12-летняя могилевчанка Арина Пехтерева на детском «Евровидении» споет про пандемию
27.11.2020 08:56:00
Ольга КИСЛЯК
Паслязаўтра ў Варшаве стартуе дзіцячае «Еўрабачанне». У сувязі з пандэміяй каронавіруса сёлета конкурс пройдзе ў незвычайным фармаце — стрым. Такое рашэнне прынята дзеля бяспекі юных удзельнікаў «еўрасонга» і ў сувязі з закрыццём межаў. Нашу краіну на ім прадставіць магіляўчанка Арына Пехцерава, вучаніца гімназіі № 1, салістка прадзюсарскага цэнтра «Ангелы добра». Харызматычная, яркая і, несумненна, таленавітая. Ёй 12, а яна ўжо ўдзельнічала ў расійскім тэлешоу «Голас. Дзеці», заваявала каля 30 Гран-пры разнастайных конкурсаў, двойчы станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Аб падрыхтоўцы да галоўнага ў сваім жыцці праекта, стаўленні да «дыстанцыёнкі» і марах Арына расказала напярэдадні «Еўрабачання» нашаму карэспандэнту.
Арына Пехцерава прадставіць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні-2020».
Выступіць на «Еўрабачанні» Арына хацела з шасці гадоў — з той пары, як стала браць урокі вакалу. Двойчы выходзіла ў фінал нацыянальнага адбору, а калі даведалася, што яе мара нарэшце спраўдзілася і менавіта яна прадставіць нашу краіну на міжнародным музычным конкурсе, скакала ад радасці. Прызнаецца, што радасць трохі азмрочыла навіна пра тое, што «Еўрабачанне» перавялі на «дыстанцыёнку» і ніхто з удзельнікаў у Польшчу не паедзе — спяваць яны будуць «па дамах».
— Сённяшні фармат такі: 29 лістапада ў эфіры прагучаць загадзя запісаныя ў студыях краін-удзельніц (іх усяго 12) кампазіцыі. Каб шанцы ў дзяцей былі роўнымі, а выступленні адпавядалі агульнай канцэпцыі, Еўрапейскі вяшчальны саюз прадугледзеў канкрэтны рэгламент здымкі конкурсных нумароў: дызайн сцэны і тэхнічнае абсталяванне ўсіх павільёнаў павінны быць аналагічнымі, — удакладніла намеснік дырэктара тэлеканала «Беларусь 1», каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза Вольга Саламаха. — Песню Арыны «Прышэльцы» запісвалі ў самай вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі — «600 метраў». З Мінска Арына ў дзень правядзення «Еўрабачання» будзе выходзіць на сувязь з прафесійнымі вядучымі і камандай у Варшаве. Убачыць глядач і цырымонію адкрыцця, і конкурсныя нумары, і пралог, і візіткі ўдзельнікаў. А пакажуць прамую трансляцыю конкурсу тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».
— Конкурсную песню можна было выконваць колькі заўгодна разоў, пакуль не даб’ешся ідэальнага гучання і «карцінкі». У мяне выйшла з другога дубля. І то не з-за вакалу, а з-за прэтэнзій да святла, выстаўленага ў павільёне... Дарэчы, ён быў аформлены шыкоўна. Гэта казка, я б нават сказала, космас! І сукенка ў мяне адпаведная. Калі ехала ў Мінск на запіс, думала, што буду ў адным строі, але на ўсялякі выпадак прыхапіла з гардэроба ўсё самае лепшае. У тым ліку плашч, на які мы са старэйшай сястрой Інарай нанеслі словы з песні для «Еўрабачання». І ён спатрэбіўся!
Песню «Прышэльцы» з рускай на англійскую — на гэтай мове яна прагучыць на «Еўрабачанні» — таксама пераклала Інара. А ў хуткім часе будзе гатовы кліп па-беларуску, яго запусцяць на Youtube. Што яе кампазіцыя не пра каханне, а пра хваробы, Арыну не бянтэжыць. Дзяўчынка верыць: яе зразумее кожны, незалежна ад таго, у якой краіне жыве.
— Пандэмія закранула ўсіх: людзі хварэюць, з-за каронавіруса сталі менш сустракацца, кантактаваць. Але пасыл песні пазітыўны: разам мы зможам супрацьстаяць пагрозе. А яшчэ яна пра тое, што трэба берагчы сваю планету. На свой голас і сэнсавы, філасофскі складнік песні я ў першую чаргу і раблю стаўку. І вельмі хачу хутчэй прадставіць «Прышэльцаў» свету.
А пакуль у прадчуванні грандыёзнага свята пад назвай «Еўрабачанне» Арына старанна... прагульвае школу. Бо кожны дзень у яе рэпетыцыі ў Магілёве і Мінску — рыхтуецца да запісу новага кліпа, паралельна дае інтэрв’ю і праводзіць фотасесіі. З-за напружанага графіка спаць нярэдка кладзецца а другой-трэцяй гадзіне ночы. Але на стомленасць не наракае. І наконт таго, што адстане ад аднагодкаў у школе, не перажывае:
— Больш за ўсё люблю алгебру, але і з астатнімі прадметамі ўсё ў парадку: дзявяткі, дзясяткі. Вучоба мне даецца лёгка, так што, упэўнена, хутка ўсё навярстаю. Да таго ж англійскую я падчас падрыхтоўкі да «Еўрабачання» нават падцягнула — даю на ёй інтэрв’ю. А прагульваю я з дазволу настаўнікаў — у мяне вызваленне ад урокаў да 1 снежня.
Падтрымліваць Арыну будуць родныя, сябры, аднакласнікі. І, вядома, суайчыннікі. І яна спадзяецца, што не расчаруе іх.
kislyak@sb.by