55 сезонов жатвы отработал передовик столбцовского ОАО «Агронеманский» Геннадий Цвирко
11.06.2022 13:27:09
Хлебныя нівы стаўбцоўскага ААТ «Агранёманскі» падступаюць да шырокай рачной поймы бацькі Нёмана. Густыя пасевы азімых збожжавых, напоеныя майскімі дажджамі, дружна выцягнуліся ў трубку. На досвітку, калі ўсё навокал у чаканні сонечных промняў, любіць аб'язджаць палі начальнік першага вытворчага ўчастка Генадзь ЦВІРКО. На гэтай пасадзе больш за сорак гадоў, 55 уборачных сезонаў запар працуе камбайнерам. Руплівасць хлебароба адзначана ордэнамі Пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Два гады таму са свята-кірмашу «Дажынкі», што ладзілася ў Чэрвені, вярнуўся дамоў на новенькім легкавіку «Ніва».
Узнагароджаны нагрудным знакам Мінсельгасхарча «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». У савецкія часы не аднойчы прадстаўляў стаўбцоўскі калгас імя Леніна на ВДНГ у Маскве, прымаў удзел у рабоце 2-га Усебеларускага народнага сходу.
Шаноўна захоўвае Генадзь Адамавіч фотаздымак ля гістарычнага Сцяга Перамогі, што ў маі 1945-га ўзняўся над адоленым рэйхстагам. Удастоены звання «Заслужаны работнік СВК «Агранёманскі». Неаднаразова выбіраўся дэпутатам у мясцовыя органы ўлады.
Начальнік вытворчага ўчастка стаўбцоўскага ААТ «Агранёманскі» Генадзь Цвірко:
На шырокім полі за аграгарадком Стары Свержань роўнымі радкамі красуюцца ўсходы бульбы. Цераз палявую дарогу — пасевы ячменю, а далей — прасторная сенажаць, адкуль цёплы чэрвеньскі ветрык даносіць водар скошанай травы. З раніцы шчыруе тут корманарыхтоўчы атрад.
— Першыя дзясяткі тон сенажу ўжо заклалі ў траншэі, — задаволена пазірае на тэхніку, што працуе на сенажаці, Генадзь Цвірко. — Травы на вачах выраслі па пояс — самы час касіць. Летнія цёплыя ночы спрыяюць і пасевам на палях. На жаль, не давялося бачыць, як вясною засявалі палеткі: двойчы з жонкай Таісай Паўлаўнай хварэлі на каронавірус. Аслаблены арганізм даў збой, давялося яшчэ перанесці складаную аперацыю. Дзякуй урачам, што ўратавалі, вярнулі да жыцця. За чатыры месяцы лячэння засумаваў па працы.
З дырэктарам Дзмітрыем Захарчуком раюся, на што ў першую чаргу звярнуць увагу. Клопатаў хапае. Наш вытворчы ўчастак — былы калгас імя Леніна, да якога далучылі суседнюю гаспадарку «Нёман». Памятаю, як усёй сям'ёй выходзілі на нёманскі луг варочаць і зграбаць пакосы. Калі стагавалі сена, бацька давяраў мне стаяць наверсе. Цяпер магутная тэхніка нарыхтоўвае кармы.
У нашай вёсцы Залужжа мала хто трымае кароў: няма патрэбы. У магазіне заўжды багаты выбар свежых прадуктаў. Хвалюе, што моладзь пакідае вёскі. Мы з жонкай збудавалі прасторны дом для дочак, а яны аселі ў гарадах. У нашай сярэдняй школе яна да выхаду на пенсію ўзначальвала педкалектыў, сёлета няма выпускнога класа. Трывожна.
— Якім вам бачыцца выхад з такога становішча?
— Зараз модна гаварыць пра матывацыю. На дзяржаўным узроўні трэба прымаць меры, каб у вясковай моладзі былі запатрабаваны прафесіі механізатараў, жывёлаводаў. На нашым малочна-таварным комплексе цудоўныя ўмовы для працы, сярэднямесячны заробак перавышае тысячу рублёў, а маладога папаўнення жывёлаводаў няма. Такія ж справы ў механізацыі. Напэўна, варта сур'ёзна задумацца пра гэта.
На экранах тэлевізараў розныя шоу, а пра пастуха ці сейбіта амаль нічога не ўбачыш, не пачуеш і па радыё. У маю маладосць за вялікае шчасце было сесці за руль трактара.
— Як пачаўся ваш працоўны шлях?
— Пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум, але адчуў, што прафесія ветфельчара не для мяне: крыві баяўся. Ад ваенкамата мяне накіравалі на курсы ваенна-марскога клуба ДТСААФ. Скончыў іх і вярнуўся да бацькоў у Залужжа. Пачынаў майстрам-наладчыкам у калгаснай рамонтнай майстэрні ў вёсцы Скамарошкі. Экстэрнам здаў экзамены на атрыманне пасведчання механізатара. Адрамантаваў бензінавы камбайн «С-4М» — і ў поле. І ён, старэнькі, не падвёў. У першы год працы па намалотах зерня выйшаў пераможцам спаборніцтва сярод камбайнераў раёна — атрымаў дыплом і грашовую прэмію.
Днём працаваў механізатарам, а ўвечары спяшаўся на заняткі ў школу. Атрымаў атэстат сталасці і паступіў на завочнае агранамічнае аддзяленне Смілавіцкага саўгаса-тэхнікума. Вучоба давалася лёгка. Знаходзіў час на выкананне кантрольных работ. Не прапускаў ні адно жніво. Загадзя рыхтаваў камбайн і выводзіў яго на хлебную ніву. Не параўнаць тыя ўмовы працы і сённяшнія: пыл засцілаў вочы, даймала спякота, замест кабіны ад сонца і дажджу — парусінавы парасон. Глыток халоднай вады ратаваў ад гарачыні.
— Пэўна, не толькі працай наталялі душу?
— Пачуцці чалавека як нястомная крыніца. Убачыў на вясковай вуліцы незнаёмую дзяўчыну, спадабалася яна мне. Даведаўся, што Таццяна пасля заканчэння сталічнага педінстытута прыехала настаўнічаць у нашу школу. Сустракаліся, а потым прапанаваў ёй руку і сэрца. Увосень, калі з палёў усё убралі, згулялі вяселле ў Залужжы. Калгас дапамог збудаваць уласны дом. Выраслі дочкі Таццяна і Соф'я, у іх ўжо свае сем'і. Унучкі Аляксандра і Валерыя атрымалі вышэйшую адукацыю, чакаем іх вяселляў. Вялікая радасць, калі збіраемся разам. Успамінаем пра перажытае, пра наш сялянскі радавод. На гэта настройвае і Год гістарычнай памяці. У кожнай сям'і свая гісторыя.
— А якая яна ў вас?
— Шмат чаго давялося перажыць маім родным. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі старэйшы бацькаў брат Фёдар Цвірко быў сувязным Першага Камсамольскага партызанскага атрада, які базіраваўся ў глыбіні Налібоцкай пушчы. Паліцаі данеслі акупантам пра дзейнасць дзядзькі — ледзьве не загінула ўся сям'я. Карнікі акружылі наш падворак, але бацьку ўдалося выскачыць з хаты. Праз агарод пабег да лесу. Паранены кулямётнай чаргой, ён упаў у жыта. Гітлераўцы палічылі яго забітым. Кулі прабілі полы пінжака і паранілі ў жывот. Калі ворагі пакінулі падворак, ён дабраўся ў пушчу да партызан. Да заканчэння вайны бацька змагаўся з ворагам у атрадзе народных мсціўцаў. Сціпла расказваў пра сваё партызанскае мінулае.
Сястру бацькі Аляксандру разам з іншай моладдзю гітлераўцы адправілі ў нямецкае рабства. Там яна працавала на гаспадарцы ў баўара. Пераможнай вясною 1945 года разам з іншымі вязнямі вярнулася дамоў.
І ў сям'і маці Марыі Іванаўны таксама вайна пакінула горкі след. Яе брат Іван Гаварко на фронце атрымаў цяжкае раненне. Лячыцца яго адправілі ў глыбокі тыл, але ўратаваць жыццё яму не ўдалося. Памёр у ваенным шпіталі горада Казані. Другі брат Мікалай у Прынямонні змагаўся з ворагам і загінуў. Так і не знайшлі яго магілы. А трэцяга брата Аляксандра фашысты схапілі і прывезлі на чыгуначную станцыю для адпраўкі ў Нямеччыну. У час руху цягніка вязні выламалі дно ў вагоне і кідаліся ў адтуліну. Не ўсе выратаваліся. Аляксандр таксама рызыкнуў так пазбавіцца няволі. Ачнуўся на чыгунцы, але з-за траўмы нагі не змог зрабіць ні кроку. Знясілены, ён двое сутак поўз на бацькоўскі хутар. Родныя ўратавалі юнака. Усё астатняе жыццё хадзіў з кавенькай. Працаваў калгасным вартаўніком, лічыўся адмысловым цесляром. У першыя пасляваенныя гады многім у Залужжы дапамог адбудавацца.
