«На Палессі мяне ўражвае ўсё…»
17.09.2010 21:45:22
Удзельнікі гурту “Палац” не раз прымалі ўдзел у фальклорных фестывалях за мяжой. Пабывалі з канцэртамі ў 28 краінах свету.
Палессе займае асаблівае месца ў жыцці музыканта. Яго бацька, Георгій Зянонавіч, родам з Тураўшчыны, вёскі Браніслаў. Родная цётка Алега Хаменкі і зараз жыве ў Жыткавічах. Лідэр групы “Палац” заўсёды з задавальненнем прыязджае да яе ў госці. Шкадуе толькі, што справы не дазваляюць яму бываць тут часцей.
Як прызнаўся Алег Хаменка, на Палессі яго ўражвае ўсё: ад памераў і колькасці камароў да пясочка на беразе ракі Случ — здаецца, такога белага не знойдзеш ва ўсім свеце. Нават пляжы Гаваяў з ім у ніякае параўнанне не ідуць.
Гурт “Палац” заснаваны ў 1992 годзе. За гэты час артысты сабралі ўзнагароды на многіх фестывалях Заходняй Еўропы і краін СНД. У 1993 годзе “Палац” увайшоў у дзесятку лепшых калектываў Усходняй Еўропы па выніках фестывалю «РадыёФрансІнтэрнасіяналь»…
— Даволі часта мы бываем у этнаграфічных экспедыцыях — ездзім па вёсках, збіраем матэрыял, — гаворыць Алег. — У рэгіёне захаваліся рэшткі спрадвечнай культуры. Яго фальклорная спадчына настолькі багатая, што яе, напэўна, будуць даследаваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Вельмі прыемна, што на Беларусі з’явіцца этнаграфічны фестываль. Бо трэба адраджаць і беларускія народныя рамёствы. Тое, што робяць майстры, — непаўторна! Паміж глінянай талеркай, зробленай дзедам Міронам, і талеркай, якую зрабіў с пластмасы аўтамат, — вялікая розніца. Няхай функцыі ў іх адны і тыя ж, і тая, што сышла з канвеера — роўненькая і бліскучая, аднак у яе няма душы, гэта «фастфуд». А зробленая рукамі майстра рэч — гэта ў першую чаргу творчасць. Іх і параўноўваць нельга…