Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў заўсёды быў адкрытым, прынцыповым і шчырым не толькі ў сваёй творчасці, але і ў асабістых меркаваннях
15.04.2015 12:34:09
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў заўсёды быў адкрытым, прынцыповым і шчырым не толькі ў сваёй творчасці, але і ў асабістых меркаваннях. Часта, асабліва ў маладосці, яму даставалася, як гаворыцца, за характар.
Але быў такім раней, застаецца верны тым жа прынцыпам і цяпер (у лютым Леаніду Шчамялёву споўнілася дзевяноста два гады). Пераконваўся ў гэтым не аднойчы, калі ўдавалася сустрэцца і пагутарыць з вядомым мастаком.
Нашы размовы датычыліся не толькі мастацтва, культуры, да якіх ён, зразумелая рэч, неабыякавы. Заўсёды цікавымі падаваліся яго меркаванні аб жыцці, гісторыі і сучаснасці. Багаты досвед дазваляў Шчамялёву быць праніклівым.
У апошні час яго часта “заводзіла” сітуацыя на Украіне. Але нават ён не мог знайсці тлумачэння таму, што там адбываецца. Толькі прамаўляў з хваляваннем: “Як такое магло адбыцца? Як дапусцілі? Гэта ж вайна: гінуць людзі…”. Ключавым тут было слова “вайна”, аб якой ён ведае многае. У саракавых, дарэчы, ваяваў за вызваленне Украіны ад фашыстаў.
І менавіта адкрытасць, сумленнасць, крывёй заробленае права пісаць праўду “аб тым, што было”, плюс талент, высокі прафесіяналізм і ляжаць у аснове шчамялёўскага выяўленчага летапісу аб вайне. А яго ваенную біяграфію я засвоіў добра з частых аповедаў.
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў і ягоная карціна “Развітанне з радзімай”
22 чэрвеня 1941 года. Гэтая раніца ў нядзелю пачыналася для 18-гадовага Леаніда сонечна і весела. Настрой выдатны, усё ў парадку — побач бацькі, сябры, цудоўная прырода, прывычны гоман Полацкага кірмашу і роднай вуліцы, ядраны пах коней, што ідуць на вадапой, халаднаватая свежасць ракі. Карацей, навакольны свет падаваўся казачным, светлым і радасным.
У тую раніцу Лёня з хлопцамі адправіўся на раку Віцьбу — левы прыток Заходняй Дзвіны. На лодачнай станцыі ўзялі лодкі, дружна налеглі на вёслы і пад песеньку “По морям, по волнам, нынче здесь — завтра там...” аказаліся ў сваёй роднай стыхіі, на сярэдзіне ракі. І раптам у 12 гадзін чорны рэпрадуктар на лодачнай станцыі абвясціў, што зараз выступіць намеснік Старшыні Савета Народных Камісараў СССР, наркам замежных спраў Молатаў.
Вайна! Людзі ў паніцы разбегліся хто куды, Лёня з хлопцамі таксама пабеглі дадому. Адна-адзіная думка не давала спакою: што ж здарылася? Толькі тыдзень назад ТАСС паведаміла, што вайны не будзе, і вось — на табе! І ўжо на наступны дзень першыя авіябомбы нямецкіх “юнкерсаў” былі скінутыя на Віцебск дзесьці ў раёне аэрадрома і нафтавых аб’ектаў. Адна бомба разарвалася побач з універмагам “Люкс”. Але самае страшнае для віцяблян у гэтай сітуацыі было тое, што той армадзе чорных злавесных птушак не было ніякага супрацьстаяння! Нашы зеніткі чамусьці маўчалі. І гэта выклікала жах! Леаніду ўспомніўся страшны сон маці, які яна ўбачыла напярэдадні: нейкая вялізная чорная маса птушак пакрыла неба над Віцебскам. Але хто тады верыў у містычныя сны!
Праз некалькі дзён бацьку, Дзмітрыя Аляксеевіча, прызвалі ў армію. І ў складзе чыгуначнага батальёна, без зброі, з адным клункам за плячамі, ён пайшоў у напрамку Суражскай шашы. Апошнімі словамі, якія родныя пачулі ад яго, былі: “Чакайце, я хутка вярнуся...” Не вярнуўся. Дзе і як загінуў — невядома...
3 ліпеня віцябляне пачулі па радыё выступленне Сталіна: “Таварышы! Грамадзяне! Браты і сёстры!..” І зразумелі, што, як горка жартавалі тады, “справа пахне газай”. 5-6 ліпеня 1941 года стралковая дывізія яшчэ стрымлівала націск ворага на мяжы вёсак Гняздзілава — Ліпна — Парнева — Машканы — Аляксандрава. 10 ліпеня войскі вымушаны былі пакінуць Віцебск.
