Пасхальные деликатесы из разных уголков страны
23.04.2022 16:23:00
Частуемся велікоднымі прысмакамі з розных рэгіёнаў
Да аднаго з галоўных хрысціянскіх свят амаль кожная беларуская гаспадыня традыцыйна гатуе мноства страў. Народныя эксперты «Сельской газеты» працягваюць дзяліцца рэцэптамі і звычаямі.
Валачобнікі ў вёсцы Шпакоўшчына.
У вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёна жыве настаўніца беларускай мовы Ірына Грачушнік, якая падзялілася мясцовымі завядзёнкамі.
У Шпакоўшчыне ў Чысты чацвер фарбуюць яйкі — галоўны сімвал Уваскрасення.
— У Вялікдзень дзецям дазволена хадзіць па дварах і збіраць яйкі, якімі іх частуюць гаспадары, — працягвае Ірына Мікалаеўна. — Лічыцца, чым больш дзетак прыйдзе, тым больш шчасця, радасці і здароўя ў хаце будзе. Я загадзя фарбую яйкі цыбульнай шалупінай. Яе замочваю раніцай, а ў абед адварваю ў настоі. Калі астынуць, для бляску шарую сурвэткай з алеем. Галоўнае, усё рабіць з добрым настроем.
Таксама ў полацкай вёсцы захаваўся абрад валачобніцтва, падобны на калядны. Гэта абход двароў з выкананнем святочных песень. Напрыклад, такой:
Хрыстос уваскрэс — Хрыстос!
Сын Божы, Хрыстос!
Устань рана — Хрыстос!
Глянь у аконца — Хрыстос!
На ўсход сонца — Хрыстос!
На яечку — Хрыстос!..
А вось у малодшага навуковага супрацоўніка Мотальскага музея народнай творчасці Іванаўскага раёна Галіны Місцюкевіч перш за ўсё запыталі пра знакамітыя мясцовыя кілбасы.
— Напярэдадні Вялікадня нашы продкі забівалі кабана і, вядома, выкарыстоўвалі мяса для прыгатавання прысмакаў, — дзеліцца субяседніца. — Галоўны кавалак — запечаная бужаніна, раней яе нават неслі ў храм і асвячалі. Спачатку выбраны кавалак шаравалі соллю, каляндрай, кропам і пакідалі на ноч, каб напітаўся. А потым нажом пратыкалі па баках і шпігавалі зубчыкамі часнаку і морквай. Падрыхтаванае мяса загортвалі ў пергамент ці фольгу і тушылі ў печцы. Атрымліваецца вельмі сакавітая бужаніна прыкладна на паўтара кілаграма. Калі праткнеш драўлянай шпажкай і сок цячэ ружовы, светлы, то яна гатова.
Гаспадыня родам з Моталя, але ў маладосці жыла на Гродзеншчыне, у Вялікай Бераставіцы. Там, па яе назіраннях, больш прыняты вяленыя ці сыравэнджаныя мясныя стравы. Кавалкі мяса трымаюць у солі дзён дзесяць, потым вымочваюць — так прадукты захоўваюцца даўжэй. Гатовыя кілбасы падсушваюць, шаруюць часнаком, спецыямі. Спачатку яны сохнуць на падносе, а потым некалькі дзён каля батарэі і дасыхаюць у халадзільніку.
Знакамітыя мотальскія прысмакі.
Фірменная ж смаката на Вялікдзень — пальцам піханая кілбаса, для якой выкарыстоўваюць абрэзкі мяса і сала прыкладна 50 на 50, дробныя кавалачкі кумпяка. На 10 кілаграмаў мяса для яе ідзе каля 200 грамаў солі, 20—30 грамаў спецый (перцу — 5, каляндры — 10, кмену — 5).
— А часначку не шкадую, ён не замінае, можна і 50 грамаў, — дадае Галіна Місцюкевіч. — Кілбаса, наадварот, робіцца смачней. Калі сёння заправіла спецыямі, на ноч накрываю, а назаўтра напіхваю ў тонкія свіныя кішкі. А вось пячоначную кілбасу сучасная моладзь не вельмі шануе. Cала, засоленае на Вялікдзень, нашы продкі елі аж да касавіцы. На само ж свята адна з забаў — біткі. Перамагае той, чыё яйка зможа пабіць 21 саперніка, не менш!
Мясныя далікатэсы любяць і на Гомельшчыне. Так, у Глыбаўскім сельскім доме фальклору Рэчыцкага раёна плануюць правесці 1 мая першы конкурс «Духмяны шашлычок». Дырэктар ГУК «Рэчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Таццяна Цырык адзначыла, што задумка пайшла ад вёскі Салтанава, але пляцоўка ў Глыбаве здалася больш зручнай, а мясцовыя фермеры падтрымалі ініцыятыву. Прыгатаваныя шашлыкі госці змогуць купіць і пакаштаваць. А спецыяльная камісія выбярэ самы смачны і цікава аформлены.
У вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна на Вялікдзень праводзяць унікальны абрад «Стрылка», унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта трохвугольны карагод, у якім удзельнічаюць толькі жанчыны, яны спяваюць старадаўнюю песню. Абрад сімвалізуе надыход Вялікадня і вясны. Малодшы навуковы супрацоўнік Музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» Людміла Янушчык адзначыла, што ў дадатак да традыцыйных страў гаспадыні заўсёды выпякалі дамашні хлеб і невялікія «пасачкі» з крыжыкамі наверсе. Кожная старалася прыгатаваць нешта смачнае з малака, напрыклад салодкую запяканку ў печы. Рабілі і своеасаблівую страву: спачатку тапілі масла ў печы і рэзалі ў яго невялікія кавалкі сыру. Ён не разварваўся, але трохі размакаў і набываў непаўторны смак. Таксама ставілі на стол тварог са смятанай, па-мясцоваму «густэ малако».
Настасся ЧАРКАНАВА
Алена ЯСКО, «СГ»
yasko@sb.by