Вайна шмат гора прынесла маім землякам. У Залужжы ўсталяваны помнік змагарам з акупантамі, круглы год ля абеліска вянкі і кветкі. Жонка Таісія Паўлаўна, акрамя дырэктарства ў школе, выкладала гісторыю. З юнымі следапытамі збіралі фотаздымкі і дакументы ўдзельнікаў вайны, ветэранаў калгаса, тэматычныя экспанаты для школьнага краязнаўчага музея, які потым стаў народным. Ганаруся, што выставачныя стэнды ўпрыгожваюць і партрэты сваякоў. Важная справа — расказаць нашчадкам пра ўсё тое, што давялося перажыць нашым бацькам і дзедам ў цяжкі ваенны час. Вялікае шчасце — жыць пад мірным небам.
Душа баліць ад падзей у суседняй Украіне. У Вялікую Айчынную ў нашай былой краіне не дзялілі людзей па нацыянальнасцях, прадстаўнікі розных народаў разам кавалі Перамогу. Як важна не даць разгарэцца ваеннаму полымю. Вырошчваць хлеб — вось святая справа.
— Генадзь Адамавіч, што прымушала вас, кіраўніка сярэдняга звяна, больш як паўвека кожнае жніво працаваць камбайнерам?
— Для мяне гэта як дыхаць. Убіраць збожжа — вялікая асалода. За 55 сезонаў засвоіў уборачныя камбайны розных мадыфікацый. Пятнаццаць сезонаў адпрацаваў на камбайне «Ліда-1330», які мне перадалі пасля таго, як на адным з палеткаў яго выпрабоўваў Прэзідэнт. Цудоўная машына. Намалоты збожжа атрымліваў высокія. Тры апошнія гады — на гомельскім «Палессі-1218». Былі розныя памочнікі. Некалькі сезонаў з бацькам у адным экіпажы працавалі. Ды так паднатужыліся, што занялі другое месца ў спаборніцтве сярод камбайнераў рэспублікі. Нас віншавалі, узнагароджвалі.
І малодшая Соф'я ў старэйшых класах чатыры сезоны дапамагала. Дочак выхоўвалі працай. У нас спадчынная цяга да гаспадарлівасці. Бацька да апошняга дня (пражыў ён 96 гадоў) знаходзіў сабе занятак, пастаянна цікавіўся вытворчымі паказчыкамі нашага ўчастка. Наказваў берагчы зямлю, бо яна аснова жыцця.
— Кіраваць вытворчым участкам, які па маштабах не меншы за сярэднюю гаспадарку, пэўна, складана?
— Да любой справы трэба адносіцца сур'ёзна, інакш нічога не атрымаецца. Поспех галоўным чынам залежыць ад старання і ўмеранасці. На зямлі важна ўсё рабіць своечасова і найлепшым чынам. Калі ўзначаліў вытворчы ўчастак, «Нёман» сярод чатырох структурных падраздзяленняў былога калгаса быў па ўсіх паказчыках на апошнім месцы. Гутарыў з людзьмі, настройваў іх на старанне. Праз год на нас раўняўся ўвесь калгас. І пасля аб'яднання ў ААТ «Агранёманскі» працуем стабільна: ніжэй 40 цэнтнераў збожжавых не атрымліваем. Добра родзяць бульба, рапс, цукровыя буракі, кармавыя культуры. Гадавы надой кароў расце і ўжо больш за 7000 кілаграмаў. У перспектыве ў гаспадарцы плануецца павялічваць дойны статак і павышаць яго прадукцыйнасць. У асноўным ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі ідуць грашовыя паступленні. За старанне перадавікі вытворчасці адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Памятаю, як хваляваўся, калі за высокія вытворчыя паказчыкі мяне ўдастоілі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. А калі ў 2015 годзе Прэзідэнт уручаў «Знак Пашаны», то я так разгубіўся, што забыў тое, што хацеў у знак падзякі сказаць. Пасля такіх высокіх узнагарод агортвае жаданне яшчэ больш упэўнена крочыць уперад.
— Якое ваша галоўнае правіла ў працы?
— Быць стрыманым і спакойным, нікога не крыўдзіць. Так імкнуся сябе весці з падначаленымі. Калі што трэба тэрмінова выканаць, дамаўляюся з людзьмі, і яны не падводзяць. Сорак два гады кірую ўчасткам. У родным Залужжы жыву з маленства. У вёсцы ніхто нічога не ўтоіць. Ведаю, чым жыве кожная сям'я, і сярод землякоў не адчуваю сябе чужым. Гэта важна. Жыцця без працы не ўяўляю. Даўно на заслужаным адпачынку, але не магу спакойна сядзець. Як казаў адзін мудры чалавек, самы няшчасны з людзей той, для каго ў свеце не знайшлося занятку. Лічу сябе шчаслівым, бо сябрую з працай.
subbat50@mail.ru