Але ўжо за два дні да гэтага ў горадзе амаль нікога з жыхароў не засталося. Нечакана з’явіўся муж сястры Галіны: іх полк вось-вось павінен быў адпраўляцца на перадавую. Галя да таго часу была на сёмым месяцы цяжарнасці. Муж сказаў, што нямецкую махіну цяпер спыніць немагчыма і трэба, пакуль не позна, хутчэй збірацца ў шлях, далей ад фронту: жонцы савецкага кадравага афіцэра нельга заставацца ў Віцебску.
Пайшлі да каменданта горада генерал-маёра Трасценкі. І той падпісаў Леаніду, які суправаджаў цяжарную сястру і маці, пропуск на выезд. Тады з горада не так проста было вырвацца: быў вельмі жорсткі кантроль за эвакуацыяй насельніцтва.
Маці, Агаф’я Венядзіктаўна, з Леанідам і Галінай ледзь паспелі пагрузіцца ў літаральна апошні эшалон, які ішоў на ўсход. Пад Рудняй эшалон накрыла варожая авіяцыя. І тады Леанід упершыню “ва ўпор” убачыў, што такое смерць і гора людскае. Мужчын у эшалоне было мала, у асноўным жанчыны і дзеці, — і цяжка ўявіць сабе, што там рабілася. Калі самалёты адбамбіліся, жывыя пахавалі загінуўшых, дапамаглі параненым. Тут жа, пад Рудняй, быў выкінуты нямецкі парашутны дэсант: парашуты, як успамінае Шчамялёў, “рознакаляровыя, а фігуркі пад імі — злавесна-чорныя, быццам сама смерць спускалася з нябёсаў. Парашутысты абстралялі нас з паветра, кулі свісталі дзесьці блізка, але нас, на шчасце, не зачапілі...”
Потым на папутнай палутарцы разам з ваеннымі дабраліся да паўстанка Кардымава, што на паўночным усходзе ад Смаленска, там пераселі зноў у таварны цягнік і праз Ярцава, Сафонава, Вязьму, Мажайск, пад бясконцымі бамбёжкамі, 21 ліпеня дабраліся да таварнай станцыі Масквы.
І ў гэты ж дзень сталіца зведала першы налёт варожай авіяцыі і была абвешчана першая за вайну паветраная трывога. Масква разам з тэрыторыяй Маскоўскай ваеннай акругі ўжо знаходзілася на ваенным становішчы, з масквічоў фарміраваліся дывізіі народнага апалчэння, знішчальныя батальёны, і ўся гэтая трывожная карціна, вядома, рабіла моцнае ўражанне на ўсіх бежанцаў, якія прыбывалі.
Л. Шчамялёў. “На прывале”
Беларусаў, а таксама смалян, паўадзетых, брудных, галодных, абяссіленых, без грошай і дакументаў, масквічы прынялі вельмі цёпла: перш за ўсё накармілі, затым на аўтобусах развезлі па розных месцах, часова рассялілі па кватэрах і клубах, сабралі грошы на далейшую дарогу ў глыбокі тыл. Сям’ю Шчамялёвых размясцілі ў клубе мукамолаў, супраць Казанскага вакзала, выдалі талоны на харчаванне, матрацы, коўдры, арганізавалі лазню.
У Маскву Леанід трапіў упершыню і, натуральна, выбраўшы момант, першым чынам вырашыў адшукаць Лаўрушынскі завулак, гэта значыць Траццякоўскую галерэю. Па дарозе ўбачыў вялікія стратастаты, якія ваенныя цягнулі за вяроўкі. Гэта таксама зрабіла ўражанне. А вось далей не пашанцавала: ля галоўнага фасада галерэі стаялі вартавыя, нікога не пускалі. І знаёмства з буйнейшым у свеце музеем рускага мастацтва, які Леанід з дзяцінства марыў убачыць, прыйшлося адкласці на пасляваенны час. Затое ў Астанкіна паспеў наведаць Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу, незадоўга да яе закрыцця (работа выставы была адноўлена толькі ў 1954 годзе).
Потым быў горад Іванава, дзе на кароткі час затрымаліся ў малагасцінных сваякоў мужа сястры. І зноў доўгі шлях — гэтым разам у напрамку паўднёвага ўсходу. Апошнім пунктам назначэння аказаўся горад Сямёнаў, дзе Шчамялёвы асталяваліся на прыватнай кватэры. Галя, якая мела дыплом аб заканчэнні педагагічнага тэхнікума, без цяжкасці ўладкавалася настаўніцай у пачатковай школе. Да гэтага часу яна ўжо нарадзіла сына Вілю, і клопаты па яго выхаванні леглі ў асноўным на Агаф’ю Венядзіктаўну.
