных сістэмах гэтых моў. Можна сказаць, што пасля страты рэдукаваных галосных славянскія мовы сталі больш адрознівацца адна ад другой у параўнанні з папярэднім перыядам. Гэтая з’ява дала новы штуршок для эвалюцыйнага разыходжання ўсходнеславянскіх моў — беларускай, рускай і ўкраінскай.
Пасля распаду рэдукаваных галосных утварыліся закрытыя склады, дзякуючы чаму шматлікія зычныя трапілі ў непасрэднае суседства. Звонкія зычныя, апынуўшыся перад глухімі, сталі змяняцца на глухія: разъказати — разказати — расказаць. І наадварот, глухія перад звонкімі пераходзілі ў звонкія: съдати — сдати — здаць. Гэты фанетычны закон дзейнічае і ў сучаснай беларускай мове. Толькі не фіксуецца на пісьме.
Ва ўкраінскай мове звонкія зычныя на канцы слова і перад глухімі звычайна не аглушаюцца. Не характэрна аглушэнне, напрыклад, і французскай мове.
Правапіс звонкіх і глухіх зычных у роднай мове грунтуецца на марфалагічным прынцыпе, г. зн. захоўвае чляненне на марфемы — часткі слова, якія маюць пэўнае значэнне.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” норма засталася без змен: чаргаванне звонкіх і глухіх зычных (акрамя прыставачнага з) на пісьме не адлюстроўваецца. Для праверкі правільнасці напісання звонкіх і глухіх зычных трэба змяніць слова ці падабраць іншае аднакаранёвае слова, каб пасля зычнага, які патрабуе праверкі, быў галосны або зычныя р, л, м, н, в: рыбка — рыба, магчы — магу, кладка — кладак, даведка — даведацца, дзядзька —— дзядзечка, хадзьба — хадзіць, казка — казаць, важкі — важыць, просьба — прасіць, касьба — касіць, носьбіт — насіць, малацьба — малаціць, рубчык — рубец, паўзці — паўзу, малодшы — малады; хлеб — хлеба, рог — рога, дзед — дзеда, поезд — поезда, роўнядзь — роўнядзі, сядзь — сядзі, нож — нажа, маж — мажаш, лістаж — лістажу, воз — воза, мазь — мазі, дождж — дажджу, рэж — рэжу, а таксама розаг — розгі, мозг — мазгі, лязг — лязгаць, грыб —грыбны, грыбніца, бег — беглы, бегма, загадка — загадны, загадваць, ножка — нажны.
Каб вызначыць, якую літару трэба пісаць у такіх выпадках, неабходна, змяніўшы слова, паставіць адпаведны гук у моцную пазіцыю: лад [т] — лады, маж [ш] — мажаш.
У новай рэдакцыі адзначаецца, што словы лязг, лязгаць маюць варыянты ляск, ляскаць.
У параграфе “Правапіс звонкіх і глухіх зычных” не гаворыцца пра напісанне прыставак, як гэта назіралася ў “Правілах” 1959 г. Інфармацыя пра іх напісанне перанесена ў главу 5 “Правапіс некаторых марфем”, што стварае зручнасць у карыстанні новай рэдакцыяй.
У нашай мове ёсць пэўная колькасць слоў, якія не падлягаюць прыведзенаму правілу. Таму і ў новай рэдакцыі пакінуты запіс: правапіс уласнабеларускіх і запазычаных слоў, у якіх напісанне звонкіх і глухіх зычных нельга праверыць, вызначаецца па слоўніку: футбол, баскетбол, вакзал, айсберг, струбцына, экзамен, Афганістан.
Як правіла, гэта словы іншамоўнага паходжання: абсарбент, абстракцыянізм, абсерваторыя, абскурант, абструкцыя, абсурд, абсцэс, абцас, абцугі, абшлаг, айсберг, баскетбол, бейсбол, блогцер, блокбастар, вейкборд, віндсёрфінг, гангстар, дысгармонія, ландкарта, ландшафт, пейнтбол, саундтрэк, субкантынент, субклетачны, субкультура, субсідыя, субстантывацыя, субстрат, субтропікі, субцітр, фісгармонія, экзістэнцыя, экзотыка і інш.
У словах натхненне, затхлы, тхор літара т пішацца традыцыйна, нягледзячы на наяўнасць лексем дыхаць, дыхнуць. Раней існавала слова дъхорь, якое пасля страты рэдукаванага перайшло ў дхорь — тхор. У рускай мове пачатковы гук д адпаў: хорь — хорек.
Заўвага: трэба адрозніваць амонімы (словы, якія маюць аднолькавае напісанне і гучанне, але рознае значэннне): патыхаць: ‘слаба дзьмуць’, ‘веяць знадворку’ (патыхаў цёплы ветрык, патыхаў цёплы водар збажыны); ‘вылучаць нейкі пах’, ‘пахнуць’ (пахла ў хаце новымі ботамі).
Што абазначаюць словы гламурны, крэатыўны, брутальны? Колькі ні шукаў, у слоўніках не знайшоў. Дзякуй.
belarus
— Гламур (з англ. glamour) — чароўнасць, зачараванасць, абаяльнасць; размоўнае: раскоша, шык. Гламурны — знешне прываблівы, ва ўсёй красе, маючы знешні бляск, бліскучы.
Крэатыўны — творчы, стваральны. Апошнім часам развіліся значэннні ‘нестандартны’, ‘небанальны’, ‘свежы’, ‘таленавіты’.
Брутальны (з фр. brutal, якое пайшло з лац.: brutalis) — грубы, жорсткі.
Добры дзень, сп. Іўчанкаў! Скажыце, калі ласка, ці трэба ставіць коску на канцы лістоў ці службовых дакументаў пасля слоў у выразах “З павагай Кастусь Лашкевіч”, “З удзячнасцю Ваш вучань”. У даведніках падаецца па-рознаму: і з коскай і без коскі.
vijaletta
— Дзякуй за цікавае пытанне. Мне даводзіцца часта пераконваць людзей, што ў такіх выпадках пунктуацыйных падстаў для пастаноўкі коскі няма. Яе ставяць па традыцыі. Пастаноўка коскі ў выразе “З павагай, Кастусь” нават мяняе сэнс выказвання, бо адасабляе, а значыць, інтанацыйна і сэнсава выдзяляе слова, надае яму сінтаксічную самастойнасць. У канцы ліста, пішучы “З павагай Кастусь”, надаём значэнне, якое ў першапачатковым выглядзе можа быць пададзена так: “З павагай да Вас Кастусь”. Менавіта яно больш адпавядае сэнсаваму напаўненню ветлівага развітання.
Пастаноўка коскі разбівае сінтаксічную канструкцыю, чым дадае выразу і семантычную самастойнасць. Губляецца максімальная набліжанасць да адрасата, выраз ператвараецца ў простую фармальнасць.
Рэкамендую коску ў такіх выразах не ставіць.