«Негорелое — Париж»: свидетелем каких событий была необычная станция между Западной и Советской Беларусью
21.08.2021 13:27:27
Менш чым праз месяц мы будзем упершыню адзначаць новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзiнства, заснаванае ў пачатку чэрвеня указам Прэзiдэнта. Абраная для яго дата — 17 верасня — асаблiвая для беларускага народа. У 1939 годзе ў гэты дзень пачалося ўз'яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi. Наш народ, падзелены супраць яго волi ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мiрнага дагавора, пасля якога палова тэрыторыi Беларусi з насельнiцтвам амаль 4 мiльёны чалавек адышла пад юрысдыкцыю польскай дзяржавы, атрымаў магчымасць развiвацца, разам будаваць моцную краiну, ствараць перспектывы для будучых пакаленняў.«Ён, Зосiн Данiк, вучыцца лепш за ўсiх. А вось застаўся ў трэцiм класе на другi год. Такi ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзiць у школу да чатырнаццацi год — плацi штраф або адседжвай у каталажцы пры гмiне. Iсцi ў чацвёрты, у местачковую школу, — няма за што i няма ад каго...» Радкi гэтыя з аповесцi Янкi Брыля «Сiрочы хлеб» выдатна адлюстроўваюць асаблiвасцi жыцця, у прыватнасцi адукацыi, на беларускiх землях, з 1921 года трапiўшых у склад Польшчы. Забарона беларускай мовы ў школах, масавае акаталiчванне, поўная абыякавасць да сацыяльных патрэб народа, высмоктванне сiл i рэсурсаў — гэта быў перыяд сапраўднага нацыянальнага гнёту. Дзень 17 верасня 1939 года, калi Рабоча-сялянская Чырвоная армiя рушыла ў вызваленчы паход, стаў святам народнага аб'яднання — i нарэшце атрымаў афiцыйны статус у сучаснай суверэннай краiне. «Р» наведала некаторыя населеныя пункты, якiя сто гадоў назад сталi пагранiчнымi, каб узнавiць у памяцi тагачасныя падзеi i параўнаць жыццё нашых продкаў па абодва бакi мяжы.
Гiстарычная справядлiвасць перамагла. Але амаль 20 гадоў, на працягу якiх беларусы былi падзелены мяжой, назаўжды застануцца ў памяцi народа, адгукаючыся болем за зламаныя чалавечыя лёсы, калi па розныя бакi мяжы аказвалiся члены адной сям'i, горыччу за страчаны час i нявыкарыстаныя магчымасцi. Тым больш важкая i маштабная дата адноўленага 82 гады таму нашага адзiнства, дзякуючы якому Беларусь выстаяла ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, заняла ганаровае месца ў мiжнароднай супольнасцi, стала адным з сузаснавальнiкаў ААН.
Да Дня народнага адзiнства журналiсты «Р» падрыхтавалi серыю публiкацый аб тым, што значыць 17 верасня для краiны i для кожнага з нас. Увазе чытачоў — першая з iх.
Станцыя Негарэлае была адзiнымi чыгуначнымi варотамi СССР у краiны Заходняй Еўропы.
Нечаканы статус
Памiж Першай i Другой сусветнымi войнамi на беларускiх землях не сцiхалi ваенныя баталii. Юзэф Пiлсудскi, якi ўзначалiў кiраўнiцтва Польшчы, вырашыў, што яе неабходна аднавiць у межах Рэчы Паспалiтай да ўсiх яе падзелаў, а значыць, завалодаць Беларуссю, Украiнай. Ваенныя дзеяннi працягвалiся з пераменным поспехам больш за два гады. I вось ў сакавiку 1921 года савецкія рэспублікі i Польшча заключылi Рыжскі мiрны дагавор, у вынiку якой апошняя атрымала амаль палову тэрыторый i насельнiцтва Беларусi: мяжа прайшла за некалькi дзясяткаў кiламетраў на захад ад Мiнска па ўмоўнай лiнii Глыбокае — Стоўбцы — Нясвiж — Давыд-Гарадок.А так станцыя выглядае зараз.