Леанід, устаўшы на ўлік у ваенкамаце, пайшоў працаваць на чыгуналіцейны завод, дзе рабілі ручныя, так званыя абарончыя, асколачныя гранаты Ф-1. Хутка асвоіў зварачную справу і неўзабаве замяніў дасведчанага майстра-электразваршчыка Нячаева, якому прыйшла чарга ісці ў дзеючую армію.
Паралельна з работай Леаніду і яго аднагодкам у чаканні мабілізацыі даводзілася пад кіраўніцтвам інструктараў займацца і агульнай ваеннай падрыхтоўкай, у асноўным з вучэбнай трохлінейнай вінтоўкай Мосіна. Баявых вінтовак не хапала нават на фронце.
І вось прыйшоў доўгачаканы час: у снежні 1941 года, у адпаведнасці са жнівеньскім Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб мабілізацыі прызыўнікоў 1923 года нараджэння, Леаніда, нарэшце, мабілізавалі з групай гаркаўчан і ленінградскіх хлопцаў, пару месяцаў назад вывезеных з блакаднага кальца. Атрымаў на заводзе разлік і, развітаўшыся з роднымі, з паўтаракілаграмовай пайкай хлеба ў торбачцы, у дакладна вызначаны час прыбыў на прызыўны пункт горада Сямёнава.
Леаніда накіравалі ў сяржанцкую школу. Падрыхтоўкай будучых малодшых камандзіраў займаўся камандзір роты Плашчынскі, дасведчаны афіцэр, які паспеў прайсці баявое хрышчэнне: у самым пачатку вайны ён атрымаў сур’ёзнае раненне ў вока. Ваенныя заняткі, нягледзячы на жорсткія халады, ішлі з раніцы да вечара. Некаторыя не вытрымлівалі такіх нагрузак і адлічваліся ў лінейныя роты. Астатнія з нецярпеннем чакалі прыходу вясны і лета, але і тады не стала лягчэй, да таго ж па-зверску заядалі камары.
Л. Шчамялёў. “Аўтапартрэт”
Гэта працягвалася доўга. 2 снежня 1942 года Леанід прыняў воінскую прысягу і, атрымаўшы званне малодшага сяржанта, стаў рыхтаваць да будучых баёў маладых навабранцаў, амаль аднагодкаў, якія пастаянна прыбывалі ў полк. Было цяжка ва ўсіх адносінах, але асабліва з харчаваннем: штодзённая капуста, кармавыя буракі і ў суткі 650 грамаў цяжкага вадзяністага хлеба — вось, па сутнасці, і ўвесь салдацкі рацыён. Для маладога арганізма гэта было відавочна недастаткова.
Шчамялёву было лягчэй: які-ніякі, а ўсё ж малодшы камандзір і меў права на мізэрныя льготы. Дапамагала і тое, што здароўем ад прыроды вылучаўся зайздросным (відаць, пайшоў у дзеда), адбілася і захапленне з юнацкіх гадоў спортам: акрабатыкай, футболам, плаваннем. Павагай сярод падначаленых і начальства карыстаўся заслужана. Так ці інакш, усе рваліся на фронт, дзе, як думалі, іх чакаюць не толькі медалі, але і адпаведны добры паёк.
Вядома, былі і гадзіны адпачынку: мастацкая самадзейнасць, клуб у зямлянцы, дзе збіраліся пабатальённа, каб пагутарыць, паспяваць і патанцаваць, паслухаць радыё, даведацца пра апошнія франтавыя звесткі са зводак Саўінфармбюро, выпускалі баявыя лісткі, “маланкі”. Асабліва чакалі дня, калі прывязуць новыя фільмы. Праўда, “для поўнага шчасця” не хапала дзяўчат. Але гэта зразумела: у звальненне не было куды ісці...
Да чэрвеня 43-га былі сфарміраваныя першыя маршавыя роты і батальёны. Малодшы сяржант Шчамялёў у роце быў назначаны камандзірам аддзялення. Вось і прыйшоў іх час, вось-вось яны павінны ісці на фронт, на перадавую!
У майстэрні
Леанід Шчамялёў: “Я не гісторык, не даследчык ваенных драм, але ў мяне як чалавека дзеянні пяхоты пакінулі ўжо тады ў душы дзіўны след: не тое каб расчаравання, а нейкай глыбіннай тугі. Хоць мне было ўсяго дваццаць, ужо разумеў, што такія жорсткія бітвы, у якіх малох вайны перамолвае тысячы, мільёны чалавечых жыццяў, не прыносяць шчасця пераможцам. А што гаварыць аб пераможаных? І падспудна адчуваў гібельнасць такіх войнаў для чалавецтва, незалежна ад таго, хто мае рацыю — хто вінаваты. Яшчэ дахрысціянскі рымскі паэт Вяргілій разумеў, што “ад вайны нельга чакаць ніякіх выгод”, а француз Франсуа Фенелон у пачатку XVIII стагоддзя прама заявіў, што “вайна — гэта зло, якое няславіць чалавечы род”.
