Мосар: памiж небам i зямлёй...
13.01.2007 01:00:00
Хаця, хто ведае, магчыма, iмёнаў было больш, толькi не захавала iх гiстарычная памяць. Пры раскопках археологаў, а тутэйшыя курганныя могiльнiкi выявiў i даследаваў у канцы ХVIII стагоддзя вядомы вучоны В.Мiнлiх, былi знойдзены клiнападобныя i свiдраваныя каменныя сякеры. Цяпер Мосарскi камоiд — геалагiчны помнiк прыроды. У наваколлi, увогуле, шмат курганоў, iх называюць шведскiмi i французскiмi. I нават iснуе паданне, што ў адным з iх закапана падвода з грашамi, быццам бы пакiнутая адступаючымi французамi.
У дакументах 1514 года ўпамiнаецца ўжо ўладальнiк маёнтка Мосар Юры Зяновiч, намеснiк браслаўскi. З гэтай даты бярэ адлiк гiсторыя вёскi. Феадалам забаранялася ў той час засноўваць прыватныя мястэчкi — улады матывавалi гэта тым, што мiжгарадскiя гандлёва-рамесныя цэнтры павялiчвалi даходы казны. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 года скасаваў iснуючыя абмежаваннi. А дагэтуль толькi буйныя магнаты маглi атрымаць вялiкакняжацкiя прывiлеi. Вось i ў грамаце караля Жыгiмонта Аўгуста ад 11 кастрычнiка 1554 года, выдадзенай ужо Яну Мiхайлавiчу Зяновiчу, было дазволена “при именью его Мосары над р.Дисною местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожитку у его мети”.
Пазней таржкi-кiрмашы ў Мосары ладзiлiся два разы на год, 24 i 29 чэрвеня i суправаджалiся абавязковым пакланеннем святынi — храму святой Ганны, якi быў пабудаваны ў 1792 годзе, дзе захоўвалiся мошчы святога Юстына. Да рэвалюцыi ўся Дзвiнская акруга з’язджалася на кiрмаш у Мосар.
З усяго карагоду знакамiтых шляхцiцаў, валадароў Мосара, выдзяляецца род Бжастоўскiх. Знакамiтыя мужчыны былi ў гэтым родзе: генералы, маршалкi, чашнiкi, паслы ў сейме... Яны ўмелi любiць Айчыну. За ўдзел у паўстаннi 1831 года нават частка зямель Бжастоўскiх была канфiскавана. Членам паўстанцкага камiтэта ў Дзiсенскiм павеце быў граф Аўгуста Бжастоўскi.
Хваляваннi не абышлi мястэчка i ў 1863—1864 гадах, у наваколлi нават знаходзiлi “лiстоўкi пад назвай “Мужыцкая праўда” № 5 i 6.
Мы можам толькi здагадвацца, як кахаў сваю маладую жонку Ганну з роду Плятэраў Роберт Бжастоўскi i яна яго. Несумненна, было пачуццё вялiкiм i прыгожым, бо застаўся помнiк на вякi. “У 1792 годзе Роберт i Ганна Бжастоўскiя, кашталяне полацкiя, пабудавалi ў Мосары мураваны касцёл святой Ганны i запiсалi “фундуш” з 1000 чырвоных злотых, якi быў зацверджаны бiскупам вiленскiм Iгнатам Масальскiм. У сярэбранай труне (“рацы”) былi пахаваны рэлiквii святога Юстына, раней перавезеныя ў Мядзел, а потым перазахаваныя ў гэтым касцёле. Тут жа пахаваны яго заснавальнiк i нашчадкi Бжастоўскiх”. Гэтыя звесткi ўтрымлiваюцца ў кнiзе “Памяць” Глыбоцкага раёна.
Мосарскi касцёл святой Ганны — архiтэктурны помнiк класiцызму. Акружаны мураванай агароджай з брамай i адасобленай званiцай.