У вынiку невялiкая станцыя Негарэлае ў напрамку Баранавiчаў нечакана набыла ледзь не мiжнародны статус i стала адзiнымi чыгуначнымi варотамi ў краiны Заходняй Еўропы. Сёння, мiнаючы яе ў электрычцы, мала хто здагадваецца, што з 1921 да 1939 года тут размяшчалiся пагранзастава i мытня, а таксама праходзiла «перашыўка» чыгуначных саставаў з больш шырокай рускай каляi на вузейшую еўрапейскую.
Калiсьцi ў Негарэлым цягнiкi «перастаўлялi» з шырокай рускай каляi на вузейшую еўрапейскую.
— Работнiкi станцыi часта жартавалi, што ў Негарэлым яны бачаць усю Еўропу i Амерыку, — расказвае Уладзiмiр Мiшура, мясцовы краязнаўца, выкладчык гiсторыi, былы дырэктар Негарэльскай сярэдняй школы № 2. — I яны мелi рацыю, бо праз станцыю праходзiў шлях шматлiкiх дэлегацый i гасцей з краiн Заходняй Еўропы i ЗША. Праз Негарэлае праязджалi Уладзiмiр Маякоўскi i Максiм Горкi, Аляксей Талстой i Аляксандр Фадзееў, Стэфан Цвэйг i Рамэн Ралан, Анры Барбюс i Герберт Уэлс, а яшчэ вельмi шмат знакамiтасцей, грамадскiх i палiтычных, культурных i спартыўных дзеячаў. У сярэдзiне 1920-х гадоў на ўчастку Мiнск — Негарэлае праклалi другую лiнiю чыгуначных пуцей. У 1926 годзе адкрыты рэгулярныя чыгуначныя маршруты Уладзiвасток — Масква — Варшава — Берлiн — Парыж праз Мiнск — Негарэлае — Стоўбцы. З Негарэлага пачыналiся маршруты кур'ерскiх транскантынентальных цягнiкоў Негарэлае — Уладзiвасток. Iснаваў заходнееўрапейскi маршрут Парыж — Негарэлае, праз станцыю праходзiў мiжнародны экспрэс Маньчжурыя — Стоўбцы.
Уладзiмiр Мiшура ведае ўсё пра гiсторыю станцыi Негарэлае.
Паколькi станцыя Негарэлае засталася на савецкай тэрыторыi, людзi тут жылi добра. Работы хапала: асноўным заняткам мясцовага насельнiцтва было абслугоўванне чыгункi, а таксама мытнi. Працавалi i на зямлi: у Дзяржынскiм раёне знаходзiлiся чатыры машынна-трактарныя станцыi, адна з iх размяшчалася ў Негарэлым i мела аж 30 трактароў.
Верагодна, вельмi крыўдна было глядзець на тэхнiку сялянам-заходнiкам, якiя апынулiся пад польскiмi панамi: яны яшчэ аралi на конях. А вiдаць было добра…
Далей ўжо была Польшча...
— Мяжа раздзялiла суседнiя вёскi, у якiх жыла радня, i прайшла па сенажаці памiж iмi ўзаранай паласой, — Уладзiмiр Харытонавiч чуў нямала апавяданняў пра жыццё «пад палякамi». — З аднаго боку працавалi савецкiя беларусы, з другога — польскiя. Гэта была адзiная магчымасць убачыць сваякоў, больш яны нiяк не маглi сустрэцца. Жыхары вёскi Вялiкае Сяло назiралi такую сцэнку: «Сястра, родненькая! Як ты там жывеш?» — крычыць жанчына з польскага боку сенажаці. I тут жа побач узнiкае паляк на канi: «Цо, захцела да бальшэвiкаў, пся крэў?» — i бiзуном перацягвае яе па спiне.