Можа быць, менавіта падобнае адчуванне праз 30 гадоў падштурхнула мяне на стварэнне карціны “Апраўдае”, якая пазней атрымала назву “Палявы трыбунал”. У ёй паспрабаваў раскрыць унутранае замяшанне разгубленага маладога чалавека, салдата, які апынуўся па волі лёсу ў жорсткай мясарубцы вайны і не разумее, што адбываецца вакол яго. Не раз сустракаў такіх хлопцаў і пад Роўна, і пад Рыльскам, і пад Канатопам, многія з якіх проста гінулі ў першых жа баях, не паспеўшы зрабіць ніводнага стрэлу...”.
Герой палатна — малады зялёны салдат, які ў адным з нядаўніх баёў разгубіўся, магчыма, спалохаўся, змаладушнічаў. І вось цяпер ён чакае ад тройкі членаў палявога трыбунала вердыкту. Аднак такія вось маладыя хлопцы, разгубіўшыся ў пэўны момант, потым пераадольвалі і замяшанне, і слабасць духу, і натуральны страх і, калі заставаліся жывымі, станавіліся сапраўднымі байцамі і з гонарам апраўдвалі давер таварышаў і камандзіраў, давер Радзімы.
Л.Шчамялёў. “Канец вайне”
Іншымі словамі, тэма палатна — чалавечая разгубленасць і надзея на яе пераадоленне. Прама скажу, тэма для жывапісу нялёгкая. Так, была і такая “акопная” праўда вайны, якая ў савецкім станковым мастацтве тых гадоў, у прынцыпе, не атрымала развіцця.
Леанід Шчамялёў — адзін з першых мастакоў, хто спусціўся на грэшную зямлю з вышынь заліхвацкага атакуючага ўра-патрыятызму і сказаў: паглядзіце, сябры мае, як усё было няпроста за “кулісамі вайны”, як цяжка і з якімі пакутамі мы ішлі да вясны 45-га. І тут нічога ні ўбавіць, ні прыбавіць.
...Верасень 1943 года. Часці Цэнтральнага фронту падышлі да Чарнігава. За гэты горад разгарнулася цяжкая бітва, у выніку якой дзве трэція жылога фонду горада разам з паўсотняй прадпрыемстваў і некаторымі ўнікальнымі помнікамі культуры былі сцёртыя з твару зямлі. 21 верасня савецкія салдаты, авалодаўшы горадам і перайшоўшы раку Дзясну, выйшлі да Дняпра. Потым сходу фарсіравалі Дняпро і захапілі плацдарм на правым беразе ракі Прыпяць. Гэта была вядомая ў ваеннай гісторыі Чарнігаўска-Прыпяцкая аперацыя.
Больш за 70 гадоў мінула з той пары — цэлае жыццё! — але Шчамялёў памятае ўсё: як ва ўпор білі па нашых байцах фашысцкія самаходкі, як немцы будавалі барыкады-завалы на скрыжаваннях чарнігаўскіх вуліц, хавалі ў засаду танкі, закідвалі ў наш тыл аўтаматчыкаў. Памятае, як яго аднапалчане ішлі ў атаку, не думаючы пра гераізм і подзвігі: сапраўды, “не да ордэна — была б Радзіма”. Яны проста ішлі, бо не маглі не ісці. Ішлі па сваёй зямлі і за сваю зямлю. У памяці засталося і іншае: як цёпла іх сустракалі і праводзілі жыхары вызваленых украінскіх гарадоў і сёл. Частавалі, чым маглі: хлебам, малаком, смятанай, салам.
Леанід Шчамялёў: “Вядома, вайна для вышэйшага камандавання малявалася ў іншых вымярэннях. Гэта цяпер я ведаю, дзе і як размяшчаліся франты, арміі, карпусы, дывізіі. А ў той час я камандаваў толькі кулямётным аддзяленнем і “мая” вайна ішла на маленькім пятачку зямлі. Што там было далей, я не ведаў. Але я ведаў іншае: на гэтым пятачку была мая краіна, мая мова, мой дух, мае таварышы...”.
Падчас персанальнай выставы Л.Шчамялёва ў Нацыянальным мастацкім музеі
Перад фарсіраваннем Прыпяці (гэта ў напрамку беларускага гарадка Калінкавічы) у стралковым палку заставалася не больш за сто актыўных штыкоў, але салдаты, літаральна ўгрызаю-
чыся ў зямлю, рухаліся наперад і наперад. Выйшлі да берага Прыпяці. Цішыня. Але што там, на процілеглым беразе, невядома.
