Агрогородок Крулевщина Докшицкого района — на тройном водоразделе Немана, Западной Двины и Днепра

Крулеўшчына: сюды нездарма вяртаюцца буслы

На трайным водападзеле Нёмана, Заходняй Дзвіны і Дняпра паабапал чыгуначнага вузла раскінуліся вуліцы Крулеўшчыны.

Пад такой назвай паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1784 годзе. Пазней на ваенна-тапаграфічнай карце яно пазначана засценкам Круляўшчызна. На пачатку мінулага стагоддзя тут пралягла чыгунка і пабудавана станцыя Круляўшчына. Яе потым перайменавалі ў Сяславіна — у гонар рускага генерала вайны 1812 года Аляксандра Сяславіна. Ад чыгункі да Глыбокага праклалі вузкакалейку. У паселішчы дзейнічалі паравознае дэпо, паравы млын, лесапілка, пякарня.

У 1919 годзе гэтыя землі акупіравалі белапалякі. Чыгуначную станцыю перайменавалі на польскі лад — Круляўшчызна.

Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года мясцовасць адышла да Докшыцкай гміны Дунілавіцкага павета буржуазнай Польшчы. Вузкакалейку перабудавалі ў чыгунку. Над сялянскімі сядзібамі ўзняліся крыжы касцёла і праваслаўнай царквы.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета. Пачалася пракладка чыгункі да Лепеля. Вайна спыніла будоўлю. У Крулеўшчыне размясціўся буйны гітлераўскі гарнізон. У жніўні 1943 года партызаны 1-й Антыфашысцкай брыгады разграмілі яго.

У пасляваенны час у Крулеўшчыне пачалі дзейнічаць камбінат будаўнічых матэрыялаў, торфабрыкетны завод, МТС, чыгуначныя службы. Сяляне аб’ядналіся ў калгас, рэфармаваны ў КУП «Докшыцкі». Адкрыліся сярэдняя школа, два дзіцячыя сады, Дом культуры. 

У 2010 годзе вёска атрымала статус аграгарадка Докшыцкага раёна.


З далёкага выраю ў сваё гняздо, ладна ўсталяванае на слупе ў цэнтры Крулеўшчыны, вярнулася пара буслоў. З падворка старэйшага жыхара аграгарадка Сяргея Антонавіча Супранёнка, да якога завіталі са старшынёй сельвыканкама Аляксандрам Іваньковічам, буслянка як на далоні. На сцяне дома таблічка з надпісам: «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны». У дагледжаным агародзе густым аксамітавым дываном ажыла пшанічная рунь. Па другі бок зацэментаванага ходніка, пракладзенага ад веснічак, чарнее пульхная ралля. Мажны мужчына наводзіў парадак на клубнічнай градзе. Заўважыўшы нас, адставіў кошык з сухім лісцем, павітаўся. Прадставіўся Фёдарам Супранёнкам, сынам гаспадара падворка. Прыехаў да бацькі з Полацка. Да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў рабочым у вагонным дэпо. З малодшым братам Аляксандрам кожную вясну засяваюць агарод. Брат водзіць саставы па сталёвых магістралях. З сям’ёю жыве ў Крулеўшчыне.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Антонавіч СУПРАНЁНАК.

Праз невялікія сенцы зайшлі ў дом. У зале на зэдліку перад жалезнай грубкай сядзеў гаспадар. У прасторным пакоі цёпла і ўтульна. З пажаўцелага фотапартрэта на сцяне пазірала маладая пара.

Перахапіўшы мой позірк, гаспадар удакладніў:

— Адразу пасля вайны з Вольгай пажаніліся. Яна працавала санітаркай у бальніцы, а я ўсё жыццё на чыгунцы. Амаль паўвека пражылі разам. Дваццаць шосты год пайшоў, як яе не стала... Дом не пустуе. Дзеці, унукі наведваюцца. Ужо і праўнукі ёсць.