Сялянскiя гонi адзеты ў кайданы,
У вузкiя межы ўвагнаны палi.
Гаруе там брат наш, гiбее пад панам —
Жахлiвасцю вее з Заходняй зямлi... — пiсаў Якуб Колас.
«Всходнiя крэсы»
Далучаныя беларускiя землi палякi называлi «всходнiмi крэсамi» i ўспрымалi як рынак таннай рабочай сiлы, сыравiнны прыдатак, а таксама месца збыту ўласнай прадукцыi. Будаваць тут буйныя прамысловыя прадпрыемствы, школы, бальнiцы, бiблiятэкi нiхто не збiраўся. Пашыралася хiба толькi сетка каральных устаноў: любыя спробы этнiчнага самавыражэння не проста iгнарыравалiся, а жорстка каралiся. Iнакш як нацыянальным генацыдам гэта назваць нельга.— За гады знаходжання ў складзе Польшчы эканамiчны стан Заходняй Беларусi так i не падняўся вышэй за ўзровень 1914 года, — канстатуе Сяргей Трацяк, загадчык аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН. — Вялiкая эканамiчная дэпрэсiя, якая закранула ўвесь свет, у Польшчу прыйшла са спазненнем i мела разбуральны характар — асаблiва для нашых зямель. Паўночна-ўсходнiя ваяводствы, як iх называлi, заставалiся на апошнiм месцы па вытворчасцi электраэнергii, спажываннi прамысловых i каланiяльных тавараў, мяса. Мiж тым Заходняя Беларусь давала Польшчы велiзарную долю лесаматэрыялаў, сельскагаспадарчай прадукцыi, 41 працэнт вытворчасцi лёну.
Каб падняць узровень развiцця паўночна-ўсходнiх ваяводстваў, неабходны былi масiраваныя дзяржаўныя капiталаўкладаннi, падтрымка мясцовай прамысловасцi i народных промыслаў, крэдытаванне сялянскiх гаспадарак, падаткi па знiжанай стаўцы, мелiярацыя. Але на гэта польскае кiраўнiцтва не пайшло. Падаткi аказалiся непад'ёмнымi для людзей, пераважная большасць якiх займалася сельскай гаспадаркай. Асаблiвасць заключалася ў тым, што сялянскiя гаспадаркi былi ў асноўным маленькiмi i не маглi атрымаць дастаткова прадукцыi, каб жыць за яе кошт. Сяляне былi вымушаны прадаваць сваё зерне i мяса, каб заплацiць дзяржаўныя i мясцовыя падаткi, а затым на кабальных умовах наймалiся да заможных сялян, асаднiкаў, памешчыкаў, каб выжыць.
Работнiкi станцыi бачылi розныя дэлегацыi i знакамiтых гасцей.
Польская дзяржава лiчыла беларусаў не асобным народам, а масай, з якой трэба зляпiць палякаў. Адразу ж пачалося наступленне на беларускую школу. У вынiку да 1938/39 навучальнага года не засталося нiводнай школы нi з беларускай мовай выкладання, нi двухмоўнай. З чацвёртага класа школа была платнай, кошт года навучання складаў 280 злотых — на той час вельмi значная сума. Хто мог яе адолець — заканчваў сем класаў i збiраўся ў гiмназiю або лiцэй, таксама платныя. Абавязковая форма для вучняў каштавала ад 100 да 200 злотых, а дзецi растуць. Да таго ж знаходзiлiся гэтыя ўстановы ў гарадах, а значыць, дзiця трэба было адпраўляць на пансiён. За ўвесь міжваенны час у iх вучылiся каля 20 тысяч беларускiх дзяцей у навучальным годзе. Вучоба ж у адзiным унiверсiтэце края — Вiленскiм — была практычна недасягальнай. За 20 гадоў лiк беларускiх студэнтаў у iм рэдка перавышаў 100 чалавек пры агульнай колькасцi ў 1700.