Тады камандзір роты старшы лейтэнант Гладкі даў чацвярым, у тым ліку Шчамялёву, баявое заданне: удакладніць рэльеф водных рубяжоў, па якіх можна будзе пераправіцца войскам на той бераг Прыпяці. Пераплылі. Узлезлі на высокі бераг, агледзеліся. Удалечыні — густы лес. Варонкі, акопы, напоўненыя бруднай вадой, знявечаная нямецкая 88-міліметровая самаходная гармата “фердынанд”. Усё было нармальна, і байцы далі сігнал сваім. Фарсіраванне Прыпяці прайшло бесперашкодна. Так адбылася першая пасля ліпеня 1941 года сустрэча Леаніда з роднай беларускай зямлёй...
Тады ж адбыўся выпадак, дзіўны, неверагодны, амаль містычны (колькі такіх містычных выпадкаў было ў жыцці мастака — не злічыць!). Аднойчы, ужо пасля вяртання з разведкі, у кароткую гадзіну адпачынку ўсёй гэтай чацвёрцы — а былі яны людзьмі розных нацыянальнасцяў — адначасова прысніўся аднолькавы (!) сон: казачна прыгожая дзяўчына. Праўда, кожнаму свая. Леаніду — з доўгай залацістай касой і ўся ў белым. Камусьці — у іншым адзенні. Прачнуліся, перабіваючы адзін аднаго, расказалі, што бачылі ў сне.
Глядзяць, а там, на беразе, сапраўды, дзяўчына. Але — на жаль! — гэта ім толькі падалося. На самай справе там гайдалася на ветры тонкая бярозка...
Вось так сустрэла Беларусь Шчамялёва пасля двухгадовай адсутнасці на Радзіме. А вакол лясы, мясцовасць балоцістая, немцаў не відаць. Але дзіўна: чуваць іх гаворку, яны дзесьці побач, а як сябе паводзіць у падобным становішчы, нашы байцы не ведалі. Тактыцы паводзін у лясных умовах іх не вучылі. Але трэба ісці наперад...
Л. Шчамялёў. “Даватар”
Леанід Шчамялёў: “У чатыры раніцы 6 кастрычніка пачалося наша наступленне, але няўдала: немцы ўпарта і адчайна абараняліся. Праўда, адзін з нас, хлопец з Дзмітрыева-Льгоўскага, усё-такі падбіў нямецкую бронемашыну. Атакі доўжыліся на працягу ўсяго дня. Былі і цяжкія страты. Загінуў наш камандзір роты Гладкі, мужны і светлы чалавек. Для нас ён быў не толькі камандзірам, але і таварышам, і бацькам. У зашмальцаванай гімнасцёрцы, энергічны, магутны, ён па-сапраўднаму натхняў нас на бой “святы і правы”. Загінуў у балоцістым лесе, на маіх вачах, скошаны аўтаматнай чаргой. Што там казаць — менавіта такія людзі вялі нас да Перамогі...
Было вельмі цяжка: страшная стомленасць, у роце з раніцы ні расінкі. Чакалі, хутчэй бы сцямнела: ноччу нямецкія контратакі спыняліся. Але пад вечар паступіў загад: зноў атакаваць. І непадалёк ад Калінкавічаў, у лесе, патанаючы ў балоце, наш узвод уступіў у апошні ў гэты дзень бой з гітлераўцамі. Памятаю як сёння: абыходзячы разбітую саракапятку, на нас ішлі ў псіхічную контратаку п’янаватыя здаравенныя, як на падбор, фрыцы з аўтаматамі наперавес, з закасанымі па локаць рукавамі, каскамі на рамянях.
Адзін з іх, немалады, высокі, бялявы (вось жа запомніў!), і паспеў разануць мяне з аўтамата. Спачатку нічога не адчуў — толькі тупы ўдар, нібы палкай стукнула ў левае перадплечча. Потым убачыў: кроў льецца, свішча, значыць, думаю, куля прайшла наскрозь. Аўтаматычна вышмаргнуў пакет, сяк-так перабінтаваў руку і з цяжкасцю па-пластунску папоўз да сваіх. У палявой санчасці зрабілі падбінтоўку. Аказалася, што косць і локцевы нерв прастрэлены. Тут жа, без усялякага замаруджання, выдаўшы мне карту апісання гісторыі ранення, накіравалі ў палявы шпіталь (гэта ўжо тыл). Капітан медыцынскай службы агледзеў рану, пакруціў галавой і тэрмінова загадаў свайму персаналу даставіць мяне ў медсанбат пад Курск. Там, паставіўшы дыягназ — скразное кулявое раненне левага перадплечча з пераломам локцевай косці, залічылі ў разрад цяжкапараненых”.