Менавiта з касцёлам святой Ганны звязаны i цяперашнi росквiт Мосара. А калi быць дакладным i справядлiвым, з iмем яго настаяцеля Ёзаса Булькi. Падчас знакамiтай кампанii барацьбы з п’янствам i алкагалiзмам работнiк аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Вiльнюса, прылюдна пакрытыкаваў за беспрабуднае п’янства менавiта таго, хто ў першую чаргу павiнен быў весцi барацьбу за цвярозы лад жыцця — сакратара парткама. Натуральна, той застаўся без работы. Амаль у 60 гадоў жыццё давялося пачынаць ледзьве не занава.
Мястэчкi, мiж iншым, адрознiвалiся i ад горада, i ад вёскi не толькi гаспадарчай дзейнасцю i ўкладам жыцця. За стагоддзi склаўся ў местачкоўцаў свой, асобны менталiтэт i свая культура. Нiколi гаспадыня тут не выскачыць нават на падворак у замурзаным халаце. Зборы ж у храм нагадваюць прыгатаваннi па крайняй меры да першага спаткання.
— Так што ведаў Булька на чым “сыграць”, каб абудзiць цiкавасць да адраджэння касцёла нават у тых, хто забыўся пра веру за савецкiя часы, — усмiхаецца старэйшына вескi Мосар Анатоль Мiхайлавiч Кадушка. — Пад самымi сценамi храма на той час пасвiлi кароў. Жанчыны нашы прыбяруцца, як нявесты, а прабiраюцца да храма ў сваiх лепшых чаравiчках праз бруд... Вось з такой будзённасцi i пачалiся аднаўленчыя работы.
14 гадоў спатрэбiлася Ёзасу Бульку i яго памочнiкам, каб стварыць у Мосары “горад жывых i горад мёртвых”. Ландшафтны парк, створаны тут, знаходзiцца пад апекай ЮНЕСКА. Штодзень у любую пару года i любое надвор’е прыязджаюць сюды вернiкi i турысты. Хто прыязджае ў Мосар паўдзельнiчаць у набажэнстве, хто падзiвiцца на вялiкi крыж, устаноўлены на пагорку, цi першы ў свеце помнiк папу Iаану-Паўлу II ля ўваходу ў храм, цi на 14 створаных самiмi вернiкамi каплiчак, а хто проста “дыхнуць глыток прыгажосцi”...
Дарэчы, аўтарам iдэi стварэння першага на Зямлi помнiка папе Iаану-Паўлу II быў Булька, якi меў гонар калiсьцi ўдастоiцца прыёму ў папы, а скульптары Павел Хомiч, Сяргей Грабеня i Аркадзь Шыбека ўвасобiлi яе ў жыццё.
Сёння прыгажосць “распаўзаецца” з Мосара па наваколлю i нават далёка за межамi i Вiцебскай вобласцi, i нашай краiны.
Ёзас Булька вучыць усіх жадаючых. Для гэтага, маўляў, не трэба вялікіх намаганняў: вазьміце расток мушкету і пасадзіце побач з каменем — вось і гатова прывабная кампазіцыя.
— У нас многiя ўжо засвоiлi ўрокi Булькi, — расказаў старшыня Удзелаўскага сельсавета Вiктар Карман. — Цэлая “вайна” iшла за мясцовыя могiлкi: убяром “персанальныя” агароджы, а яны назаўтра з’явяцца зноў. Пакуль людзi зразумелi, як гэта прыгожа, якi пакой на душы пасяляецца тут. Восем вёсак складае парафiя, у кожнай свой пагост, але ўсе жадаюць “мець гонар” пахаваць сваiх блiзкiх на мосарскай кальварыi. У касцёле адпяваюць i праваслаўных.
Мiж iншым прыгажосць спрыяе i адкрыццю талентаў. Ужо каля 80 гадоў мае жыхарка Мярэцкiх Марыя Антонаўна Сянько, а якiя цудоўныя фiгуры лепiць з глiны. З каменю iх выразае Мiхаiл Машара ў Мосары, а пачынаў ён у Булькi...