Сустрэцца праз 75 гадоў пасля Вялікай Перамогі з жывым сведкам той страшэннай вайны ў наш час — удача. Амаль стогадовы Сяргей Антонавіч Супранёнак здзівіў цудоўнай памяццю. Юнаком падаўся ў чыгуначнікі. Марыў вадзіць саставы па сталёвых магістралях. Пэўна, так яно і было б, каб не вайна. Сяргей Антонавіч, перавёўшы дыханне, узгадаў, як летам 1941 года ў Крулеўшчыну ўварваліся акупанты. Навезлі шмат тэхнікі. Узбуйнены фашысцкі гарнізон ахоўваў чыгуначную станцыю і забяспечваў перавозку на фронт ваенных грузаў і войскаў. Ворагі зладзілі сістэму абаронных збудаванняў, дзотаў, хадоў зносін, акопаў.

У лясных гушчарах з першых дзён акупацыі пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады. У канцы лета 1943 года народныя мсціўцы атакавалі варожы гарнізон і ўшчэнт разграмілі яго. Знішчылі абсталяванне станцыі, дэпо, наф­табазу. Захапілі шмат зброі і боепрыпасаў. Раз’юшаныя фашысты лютавалі. Многія тутэйшыя сем’ямі падаліся ратавацца да партызан у лес.

Праз год савецкія воіны вызвалілі вузлавую чыгуначную станцыю. Сяргея Супранёнка, як і іншых яго равеснікаў, прызвалі ў дзеючую армію. Месяц засвойвалі ваенную справу ў Полацку. Чыгуначным саставам прызыўнікоў адправілі на фронт пад Варшаву. У 383-м артылерыйскім палку, які ўваходзіў у 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем легендарнага маршала Георгія Жукава, яму даверылі зараджаць снарадамі супрацьтанкавыя гаўбіцы. 

Перамогу Сяргей Супранёнак сустрэў на рацэ Эльбе. Праз дзесяцігоддзі з ажыўленнем узгадвае, як браталіся з амерыканскімі саюзнікамі. 

Сяргей Антонавіч жвава падняўся з зэдліка, дастаў з шафы парадны касцюм, які ўпрыгожваюць баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй». Адзначаны франтавік і падзякай Галоўнакамандуючага. Ля веснічак развіталіся з бацькам і сынам Супранёнкамі. З буслянкі пазіралі птушкі.

Адзінага ў сельсавеце фран­тавіка запрашаюць на сустрэчы ў сярэднюю школу, дзе вучыліся яго сыны. Армейскую службу праходзілі Фёдар і Аляксандр Супранёнкі на брэсцкай заставе імя Кіжаватава.

На сустрэчах са школьнікамі Сяргей Антонавіч не толькі ўзгадвае пра падзеі Вялікай Айчыннай, але і пра тое, як у пасляваенныя гады забудоўвалася, пашырала межы Крулеўшчына. Для рабочых камбіната будаўнічых матэрыялаў і торфабрыкетнага завода, чыгуначнікаў узводзіліся шматкватэрныя жылыя дамы. Упрыгожылі паселішча трохпавярховая сярэдняя школа, два дзіцячыя сады, Дом культуры.

Адна з галоўных вуліц аграгарадка названа ў гонар ваеннага лётчыка Івана Палявога. Загінуў ён у паветраным баі непадалёку ад Крулеўшчыны. Астанкі героя перазахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Докшыц.

Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўшанавана помнікам, усталяваным на высокім пагорку. На мармуровай дошцы выбіты прозвішчы 42 землякоў, якія загінулі ў баях з гітлераўцамі. Над святыняй шэфствуюць вучні сярэдняй школы. Юныя краязнаўцы пад кіраўніцтвам настаўніцы Наталлі Рандарэвіч займаюцца і вывучэннем гісторыі роднага краю. Сёлета дыпломам першай ступені рэспубліканскага конкурсу адзначана дзесяцікласніца Ангеліна Дайлідзёнак за навуковае даследаванне пра баявых і ратных герояў Докшыцкага раёна.