Леаніда чакаў глыбокі тыл. Вагоны былі набітыя параненымі салдатамі і малодшымі афіцэрамі з розных франтоў, але бытавыя ўмовы былі зусім нядрэнныя: добрае харчаванне, чыстая бялізна, чыстыя прасціны, на дзіва цёплыя і паважлівыя адносіны да параненых з боку жаночага медперсаналу. Пра “жанчын вайны” — урачоў, медсясцёр, санітарак, — якія, уласна, не толькі лячылі параненых, але кожнаму, незалежна ад пасады і звання, давалі надзею на тое, што ён абавязкова ўстане ў строй і дойдзе да Берліна, Леанід Дзмітрыевіч можа расказваць гадзінамі, называючы іх “унікальнай з’явай роду чалавечага”.
6 лістапада прыбылі на таварную станцыю ў Маскву. Якраз у гэты дзень зводка Саўінфармбюро паведаміла аб узяцці горада Кіева войскамі 1-га Украінскага фронту. Радасць людзей невыказная. З гэтага выпадку нават параненых пачаставалі віном!
Потым быў горад Горкі. Доўга стаялі на станцыі. Нарэшце позна ўвечары састаў крануўся ў паўночным напрамку. Праехалі невялікую чыгуначную станцыю Бор. Куды далей? Леанід спытаў аб гэтым медсястру. Пачуўшы адказ, адурэў! Аказалася, у шпіталь горада... Сямёнава!
Уначы прыбылі ў Сямёнаў. Не чакаючы світання, Леанід разам з прыяцелем, малодшым лейтэнантам, накінуўшы на ніжнюю бялізну нейкія цывільныя шмоткі, раскрыўшы “гармонік” (злучэнне вагонаў), адправіліся па марозе на кватэру па старым адрасе, дзе павінны былі жыць яго родныя. Там сказалі, што Агаф’я Венядзіктаўна жывая-здаровая, але пражывае ўжо на іншай кватэры. Бойкі падлетак Ваня, сын гаспадыні, нягледзячы на позні час, ахвотна ўзяўся праводзіць “дзядзяў ваенных” куды трэба. Прыйшлі. Ваня пастукаў у дзверы. Адкрыла Лёнева маці. “Вось, прывёў вашага, сустракайце…” Убачыўшы загіпсаваную “самалётам” руку сына, Агаф’я Венядзіктаўна расхвалявалася, але Леанід яе супакоіў: усё ў парадку, галоўнае, жывы.
Так адбылася сустрэча з маці, якая жыла тут з унукам Вілікам. Галя ж у гэты час знаходзілася ў Саранску, настаўнічаючы ў школе. Яшчэ раней яна развялася з першым мужам і цяпер была замужам таксама за ваенным, капітанам Кузьміным, з якім пазнаёмілася ў Сямёнаве.
Досвіткам хлопцы вярнуліся ў вагон, а праз гадзіну, атрымаўшы канверты-коўдры, былі ўжо ў афіцэрскай палаце эвакашпіталя. Днём прыйшла наведаць устрывожаная маці, а паколькі чуткамі зямля поўніцца, неўзабаве наляцелі і хлопцы, былыя калегі па чыгуналіцейным заводзе. Прынеслі масу навін, гасцінцы, вялікі букет кветак і бутэльку гарэлкі ўнутры гэтага букета.
Леанід Шчамялёў: “У шпіталі за мной даглядала санітарка Каця, родам з сумежнай вёскі Дзяцькава. Неяк мы з ёй разгаварыліся, і я абмовіўся, што на Украіне падчас перасячэння нашага палка з мясцовым партызанскім атрадам выпадкова сустрэўся з адным хлопцам, родам з Сямёнаўскага раёна. Даведаўшыся, што я таксама з Сямёнава, ён страшна ўзрадаваўся. Расказаў, што сам ён — кадравы афіцэр, у пачатку вайны трапіў у палон, збег і пасля доўгіх прыгод апынуўся ў рэйдавым Сумскім партызанскім злучэнні Сідара Каўпака.
А Кацярына паслухала-паслухала і раптам, не сказаўшы ні слова, імгненна знікла. Як ветрам здзьмула. Праз некаторы час мяне выклікае начальнік шпіталя, маёр: “Слухай, малодшы сяржант, там, у прыёмнай, чакае цябе нейкі дзіўны стары. Хоча нешта ўдакладніць...” Выходжу. Бачу старога купецкага складу: рудая барада, пранізлівыя вочы, цёплае футра, янотавая шапка. Потым даведаўся, што ён — са старавераў.