— Увогуле, вялiкiя працаўнiкi — “такiх пашукаць!” — сцвярджае Вiктар Казiмiравiч, жывуць у Мосары i навакольных вёсках. Больш за 400 тон малака здаюць за год вяскоўцы, ёсць падворкi, адкуль штодзень забiраюць па 14—15 лiтраў. Штогод Глыбоцкi раён па закупу малака ад насельнiцтва займае першае-другое месца ў вобласцi, а Удзелаўскi сельсавет — другое-трэцяе ў раёне.
У Мосары працуе i старэйшы на Глыбоччыне льнозавод. Апошнiм часам, асаблiва з прыходам дырэктара Вiктара Кейзiка, прадпрыемства выходзiць з заняпаду. Уласнымi сiламi вырошчваюць 300 гектараў льну, адрамантавалi пакоi адпачынку, душавыя, гардэробы, аднавiлi вытворчыя цэхi.
Жыве ў Мосары сёння 480 чалавек, тут 250 двароў. За апошнiя 8—10 гадоў толькi чалавек 20 з’ехалi адсюль, i то, напрыклад, калi атрымлiвалi жыллё ў аграгарадку Удзела, дзе пабудавалi 17 дамоў па прэзiдэнцкай праграме.
Сама бачыла: iдуць па мосарскай вулiцы трое добра-такi падпiтых маладых дзецюкоў. А тут уязджае ў вёску аўтобус з чарговымi экскурсантамi. Хлопцы ў кусты — шусь, i нябачна iх нiдзе. Пiць на вёсцы, дзе яшчэ гадоў колькi назад гналi знакамiтую на ўсю акругу гарэлку, стала заганай. Сапраўдную вайну i выпiвохам, i вырабляльнiкам зелля з самага пачатку аб’явiў Булька. У храме нават захоўваецца спецыяльны сшытак, дзе зарок ад п’янства даюць i мужчыны, i жанчыны. А змагацца з гэтай заганай няпроста: “традыцыя” таксама мае глыбокiя гiстарычныя каранi. Немалы прыбытак дваранам, купцам, заможным сялянам прыносiлi пiцейныя дамы i корчмы. Яны былi i ў Мосары.
Аб тым, што праблемы з цвярозасцю iснавалi ўжо тады, гаворыць i ўказ Сталыпiна ад 9 лiстапада 1906 года, у якiм стаўка на аднаўленне сельскай гаспадаркi рабiлася “не на ўбогiх i п’яных, а на моцных i дужых”.
Зжыць поўнасцю такiя праблемы, напэўна, яшчэ не ўдавалася нiкому. Застаюцца яны i ў Мосары.
I тым не менш нi мясцовыя ўлады, нi Булька рукi не апускаюць. Па крайняй меры зжыты апошнi вясковы самагоншчык. А кожны год у Мосары працуе лагер-летнiк для мясцовых школьнiкаў. Абавязкова ў яго састаў уключаюцца рабяты, якiя стаяць на улiку ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх. Ды i дарослых нярэдка бярэ Булька да сябе ў храм — на перавыхаванне. Пачула ад вяскоўцаў пра святара: “Наш Макаранка”.
У вёсцы няма клуба, а маладзёжныя “тусоўкi” праводзяцца на плошчы ля храма. Вяскоўцы расказвалi, што Булька быў iнiцыятарам закрыцця клуба, бо танчыць моладзь збiралася ўжо на добрым падпiтку: лiчылася, што без алкаголю не стварыць настрою. А вось мерапрыемствы, пераконваў святар, што ладзяцца, так бы мовiць, пад эгiдай касцёла, i вясёлыя, i духоўныя.
Тут адкрыты i фiлiял Глыбоцкага краязнаўчага музея. Ён таксама прыцягвае шматлiкiх турыстаў. Але больш за ўсё вабiць створаная прыгажосць. Мосарцы яўна ганарацца, асаблiва сустракаючы замежных гасцей: “Малы Мосар, а прадстаўляе ўсю краiну!”