Писательница Вера Полторан отказалась защищать свою диссертацию
28.03.2019 08:29:59
Людмила РУБЛЕВСКАЯ
Можа, камусьцi тыраж да зарэзу,
Пухлыя сняцца тамы.
Вера Сямёнаўна, хочацца бэзу
У гордым маўчаннi зiмы...
Сёння, на жаль, мала хто з чытачоў адразу ўспомнiць, каму ж прысвечаны гэты твор. Мiж тым Вера Палтаран, пiсьменнiца, крытык, лiтаратуразнаўца, пакiнула аб сабе шмат. Гэта ёй Алесь Адамовiч казаў, калi працавала ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура»: «Вы стварылi для нас маленькi рэнесанс». Сёння ў Веры Палтаран векавы юбiлей. Давайце ж пералiчым некаторыя адметныя факты яе бiяграфii.
Марыла стаць ветэрынарным урачом
Скупы радок у даведнiку: у сувязi з пачаткам Вялiкай Айчыннай вайны спынiла навучанне ў Мiнскiм педагагiчным iнстытуце.За словамi — трагедыя. Дзяўчо з сялянскай палескай сям’i, з вёскi Бабунiчы, у 1937‑м паступiла ў педінстытут, для гэтага трэба было мець сапраўдныя веды i вялiкую апантанасць. I раптам — вайна. Бамбёжкi, эвакуацыя... У 1941 — 1943‑м — праца на Бармiна‑Вянецкiм абарончым заводзе ў Горкаўскай вобласцi. У 1943‑м удалося працягнуць навучанне — беларускi ўнiверсiтэт тады аднавiў працу ў эвакуацыi, на станцыi Сходня пад Масквой. Вера паступiла на фiлалагiчны факультэт. Але мала хто ведаў, што яшчэ пасля школы яна марыла стаць ветэрынарным урачом — ужо надта спачувала кожнаму чужому болю. Як пiша Алесь Разанаў: «Не стала, але ўсяму жывому i безабароннаму дапамагала ўсё жыццё i радавалася па‑сапраўднаму».
Заўсёды старалася дапамагчы
Пiсьменнiк Мiхась Дубянецкi запiсваў у дзённiку: «Мiлая Вера Сямёнаўна! Якой шырокай душы чалавек. Яна заўсёды павiнна пра некага клапацiцца, некаму дапамагаць. Некалi яна дастала мне гаючага мёду, калi мне было цяжка. Цяпер прынесла ўжо шклянку казiнага малака... Я з удзячнасцю выпiў з гэтых добрых рук экзатычны для мяне напой».«Разумела людзей глыбока, а непрыязнасцi, здаецца, не мела нi да каго. «Гад печаны», — магла сказаць пра таго, хто быў ёй у пярэчанне, i ўсё роўна ў гэтую атэстацыю ўкладалася ўсякi раз нешта ўсмешлiвае i добразычлiвае» — гэта згадкi Алеся Разанава.
Найлепш характарызуе яе ўрывак з ейнай кнiгi нарысаў:
«— А вы па чым будзеце? — заўважыў нарэшце журналiста старшыня калгаса. — Па ільне, цi па малаку, цi па мясе таксама?
Што было мне яму адказаць?
— Я — па людзях».
Кандыдацкую напiсала па творчасцi Максiма Танка, але не абаранiла
Вера Палтаран вызначалася дасканалым лiтаратурным густам. Героi яе даследаванняў — А.Адамовiч, В.Карамазаў, А.Кудравец, I.Мележ, I.Пташнiкаў, М.Стральцоў, Ч.Айтматаў. Зрэшты, за нарысы Палтаран атрымала Дзяржаўную прэмiю Беларусi. А тэмай кандыдацкай абрала творчасць Максiма Танка. Было гэта ў 1955 годзе, час лiтаратуразнаўчых клiшэ. Вячаслаў Рагойша, якi таксама напiша дысертацыю па вершах Танка, сведчыць, у якую бойку ператварылася ягоная абарона. Але гэта будзе пазней. А Вера Палтаран абараняць сваю дысертацыю... рашуча адмовiлася. Як пiша яе зямляк Алесь Лiсiцкi, «зусiм не па сваёй маральнай слабасцi, не дзеля таго, каб нешта даказаць сваiм пыхлiўцам‑незычлiўцам. Паколькi даўно ведала, што гэта зусiм марная справа. Навошта марна трацiць свае духоўныя скарбы?» Галоўнае, зрабiла па‑свойму.Вандравала разам са збiральнiкамi фальклору
Свой знакамiты нарыс «Дзiвасiл» Палтаран напiсала, калi вандравала разам з даследчыцай народнай музыкi Зiнаiдай Мажэйка i пляменнiкам Янкi Купалы мастаком Янкам Раманоўскiм па родным Палессi, у славутую вёску Тонеж. «Перад вачамi — новы, незнаёмы свет, як новы мацярык, якi трэба абжыць. Ён пакуль для цябе — за сям’ю замкамi. Стаiш перад яго зачыненымi дзвярамi i, тоячы ў душы няўпэўненасць i надзею, як той казачны падарожнiк, толькi пакорлiва просiш: «Сезам, адчынiся!»Пакрыўдзiлася на лiтаратурны жарт
У паэме «Сказ пра Лысую гару», дзе з’едлiва апiсваюцца жарсцi вакол пiсьменнiцкiх лецiшч, ёсць радкi:Ва ўсiх дамы, ва ўсiх палеткi,
I толькi ў беднай Палтаран
Стаяў хляўчук, сядзелi кветкi,
Ляжаў нявораны дзiрван.
Насамрэч аўтары паэмы (цяпер вядома, што гэта былi Нiл Гiлевiч i Мiкола Аўрамчык) хацелi падкрэслiць бяссрэбранiцтва Палтаран на фоне залiшняй гаспадарлiвасцi iншых. Але Вера Сямёнаўна пакрыўдзiлася. «Якi ж дзiрван нявораны, калi ўжо ўсё зроблена!» — абуралася яна. Яе супакойвалi, што калi паэма пiсалася, яшчэ было неўпарадкавана, а з песнi слоў не выкiнеш.
Родная вёска Бабунiчы Петрыкаўскага раёна.
Асацыіравалася з кветкамi
Для многiх постаць пiсьменнiцы асацыіравалася з кветкамi, як для той жа Янiшчыц. Сцяпан Кухараў успамiнаў, як Палтаран яшчэ выпускнiцай фiлфака прыйшла на працу ў «Чырвоную змену»: «Блакiтнавокая, зграбная i далiкатная бяляначка‑паляшучка стала ўсеагульнай любiмiцай. Жвавая, бадзёрая, яна, як вясновая кветка лiлея, проста‑такi зачароўвала хлопцаў. У яе былi закаханы многiя». Ала Сямёнава, апiсваючы выдавецтва «Мастацкая лiтаратура», згадвае: «Шпарка крочыла з ахапкам кветак Вера Палтаран — i валашковым цветам цвiлi яе вочы...» Паэт Мiкола Мятлiцкi прысвяцiў сваёй зямлячцы Палтаран верш «Дзiвасiл», прасякнуты горыччу чарнобыльскай бяды:Сухавеем пабiты, дажджамi нябёс,
Жоўты цвет на сцяжынах маленства парос,
Адбiраючы вочы таемнай красой,
Мыты самаю чыстай, сцюдзёнай расой...
Вера Палтаран памерла ў 1989 годзе пасля цяжкой хваробы — анкалогiі. У 1993 годзе выйшаў прысвечаны ёй зборнiк успамiнаў «Не пакiдай нас, Вера».
cultura@sb.by