Міёрская аграсядзіба прапануе адпачыць у сямейным летніку рамёстваў
19.06.2021 14:01:00
На Міёршчыне прапануюць сямейную школу рамёстваў і пазнавальныя гісторыі пра людзей роднага краю
Да ідэі сямейных летнікаў гаспадыня аграсядзібы «Мацейкава сяліба» Галіна Паўлоўская прыйшла не адразу:
Галіна Паўлоўская праводзіць экскурсію ў Музеі вясковай гісторыі.
— Паколькі сама я дзіця роднага Пераброддзя, то падчас замежных навучальных паездак заўсёды цікавілася, як жывуць людзі ў вёсках. У адной літоўскай аграсядзібе вельмі ўразіў ганчарны пленэр: гаспадары збіраюць майстроў з наваколля, камунікуюць, лепяць гліняныя вырабы, ладзяць выставы. У нас у Пераброддзі не захапляюцца ганчарствам. Аднак я ўспомніла, што мае дзядуля і цётка валялі валёнкі. Традыцыі рамяства перадаваліся ў пакаленнях. Зразумела, што наша творчасць павінна быць звязана з воўнай і лямцам. Першы летнік па валенні з воўны прайшоў у 2010 годзе. За пяць год склаўся касцяк удзельнікаў. У аграсядзібе «Арэхава» на Браслаўшчыне дзейнічала «Акадэмія лёну». Так з’явіўся Міёрска-Браслаўскі агратурыстычны кластар. Потым захацелася штосьці перадаць унукам. Адарваць іх хоць на нейкі час ад гаджэтаў. Запрасіла паўдзельнічаць у сумеснай творчасці іншых дзяцей разам з бацькамі. Так нарадзіўся сямейны летнік «Мы разам!».
У Галіны Уладзіміраўны вялікі род, і яна, як ніхто, ведае сакрэты сямейнага шчасця. Усе тутэйшыя, майстравітыя. Ад сямейнікаў засталіся інструменты і рыштунак, рэчы і посуд, сеткі, якія яны плялі і якімі лавілі рыбу. Экспанатаў набралася на цэлы музей, які стварылі падчас трылогіі Года малой радзімы. Там стаіць мэбля, вырабленая дзедам Мацеем, куфэрачак — з ім хадзіў на заробкі ў Рыгу. Ён працаваў з дрэвам, скурай, воўнай. Захаваліся капылы, на якіх валяў валёнкі і шыў абутак, варштат і розныя інструменты, якімі карыстаўся яшчэ і бацька маёй субяседніцы пры будаўніцтве хаты, дзе жыло тры пакаленні Паўлоўскіх, з цеплынёй кажа Галіна Уладзіміраўна:
Разам з хатай Мацея стаяла яшчэ сем дамоў радні — значная частка мястэчка. На гарышчах сялібы і збіралі дарагія сэрцу рэчы, да кожнай з якіх датыкаліся рукі продкаў. Адсюль і назва «Музей вясковай гісторыі». Там Галіна Уладзіміраўна распавядае шмат паданняў і цікавостак з жыцця сваіх суродзічаў і аднавяскоўцаў.
Адна з гісторый — пра куфэрак бабулі Зузаны. У яе і прозвішча было рэдкае — Рост. Напэўна, пайшло з балцкіх народаў. Дзед Мацей хоць і быў майстрам на ўсе рукі, але па характары вельмі спакойны, жыў у маленькай хатцы з нізенькай столлю, меў невялікі надзел зямлі. Таму дзяўчаты-мяшчанкі (Пераброддзе некалі валодала Магдэбургскім правам, мела свой герб) не хацелі за яго замуж. Тады Мацейка, як ласкава называлі яго ў мястэчку, запрог каня ў вазок, паехаў у суседнюю вёску Лінкаўшчыну і сасватаў там прыгожую дзяўчыну. Калі Зузана пераязджала да Мацейкі, спачатку везлі на кані пасажны куфар, які, дарэчы, захаваўся да гэтай пары. З усяго мястэчка збіраліся старыя кабеты глядзець, ці добрую ж нявесту ўзяў зямляк: што яна там наткала, ці тонкае палатно, ці добра адбеленае, што вышыла? Нявеста аказалася ўсім на зайздрасць. Потым жонкай стала адданай і працавітай: нарадзіла пяцёра дзяцей, разумна камандавала мужам.