— Якаснае медыцынскае абслугоўванне для насельнiцтва Заходняй Беларусi было недаступным, — працягвае Сяргей Аляксандравiч. — Напрыклад, на аднаго ўрача ў Палескiм ваяводстве прыходзiлася 35 тысяч чалавек. Гэта не дазваляла змагацца з эпiдэмiямi i iнфекцыйнымi захворваннямi, на нашых заходнiх тэрыторыях гулялi эпiдэмii сыпнога, зваротнага, брушнога тыфу. Да таго ж медыцынскае абслугоўванне было платным. Таму людзi звярталiся да знахароў, i добра калi тыя мелi хоць якiя медыцынскiя веды…
Мiж iншым, палякi актыўна прапагандавалi турыстычныя паездкi ў паўночна-ўсходнiя ваяводствы. Каб паказаць… як жывуць дзiкуны ва ўмовах амаль першабытнай прыроды. Беларусы ж маглi выехаць у Цэнтральную Польшчу толькi ў пошуках працы. Дарэчы, за 18 гадоў пад юрысдыкцыяй Польшчы на пошукi лепшай долi з'ехалi 280 тысяч жыхароў Заходняй Беларусi. Гэта быў велiзарны стрэс — пакiнуць родны край, але iншага выйсця людзi не бачылi. Мэта была адна: зарабiць грошы, вярнуцца i купiць зямлю. Памятаеце, як у Якуба Коласа: «Купiць зямлi, прыдбаць свой кут, каб з панскiх выпутацца пут».
Недалёка ад Негарэлага створаны ваенна-гiстарычны комплекс «Старая мяжа», дзе адноўлена пагранiчная застава таго часу.
Святы дзень
— 17 верасня 1939 года стала святым днём для беларусаў! — упэўнены Уладзiмiр Мiшура. — Народ нарэшце аб'яднаўся ў складзе адной дзяржавы.Нагадаем, 1 верасня 1939 года гiтлераўская Германiя напала на Польшчу, а ўжо 17 верасня Рабоча-сялянская Чырвоная армiя рушыла ў вызваленчы паход. Дарэчы, мяжу яна перайшла якраз у раёне станцыi Негарэлае. Зразумела, чырвонаармейцы не сустрэлi нiякага значнага супрацiўлення, ды i тое аказвалi жандары, атрады польскага Корпуса аховы пагранiчча. Мясцовае ж насельнiцтва бачыла ў iх сваiх родненькiх збавiцеляў.
Насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала чырвонаармейцаў як вызваліцеляў.
— Аднаўленне вызваленых тэрыторый, падцягванне iх эканомiкi i сацыяльнай, адукацыйнай сфер запатрабавала часу i сродкаў, — адзначае Сяргей Трацяк. — Каб iх атрымаць, згортвалi праграмы, прадугледжаныя трэцяй пяцiгодкай, бралi ў пазыку ў саюзнага кiраўнiцтва, iншых саюзных рэспублiк. Ужо ў 1940 годзе ў кожным абласным цэнтры адкрылiся педiнстытуты, па сутнасці, унiверсiтэты, у якiя быў амаль свабодны доступ. Вышэйшая адукацыя каштавала грошай, але зусiм невялiкiх. Савецкая адукацыйная сiстэма была лаяльная да тых, хто не мог плацiць. А за поспехi ў вучобе савецкi студэнт атрымлiваў дзяржаўную стыпендыю.
Сёння ад мяжы, якая рванай ранай праходзiла праз цела нашай краiны за ракой Сулай, у раёне станцыi Коласава, амаль нiчога не засталося. Аднак недалёка ад Негарэлага створаны ваенна-гiстарычны комплекс «Старая мяжа», дзе адноўлены пагранiчная застава таго часу, будынкi казармы, канюшнi, камендатуры i мытнi.
Каб памяталі...
nevmer@sb.by