С начала года социальные работники на волонтерской основе выполнили 4000 заявок по доставке продуктов и лекарств
18.02.2021 08:40:10
Илья КРАСОВСКИЙ
Сёлета зiма выдалася снежная i марозная. У такiх суровых умовах сацыяльная служба дастаўляе прадукты i лекi пажылым людзям i iнвалiдам. Паслуга з’явiлася падчас першай хвалi пандэмii мiнулай вясной, але ў халады стала яшчэ больш запатрабаванай. З пачатку года тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва на валанцёрскай аснове выканалi амаль чатыры тысячы заявак па дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасцi i лекаў. А ўсяго за час правядзення кампанii па падтрымцы пажылых грамадзян i iнвалiдаў — больш за 44 тысячы заявак. На сiстэмнай жа аснове комплексныя сацыяльныя паслугi дома атрымлiваюць 97 000 непрацаздольных грамадзян. На адзiн дзень сталi валанцёрамi i нашы карэспандэнты.
Людзi даюць грошы i спiс пакупак, валанцёры яго дакладна выконваюць
Дабро заўсёды побач
Паслугi па дастаўцы прадуктаў i лекаў аказваюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва па ўсёй краiне. Любы чалавек пенсiйнага ўзросту можа звярнуцца за дапамогай — для гэтага ў кожным цэнтры выдзелены спецыяльныя тэлефонныя лiнii. Паслуга бясплатная. Людзi даюць грошы i спiс пакупак, валанцёры яго дакладна выконваюць. Лекi дастаўляюць толькi супрацоўнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Яны могуць нават самi забiраць рэцэпты з палiклiнiк.
Супрацоўнікам цэнтра сацыяльнага абслугоўвання дапамагаюць валанцёры БРСМ i Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Па ўсёй краiне зараз праходзiць чэлендж БРСМ «Прыбяром снег разам». Пачаўся ён з першымi моцнымi снегападамi — у пачатку студзеня. Валанцёры расчышчаюць двары ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, адзiнокiх пажылых людзей i iнвалiдаў.
Вiзiт па заяўках
Дастаўляем прадукты ў Заслаўi разам з загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН Мiнскага раёна Наталляй Грышэль i спецыялiстам па сацыяльнай рабоце Маяй Галубенка. Прыватны сектар, ускраiна горада. Да блiжэйшага магазiна мясцовым жыхарам iсцi кiламетра паўтара. Аўталаўка тут не ходзiць, хай i ўскраiна, але ўсё ж горад.Вязём прадукты Аляксандру i Раiсе Сматровым. Яны асаблiва актыўна карысталiся паслугай па дастаўцы мiнулым летам падчас пандэмii:
— Стараемся лiшнi раз не бываць у горадзе, з дзедам на восьмы дзясятак ужо выйшлi, — распавядае Раiса Сматрова. — Звычайна прывозiць прадукты сын, ён жыве тут, у Заслаўi. Праўда, калi ён з сям’ёй пайшоў на самаiзаляцыю, дапамога валанцёраў стала неабходнай. Цi цяпер, калi пакутуем ад прастуды, па снезе прабiрацца цяжкавата да крамы. Сын хоць i побач жыве, але на двух працах затрымлiваецца дапазна, нявестка з дзецьмi сядзiць. Таму ў iх нячаста атрымлiваецца наведваць нас.
Паслугi па дастаўцы прадуктаў i лекаў аказваюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва па ўсёй краiне
Дом Сматровых знаходзiцца ў зоне дастаўкi вядомай гандлёвай сеткi. Толькi ў адрозненне ад сэрвiсу сацыяльная служба не вызначае абмежаваннi па суме заказу. Запросы i матэрыяльныя магчымасцi, як правiла, у пенсiянераў сцiплыя, i не заўсёды яны могуць набраць патрэбную колькасць тавараў, каб дастаўка для iх была бясплатнай.
Дастаўляем прадукты ў Заслаўi разам з супрацоўнiкамi ТЦСАН Мiнскага раёна
Нiле Яўтух 90 гадоў. Сама спраўляецца па доме, сын прывозiць прадукты. З-за каронавiруса ён радзей наведвае мацi. Таму валанцёры дапамагаюць Нiле Мiкалаеўне расчышчаць двор, дастаўляюць лекi. Жыве бабуля з кардыястымулятарам, але ўсё роўна сама стараецца адзiн-другi шуфель снегу падняць. Няпросты лёс загартаваў. Нiла Яўтух — вязень канцлагера Азарычы, з дзяцiнства спазнала жахi вайны. Усё жыццё дапамагала людзям — 60 гадоў адпрацавала фельчарам-акушэрам. Нiла Мiкалаеўна яшчэ i агарод свой трымае. Сама праполвае i не дае хатнiм умешвацца ў гэты працэс. Па яе словах, праца на зямлi дае сiлы жыць. Бадзёрасцi духу i iранiчнага аптымiзму з гадамi ў пажылой жанчыны толькi дадалося:
— Каронавiруса не баюся, стамiлася ўжо ад яго, тым больш натхняюць прыклады iншых — бачыла па тэлевiзары сюжэт пра тое, як французская доўгажыхарка перамагла гэтую хваробу ў 117 гадоў.
Нiла ЯЎТУХ усё жыццё дапамагала людзям — 60 гадоў адпрацавала фельчарам-акушэрам