Амаль у кожнай хаце ў мястэчку пяклі хлеб. З гэтым успамінам гаспадыні звязана іншая гісторыя:
— Я памятаю, як маці расчыняла жытнёвы хлеб. Гэта было свяшчэннадзейства. Вымывалася хата, маці надзявала ўсё чыстае. А мы з братам сядзелі ціхенька, каб падышло цеста, бо яно не любіць шуму, мітусні ды скразнякоў. Хлеб садзілі ў печ на лапаце. Але, як распавядала мая бабуля, быў у нас і абрад дапякання. Так, пра чалавека нягеглага бабуля часам казала, што ён «недапечаны», нават прозвішчы такія сустракаюцца. Калі з дзіцём было нешта не так, палілі печ, немаўля клалі на лапату і садзілі ў печ на некалькі імгненняў, — і такая гісторыя Галіны Уладзіміраўны захапляе гасцей. Расповеды слухаюць на адным дыханні.
Нядаўна ў «Мацейкавай сялібе» завяршылася сямейная школа «Вясёлка рамёстваў», у якой дзеці працавалі з воўнай, саломай, глінай, ткалі, рабілі маляванкі і выцінанкі. У лагеры на ўлонні прыроды сабраліся 12 хлопчыкаў і дзяўчынак і дзве бабулі. Удзельнікі прыехалі з Наваполацка, Мінска, Дзісны, Міёр. Адпачывала адна сям’я з Барысава, спецыяльна падладзіўшыся пад гэты летнік. Усе надзвычай таленавітыя, шчырыя і дружалюбныя. З імі займаліся вопытныя майстры з Мінска, Браслава, Пастаўскага раёна. За дзесяць дзён удзельнікі летніка так пасябравалі, што, няма сумневаў, раз’ехаўшыся па сваіх гарадах, будуць падтрымліваць стасункі.
Моцным штуршком да развіцця рэгіёна стаў праект «Разам для грамады і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізоўваецца райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам. У яго межах мясцовыя жыхары пачалі шэраг новых ініцыятыў, якія зробяць жыццё сярод азёр і балот больш насычаным рознымі падзеямі і атракцыямі. Ствараюцца веламаршруты, экалагічныя пляцоўкі для дзяцей, закладзена алея з бэзу (дзе ў будучым плануецца ладзіць бэзавы фестываль), запланаваны семінары, майстар-класы, адукацыйныя праграмы і святы з удзелам носьбітаў традыцыйнай культуры. Запрацавала майстэрня па вырабе маляваных пернікаў з выявамі балотнага краю. Нацагенцтвам па турызме атэставана больш за дзесяць мясцовых «балотных» гідаў. І ў кожнага свае фішкі. Алена Палякова, у прыватнасці, спалучае экскурсіі з легендамі, загадкамі, эксперыментамі, птушынымі квізамі, расшыфроўкай звярыных слядоў і медытацыяй. У праграме іншых гідаў ёсць як сямейныя экскурсіі, так і туры на выпрабаванне з начлегам пасярод балота, інтэлектуальныя гульні, вандроўкі па драўляным насціле ці басанож па імху, птушыныя экскурсіі, у тым ліку начное назіранне за совамі.
Гэта толькі невялікая частка таго, што можна пабачыць і адчуць на Міёршчыне. Выбар у сельскіх турыстаў надзвычай багаты.
klimovich@sb.by
Фота прадастаўлена Галінай Паўлоўскай