Белорусскую дуду включат в Государственный список историко-культурных ценностей Беларуси
23.05.2023 17:19:00
Алена ЯСКО
Спецыялісты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці падрыхтавалі прапанову ад Гродзенскай вобласці аб наданні нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці "Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне" (народны майстар Гродзенскага раёна Мар'ян Скрамблевіч і Алена Кавальчук з Ліды), паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. А ўчора на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прапанова была падтрымана. Адпаведная пастанова Міністэрства культуры будзе прынята ў хуткім часе.
--Як вядома, дуда – традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які належыць да тыпу язычковых духавых інструментаў, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах, -- адзначыла Наталля Рамановіч. -- Арганічная сувязь дуды з танцамі ў абрадавых гульнях і забавах, а таксама святах і кірмашах.
Гэты інструмент бытуе на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Паўночнай Украіны і Беларусі. Агульным для гэтых народаў з’яўляецца стылізаваныя ўпрыгожванні дуды ў выглядзе галавы казы, выраб меху са скуры казы -- міфалагічнага сімвала Калядных святаў.
--Традыцыя дуды у нашай краіне мае глыбокія карані, -- дадае эксперт. -- Мастацтва яе складалася і развівалася ў русле агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі са старажытных часоў на працягу многіх стагоддзяў. Заняпад дударства на тэрыторыі Беларусі назіраецца ўжо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, калі на яго змену прыходзяць скрыпка і гармонік. Цікавасць да інструмента з'яўляецца толькі ў канцы 80-ых гадоў мінулака стагоддзя, калі знакамітыя беларускія майстры народных інструментаў М. Жукоўскі, У. Пузыня, У. Гром, А. Лось, абапіраючыся на даследаванні этнографаў ХІХ ст., ствараюць некалькі дудаў, што служыць падмуркам для іх адраджэння і выкарыстання ў новым этнамузычным кантэксце. Гэты інструмент складаецца з чатырох частак: меха, соскі, перабору і гука (колькасць апошніх - ад аднаго да сямі). Хоць канструкцыя дуды адносна нескладаная, аднак зрабіць яе пад сілу толькі майстру, які мае ўмелыя рукі і добры музычны слых.
Фота з архіва Наталлі Рамановіч