Почему рябину и калину наши предки считали символом чистоты, а в яблоне и груше видели семейное благополучие
11.03.2023 18:22:00
Марина КУЗЬМИЧ
Познаем Беларусь: почему рябину и калину наши предки считали символом девичества и чистоты, а в яблоне и груше видели семейное благополучие?
З першымі промнямі вясновага сонейка садаводы і агароднікі будуюць планы на новы сезон. А чаму б з надыходам цяпла не пасадзіць на падворку яшчэ некалькі дрэўцаў, прычым не толькі для атрымання сакавітых пладоў у будучым, але і для набыцця ўнутранай сілы? Нашы продкі так і рабілі. Да якіх жа дрэў у старажытныя часы ставіліся з асаблівай пашанай?Сусветным дрэвам здаўна лічылі яблыню. Ва ўяўленнях нашых продкаў яна суадносілася з маці, а разам з пладамі асацыіравалася з бацькамі і дзецьмі. Таму яблыкі давалі ў дар на вяселле жаніху і нявесце. Лічылася, калі яны з’ядуць цэлы мех садавіны — будуць мець многа дзяцей. У першую шлюбную ноч адзін яблык клалі пад пярыну, а другі разломлівалі напалам, і кожны з маладых з’ядаў палову.
Яблыкі былі сімвалам здароўя і прыгажосці. Таму па павер’ях, каб дзеці раслі ўдалыя, цяжарная павінна была патрымацца за яблыню ці паглядзець на яе галінкі. Адсюль і такі звычай: падчас хрэсьбін павітуха раздавала ўсім па яблыку. Ваду пасля купання немаўляці вылівалі таксама пад яблыню. Калі нараджалася дзяўчынка, так званае дзіцячае месца разам з пупавінай закопвалі пад яблыняй. Лічылася, што тады дзяўчынка будзе расці прыгожай і пладавітай.
Яблыня лічылася дрэвам Жыцця. Адсюль паходзяць і звязаныя з ёй казачныя вобразы: чарадзейная яблынька, яе гаючыя маладзільныя яблычкі, што вярталі сілу, маладосць і каханне. Таксама ў казках менавіта яблыня дапамагала працавітым і руплівым дзяўчатам паспяхова выйсці замуж.
З дабрабытам сям’і звязвалася і груша. На Палессі, калі нявеста ехала да вянца, на ўсіх перакрыжаваннях яна раскідвала сушаныя грушы. Маці абсыпала імі жаніха дзеля будучага багацця маладых. Галінкі грушы ўторквалі ў вясельны каравай. Гэтаму дрэву таксама прыпісваліся сувязі з іншым светам. Таксама яго выкарыстоўвалі для атрымання агню. Карысць грушы продкі бачылі і ў тым, что яна магла станоўча паўплываць на прыплод свойскай жывёлы.
Сімвалам прыгажосці, дзявоцтва і чысціні лічыліся рабіна і каліна. Гісторык і археолаг Людміла Дучыц і даследчык традыцыйнай культуры Ірына Клімковіч у кнізе «Язычніцтва старажытных беларусаў» прыводзяць легенду, згодна з якой рабіна і каліна з’явіліся ад крывавых слёз Евы, выгнанай з раю. Па павер’ях, пры дапамозе рабіны можна распазнаць чарадзеяў. У беларускіх казках і песнях сустракаецца сюжэт, калі нявестка, заклятая свякрухай, ператвараецца ў каліну, якую сын згодна з матчыным наказам бярэцца засячы. Але з каліны капае кроў, і яна расказвае пра сваю няшчасную долю. У замовах ад розных хвароб, асабліва тых, што звязаны з чырвоным колерам, каліна таксама сустракаецца, як бы беручы на сябе цяжкую долю хворага.
У народных вераваннях значнае месца адводзілася і асіне. З аднаго боку, гэта дрэва лічылася праклятым. Па якой прычыне? Адна з легенд дае такі адказ: асіна пры стварэнні свету нічога не рабіла і за гэта была пакарана. З асіны рабілі труну для самагубцаў, а пры пахаванні чараўніка ў магілу ўбівалі асінавыя кол і крыж. Аднак, уцягваючы ў сябе ўсё нячыстае, асіна лічылася ўніверсальным абярэгам. Нашы продкі адпужвалі асінавымі галінкамі ведзьмакоў ад палёў, дзе пасвілі свойскую жывёлу.
АД ПРАДЗЕДАЎ
У некаторых рэгіёнах Беларусі бытаваў такі звычай: нованароджанаму клалі ў рот печаны яблык, каб хлопчык не вырас п’яніцам.
Каб зацяжараць, маладзіца з’ядала грушу, якая даўжэй за іншыя павісіць на дрэве. У першы дзень пасля родаў жанчыне для ўмацавання сіл давалі выпіць грушавы кампот.
Для таго каб зберагчы немаўля ад усяго дрэннага, дзіцячыя калыскі і качалкі рабілі менавіта з асіны.
Калі ў двары знаходзілі падкінутае кімсьці яйка, яго, каб пазбавіцца ад сурокаў, падымалі з дапамогай асінавых палачак, потым спальвалі за межамі двара на агні з асінавых галінак.
kuzmich@sb.by
Фота з архіва «СБ»