“Ты Шчамялёў?” — пытае. На твары ніякага выразу. Адказваю сцвярджальна. “Чуў, што ты бачыў на фронце майго сына?” — “Я многіх бачыў...” — паціскаю плячамі. І тады ён дастае з футра фатаграфіі і раскладвае перад мной: “Пакажы, каго ведаеш...” Сярод дзясятка даваенных здымкаў пазнаю выяву маладога чалавека гадоў сямнаццаці-васямнаццаці: так, гэта той самы мой знаёмы, якога я сустрэў на Украіне, толькі маладзейшы. Гавару: “Вось гэты, толькі ён цяпер крыху іншы і са шрамам...”
Стары тут жа — да начальніка шпіталя, маўляў, адпусціце сяржанта да яго ў Дзяцькава пагасцяваць на некалькі гадзін. Падстава ж не з радавых. Адпусцілі. Мяне — у сані, футра на плечы — і наперад. А вялікі дом яго быў ужо набіты людзьмі. Стол завалены ўсякімі стравамі, напоямі. Стары тут жа далажыў усім, што вось прывёў дарагога госця, які бачыў яго сына. Мяне беражліва пасадзілі за стол. Не паспелі мы падняць першыя чаркі, як раптам забягае ў пакой дзяўчынка-паштальён і радасна крычыць, што прыйшоў ліст ад сына гаспадара! Бываюць жа ў жыцці такія супадзенні, якія лагічна растлумачыць немагчыма! Той піша, што жывы-здаровы, змагаецца з ворагам па сумленні, што хутка яго перавядуць у Харкаў, у штаб партызанскага руху. У канцы ліста падкрэсліў, што ў раёне мястэчка Варажба, што ў Сумскай вобласці, сустрэў “дарагога земляка з Сямёнава” і гэтак далей. Вядома, ліст зрабіў на ўсіх незвычайнае ўражанне, а мяне так кармілі і паілі гасцінныя дзяцькаўцы, што думаў: усё, да шпіталя своечасова не дабяруся, і будзе скандал. Але людзі разумныя: шчасліва даставілі мяне на месца. І потым амаль увесь снежань 1943 года стары і яго сямейства наведвалі мяне з гасцінцамі…”
Выпісалі Шчамялёва перад новым, 1944 годам. Але незадоўга да гэтага адбылася яшчэ адна цікавая сустрэча, якая адыграла важную ролю ў яго наступным жыцці.
Леанід Шчамялёў: “У шпіталі я пазнаёміўся з адным кавалерыстам, які ўжо выпісаўся і быў адзеты ў поўную кавалерыйскую форму: шынель, боты, шпоры, словам, усё як трэба. Разгаварыліся. Калі зайшла размова пра мой далейшы лёс, я сказаў, што хацеў бы пасля папраўкі трапіць у кавалерыйскую часць, бо з дзяцінства люблю коней і іншае. Той, не раздумваючы, горача падтрымаў маё жаданне і са словамі: “Тэрмінова пішы заяву!” — прадыктаваў адрас рэзерву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання. На наступны дзень, мала верачы ў пазітыўны вынік, усё ж адправіў у Маскву ліст-трохвугольнік з просьбай дазволіць мне прадоўжыць пасля папраўкі ваенную службу менавіта ў кавалерыі.
На маё здзіўленне, адказ прыйшоў хутка і, галоўнае, станоўчы: пасля выпісу “накіраваць малодшага сяржанта Шчамялёва ў 2-ю кавалерыйскую брыгаду”. Месца назначэння — горад Каўроў. Зразумела, да гэтага ў горадзе Горкім я прайшоў прапускны каранцінны пункт, адпаведныя медыцынскія і іншыя камісіі. Гэта было няпроста — але мне зноў пашанцавала.
Такім чынам, атрымаўшы камандзіровачнае прадпісанне, трапіў у кавалерыйскую школу, якая размяшчалася недалёка ад ракі Клязьма. Праз некаторы час мне было прысвоена званне сяржанта, і неўзабаве я быў назначаны камандзірам аддзялення. Зразумела, быў у мяне і свой конь. Звалі яго Бамбукавы: гняды прыгажун-трэцягодка, разумніца, проста заглядзенне”.
Невялікі горад Каўроў да жніўня 1944 года ўваходзіў у Іванаўскую вобласць, да вайны меў насельніцтва каля 70 тысяч чалавек і нічым асаблівым не адрозніваўся ад гарадоў падобнага роду. Затое падчас вайны стаў буйнейшым цэнтрам СССР па вытворчасці стралковай зброі — аўтаматаў, кулямётаў.