Наталля Уладзіміраўна з вучнямі распрацавалі турыстычны маршрут па праваслаўных святынях раёна. Краязнаўцы сабралі звесткі пра знявечаных нямецка-фашысцкімі акупантамі святароў Докшычыны. Кіраўнік мясцовай улады Аляксандр Іваньковіч, настаўнік, гісторык па адукацыі, настроены сістэ­матызаваць матэрыял пра спадчыну ўнікальнага аграгарадка.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр ІВАНЬКОВІЧ і намеснік старшыні райвыканкама Аксана ПАЛАЧАНІНА.

Крулеўшчынская сярэдняя школа — адна са старэйшых у раёне. Год таму педкалектыў узначаліў Віктар Гаўры­ловіч, з якім сустрэліся. У дні вясновых канікул цішыня панавала ў прасторным будынку. Падняліся на другі паверх у краязнаўчы пакой, аформлены экспазіцыяй пра мясцовы жывёльны і раслінны свет. Уражваюць чучалы звяроў і птушак. Суседні кабінет абсталяваны пад сялянскую хатку мінулых часоў. Тут праводзяцца заняткі па гісторыі і прыродазнаўстве.

Школьнікі Ігнат БРЫЛЬЯНТАЎ і Мікіта БОЖАЛКА.

У школе дзве з паловай сотні вучняў. Дырэктара радуе, што ў верасні чакаецца больш як 30 першакласнікаў. Такога папаўнення даўно не было. Сёлета школу заканчваюць шэсць юнакоў. Яны засвойваюць прафесію цесляра, а дзесяцікласніцы вучацца на швачак. Заняткі праводзяць педагогі Вячаслаў Ждановіч і Ганна Юрэвіч. У кабінеце працоўнага навучання, абсталяваным сучаснай бытавой тэхнікай, дзяўчынкі шыюць пасцельную бялізну, пледы. Вырабы рэалізуюць. На 70 сотках школьнікі вырошчваюць гародніну і прадаюць насельніцтву. За атрыманыя грошы набываецца спортінвентар, тэлевізары, іншыя неабходныя для школы рэчы.

Захапляюцца навучэнцы і спортам. Асабліва папулярны валейбол і настольны тэніс. У перыяд вясновых канікул з юнымі спартсменамі займаецца педагог Вікенцій Сувораў.

Амаль 80 навучэнцаў у дзіцячай школе мастацтваў. Дзейнічаюць у Крулеўшчыне два дзіцячыя сады. У скверы, што ў цэнтры аграгарадка, абсталяваны дзіцячы гарадок.

Юныя жыхары аграгарадка.

Тэхработнік аддзялення паштовай сувязі Валянціна КОШАЛЕВА і маладая маці Любоў КАРАЧАЎЦАВА з дачушкай Ганначкай.

Многія выпускнікі сярэдняй школы пасля атрымання адукацыі вяртаюцца дамоў спецыялістамі. У канторы КУП «Докшыцкі» сустрэліся з ветурачом Мікалаем Міхалевічам. Пасля заканчэння Ільянскага дзяржсельгаскаледжа па размеркаванні ён працаваў у Вілейскім раёне. Адслужыў армію і вярнуўся ў родную Крулеўшчыну. Займеў сям’ю. Гаспадарка вы­дзеліла маладым катэдж. Жонка Алеся Анатольеўна скончыла бухфак Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля дэкрэтнага водпуску вернецца на пасаду галоўнага бухгалтара сельгаспрадпрыемства. У сям’і пад­растае паўтарагадовая дачушка Валерыя. У адным доме з маладымі жыве і брат гаспадыні Дзмітрый Клімко. Вышэйшую інжынерную адукацыю ён атрымаў у расійскім Велікалукскім сельгасінстытуце. Працуе механізатарам. У гэтыя дні на трактары МТЗ з Глыбокага дастаўляе мінеральныя ўдабрэнні для падкормкі азімых.

