Высокі грыбны сезон пратрымаецца да таго часу, пакуль тэмпература ноччу не ўпадзе ніжэй за 7—10 градусаў.
Ад багатага выбару грыбоў на рынку вочы разбягаюцца: тут і ваўнянкі, і падбярозавікі, і чырвонагаловікі, і лісічкі, і рыжыкі. Але больш за ўсё на прылаўках баравікоў: грыбнікі расказваюць пра іх небывалы ўраджай сёлета. Таццяна Маісеева, навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Акадэміі навук, тлумачыць, што восень зараз цёплая і дажджлівая — гэта і стварае спрыяльныя ўмовы для росту грыбоў. Высокі сезон пратрымаецца да таго часу, пакуль тэмпература ноччу не ўпадзе ніжэй за 7—10 градусаў.
— Не жадаеце купіць вядзерца баравічкоў? Паглядзіце, якія чысценькія! — звяртаецца да мяне прадавец з Баранавіцкага раёна. – Усяго 9 рублёў.
На кожную партыю грыбоў тут ёсць талончык, які паказвае сапраўдную чысціню тавару — наяўнасць у іх радыенуклідаў. Пакупнік на рынку можа заўсёды запатрабаваць вынік экспертызы.
— Дапушчальная норма для грыбоў — 370 Бк/кг, — кажа Валерый Варабей, намеснік начальніка службы арганізацыі рыначнага гандлю Камароўскага рынку. — Вось у гэтых баравічках у 10 разоў менш цэзію.
Зараз чатыры гадзіны дня — жадаючых праверыць прадукцыю ў лабараторыі няма. Таццяна Бацюк, выконваючая абавязкі загадчыцы лабараторыі № 4, гаворыць, што чэргі на даследаванне бываюць толькі раніцай:
— Для экспертызы неабходна здаць кілаграм прадукцыі, прычым грыбы павінны быць пасартаваны па відах, бо кожны назапашвае радыяцыю па-рознаму. За сённяшні дзень лабаранты праверылі 54 партыі грыбоў.
Дапушчальная норма радыенуклідаў для грыбоў — 370 Бк/кг.
Урач-радыёлаг Юлія Абрамчук дэманструе нам працэс. Перш за ўсё кілаграм грыбоў здрабняецца і кладзецца ў ёмістасць — яна павінна быць запоўненая максімальна, інакш вымярэнне не дасць дакладных вынікаў. Далей грыбы адпраўляюцца ў спецыяльны прыбор. Чакаць прыйшлося каля дзесяці хвілін – затым на маніторы з’яўляецца лічбавае значэнне ўдзельнай актыўнасці радыенуклідаў цэзію-137. Баравікі праверку прайшлі: прыбор паказаў 30 Бк/кг.
Між іншым, гандляры абавязаны разам з пробай прынесці ўсе грыбы, якія яны маюць намер прадаваць. Калі вынік перавышае норму, то прадукцыя ўтылізуецца ў іх прысутнасці. Таццяна Бацюк заўважае:
— Сёння 25 кілаграмаў баравікоў аказаліся непрыдатнымі для продажу.
Калі выйшла з рынку, звярнула ўвагу на некалькіх нелегальных прадаўцоў грыбоў і ягад каля ГЦ «Імпульс». Талона на чысціню прадукцыі ў іх не было. Стала цікава: наколькі адрозніваецца кошт правераных грыбоў і тых, пра месца збору якіх можна толькі здагадвацца.
— Вядзерца баравікоў аддам за 8 рублёў! — гучыць прапанова аднаго з прадаўцоў.
На чырвонагаловікі, рыжыкі і іншыя віды розніца таксама не перавышала аднаго рубля. Дык ці варта рызыкаваць здароўем з-за неістотнай эканоміі?
matuzova@sb.by