Леанід Шчамялёў: “Аднойчы падчас майго дзяжурства па кулямётна-мінамётным эскадроне (эскадрон — гэта тры аддзяленні) прыехаў камандуючы кавалерыяй Чырвонай Арміі маршал Сямён Будзённы разам з камандуючым войскамі Маскоўскай ваеннай акругі генерал-палкоўнікам Паўлам Арцем’евічам Арцем’евым і світай, каб праінспектаваць стан спраў у нашай кавалерыйскай брыгадзе і ў іншых рухомых войсках. У прыгожай бекешы, у папасе, у маршальскіх пагонах, ён падышоў да мяне, выслухаў даклад, моцна паціснуў руку і сказаў: “Ну, сяржант, паказвай сваю гаспадарку...” Пасля дакладна праведзенай “экскурсіі” атрымаў падзяку начальства...”
У пачатку 1945 года 2-ю кавбрыгаду перакінулі на Украіну, у раён горада Роўна. Там з яе складу пад асабістым наглядам генерал-палкоўніка Акі Іванавіча Гарадавікова, тагачаснага намесніка камандуючага кавалерыяй Чырвонай Арміі, фарміравалася так званая спецыяльная група “сарака пяці” пад камандаваннем маёра Саладоўнікава. У яе склад увайшоў і сяржант Шчамялёў. Група была створана для папярэджання варожых дыверсій, у тым ліку для знішчэння пакінутых у лясах немцаў і бандэраўскіх лятучых атрадаў, якія пасля вызвалення Украіны ад фашыстаў разгарнулі актыўную барацьбу з савецкай уладай.
Але так здарылася, што перад самым адыходам групы (у напрамку Венгрыі) Шчамялёва раптоўна зваліла жудасная хвароба пад назвай... трапічная малярыя! Чалавек імгненна адключаецца, нічога не памятае, тэмпература да сарака, і яго трасе ў ліхаманцы! Адкуль узялася такая рэдкая зараза, урачы так і не ўстанавілі, толькі канстатавалі факт, што так, прыкметы трапічнай ліхаманкі ў наяўнасці, але выявіць яе крыніцу пакуль яны не ў сілах. Што датычыцца той групы “сарака пяці”, то пра лёс яе нічога невядома. Хутчэй за ўсё, загінула...
У красавіку 45-га Шчамялёва адправілі ў Маскву, а адтуль у родную воінскую часць, на старую “базу”, у шпіталь Каўрова. Там і сустрэў Дзень Перамогі. Праз 38 гадоў ён напіша аўтабіяграфічную карціну-споведзь “Першы дзень свету” (1983), у якой праз пранізліва звонкі лад жывапісу праходзіць глыбінная тэма памяці. Памяці аб пройдзеным франтавым шляху, гераізме аднапалчан, аб горкіх стратах і новых надзеях. І яшчэ — пра шчасце чалавека, які перамог у гэтай страшнай вайне.
Леанід Шчамялёў: “Наогул кажучы, мне ў жыцці пашанцавала на добрых людзей, асабліва падчас службы ў кавалерыі. Ніколі не забуду чалавека вялікай мужнасці і шчодрага сэрца, майго непасрэднага камандзіра капітана Пятра Сергіенку. Многім, чаго я дасягнуў у жыцці, абавязаны яму. Сустракаўся з людзьмі, якія добра ведалі майго земляка, генерал-маёра Льва Даватара, камандзіра 2-га гвардзейскага кавкорпуса, які гераічна загінуў 19 снежня 1941 года. Праз шмат гадоў я паспрабаваў адлюстраваць на палатне вобраз Даватара”.
Галоўным у нараджэнні жывапіснага героіка-рамантычнага вобраза-легенды былі асабістыя, аўтарскія адносіны да персанажа і часу, у якім жыў і змагаўся гэты чалавек. У шэрай папасе і чорнай бурцы, у чырвоным башлыку, легендарны камкор, сціснуўшы ручку шашкі, стаіць з палявым біноклем у простай, натуральнай позе. Падаецца, нічога асаблівага. Але якая гвардзейская падцягнутасць, элегантнасць, якое высакароднае аблічча і агнявы запал, якая ўнутраная сіла чалавека, якому свята верылі байцы-кавалерысты. А як уважліва мастак узіраецца ў характэрныя дэталі, важныя для разумення атмасферы зімы 41-га, — кулямётную тачанку па-за генералам, абмерзлы калодзеж з абледзянелым вядром, домікі з фігуркамі жыхароў.
Рытміка карціны такая, што мы, узіраючыся ў палатно, быццам рэальна чуем голас Вялікай Айчыннай, голас песні-быліны аб слаўных байцах, аб гарачых баях за Маскву, калі клаліся пад капыты хуткіх коней дарогі перамог і адыходзілі ў неўміручасць кавалерысты-даватараўцы…
Вось так вайна адбілася ў сэрцы і душы Леаніда Шчамялёва. Яна, без сумнення, абвастрыла пачуцці будучага мастака. І не пакінула яго абыякавым да ўсяго, што не можа не хваляваць неабыякавага чалавека.
Віктар Міхайлаў