Галоўныя спецыялісты КУП «Докшыцкі» Мікалай МІХАЛЕВІЧ, Вераніка ДУБІНА і намеснік дырэктара Аляксандр КАЛЯГА.

Паскардзіўся халасцяк, што ў аграгарадку бракуе нявест. Кіраўнік сельвыканкама запярэчыў: летась зарэгістравана 9 шлюбаў. У час размовы з Дзмітрыем Клімко пад’ехаў пагрузчык «Амкадор». Кіраваў ім Аляксандр Шыпко. Мінулай восенню механізатар вярнуўся ў гаспадарку. Яго дачка Людміла доіць кароў на ферме. Ад сельгаспрадпрыемства атрымала дом. Даглядае жывёлу сын Аляксандр.

Механізатары Аляксандр ШЫПКО і Дзмітрый КЛІМКО.

Механізатарамі працуюць вы­пускнікі школы браты Сяргей і Аляксандр Зявалічы, Валерый Баброўскі, Аляксандр Юнцэвіч. Дояць кароў Марына Таляронак, Марыя Прохарава, Вольга Зяваліч. Малочна-таварнай фермай «Парплішчанскі двор» кіруе Ганна Чабан. Святлана Плыгаўка ўзначальвае эканамічную службу сельгаспрадпрыемства.

КУП «Докшыцкі» перажывае не лепшыя часы. Абавязкі дырэктара выконвае Эдуард Пачкоўскі. У яго кабінеце стосікам ляжалі запыленыя граматы, якімі калектыў адзначаўся за высокія ўраджаі бульбы, рапсу, вытворчасць малака.

Некалькі тыдняў таму Док­шыцкі райвыканкам узначаліў Алег Кавалёнак. Раён яму знаёмы. Алег Анатольевіч пасля заканчэння аграфака Белдзяржсельгасакадэміі пачынаў аграномам-аграхімікам племзавода «Порплішча». Узначальваў агранамічную службу калгаса «Камсамолец», быў першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Працаваў на адказных пасадах у іншых раёнах Віцебшчыны. Пачэсная для яго задача — прадоўжыць і падняць на новую вышыню славу докшыцкіх хлебаробаў.

Дзяжурная чыгуначнай станцыі Крулеўшчына Жанна ГРЫЦКЕВІЧ.

Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна адзначыла, што дзеля гэтага абласныя структуры распрацавалі адпаведныя мерапрыемствы. Тры гаспадаркі раёна, у тым ліку і КУП «Докшыцкі», уключаны ў інтэграцыйную структуру па развіцці Віцебскай вобласці. У канцы мінулага года аблвыканкам прыняў рашэнне аб уключэнні Крулеўшчынскай сярэдняй школы ў праект Сусветнага банка на правядзенне капітальнага рамонту. Мадэрнізаваны філіял «Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу» РУП «Віцебскаблгаз», дзе амаль дзве сотні працуючых. Спецыялістам сельвыканкама трэба будзе прывесці ў адпаведнасць нумарацыю дамоў у далучаных да Крулеўшчыны вёсках Янушава і Бабічы. Наводзіцца парадак вакол былых панскіх сажалак. Аграгарадок з Полацкам і сталіцай злучыў хуткасны чыгуначны экспрэс «Штадлер». 

Будаўнікі філіяла «Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу» Аляксандр ЯКІМОВІЧ і Віктар ДЗЕРАЎКОЎ.

Вясновы настрой пануе ў аграгарадку. Падумалася, што не выпадкова вяртаюцца сюды буслы. Некалькімі дзясяткамі нованароджаных кожны год прырастае Крулеўшчына.

Докшыцкі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter