Пра што пісала «Сельская газета» 70 гадоў таму
31.07.2015 20:28:32
У гэтыя дні Беларусь першай сустракала дэмабілізаваных воінаў Чырвонай Арміі, якія вярталіся з Захаду на радзіму. “Дзясятага ліпеня з Берліна адправіўся першы эшалон з нашымі байцамі. Сотні жыхароў Брэста выходзяць сустракаць з кветкамі кожны эшалон з пераможцамі. Гэтымі днямі праз Брэст прайшоў поезд з дэмабілізаванымі воінамі гвардзейскага двойчы ардэнаноснага палка, якім камандуе гвардыі падпалкоўнік Ёкімаў. Баявымі медалямі і ардэнамі ўпрыгожаны грудзі воінаў-пераможцаў. Гвардзейцы капітан Георгіеў і сяржант Дзержак выступілі на вакзале з прамовамі”, — пісала наша газета, якая ў тыя часы выходзіла пад назвай “Совецкі селянін”.
Калі Ціт Чарняк вярнуўся з фронту ў родную вёску Вялікая Лотва Ляхавіцкага раёна, на месцы сваёй хаты ён убачыў папялішча. Гітлераўцы, адступаючы, спалілі ўвесь яго двор і хаты многіх аднавяскоўцаў. Яго жонка з чатырма дзецьмі жыла ў маленькай зямлянцы. Жыхары вёскі, узяўшыся за будаўніцтва новых дамоў, дружна памаглі Ціту Чарняку, які ў баях з ненавіснымі фашыстамі стаў інвалідам. Вялікае свята – гадавіну вызвалення Беларусі – Ціт Чарняк адзначыў у новым прасторным доме. За год свабоднай працы ў Ляхавіцкім раёне пабудавана 1420 дамоў. Добра ідзе будаўніцтва таксама ў Івянецкім, Дзятлаўскім, Стаўбцоўскім раёнах.
За год да пачатку вайны калгаснікі маладой сельгасарцелі “Комунар” Сапоцкінскага раёна выкапалі сажалку і пусцілі туды малькоў люстранога карпа. У 1941 годзе калгаснікі чакалі багатага ўлову рыбы. Але нямецкія захопнікі перашкодзілі планам сялян. Пасля вызвалення ад акупантаў калгаснікі аднавілі сажалку і зноў прыступілі да развядзення люстранога карпа. Па прыкладзе камунараўцаў рыбу сталі разводзіць і ў сельгасарцелі “22 Верасня”. Усяго ў раёне адноўлена 10 сажалак.
Вайна разлучыла мільёны сем’яў. Бацькі не ведалі, дзе іх дзеці, дзеці не ведалі, ці жывыя іх бацькі. Завяршылася вайна – і многія савецкія людзі знайшлі сваіх родных. Так здарылася і з намеснікам начальніка ўпраўлення кінафікацыі пры СНК БССР таварышам Э. Сакалоўскім. Два яго сыны, Вова і Кім, таміліся на фашысцкай катарзе. Бацька лічыў іх загінуўшымі. Але Перамога дапамагла ім сустрэцца (на здымку).
Тэма Перамогі была ў газеце на першым месцы, шмат пісалася пра аднаўленне народнай гаспадаркі і мірнага жыцця. Але не забываліся журналісты і пра галоўную аграрную тэму гэтай пары – жніво і нарыхтоўку кармоў. У Баранавіцкай вобласці ідзе масавая сенажаць. Трава ў гэтым годзе выдатная. З кожнага гектара сяляне ў сярэднім атрымліваюць 15—17 цэнтнераў. Сярод перадавікоў – Слонімскі, Нясвіжскі, Гарадзішчанскі, Быценскі раёны. Кожны з іх скасіў па 2—2,5 тысячы гектараў. Па вобласці ўсяго скошана 13,5 тысячы гектараў. Лепшае сена працоўныя здаюць дзяржаве. Калгас “Чырвоны бераг” Нясвіжскага раёна ўжо здаў у лік абавязковых паставак больш за 100 пудоў. Здачу сена пачалі і сяляне-аднаасобнікі.
У Іванаўскім раёне пачалася масавая ўборка збожжа. Убрана больш за 200 гектараў жыта і ячменю. А ў Жабчыцкім раёне ўборка жыта падыходзіць да заканчэння. З 7910 гектараў убрана шэсць тысяч. У Масевіцкім сельсавеце зжата і пастаўлена ў копны жыта на плошчы 400 гектараў. Сяляне Кротаўскага сельсавета ўбралі збожжа з 380 гектараў. У сельгасарцелях імя Сталіна і Чапаева безупынна працуюць чатыры конныя жняяркі. Брыгадзір калгаса імя Чапаева таварыш Жукавец на сваёй жняярцы ўбірае па 3 гектары за дзень. Калгаснікі і аднаасобнікі аддаюць усе сілы на хутчэйшае завяршэнне жніва і своечасовае правядзенне абмалоту.
Вядомыя беларускія паэты Максім Танк і Максім Лужанін, знаходзячыся ў творчай камандзіроўцы, наведалі сялян вёскі Рудзевічы Сваткаўскага сельсавета Мядзельскага раёна. Максім Танк вітаў сваіх землякоў віншаваннямі з гадавінай вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Максім Лужанін расказаў пра аднаўленне маладой савецкай краіны пасля вайны. Пісьменнікі таксама правялі вялікі літаратурны вечар у Вілейцы. У гарадскім парку прысутнічалі больш за 500 чалавек. Паэты адказвалі на пытанні і чыталі свае вершы, жыхары горада зладзілі ім гучную авацыю.
bolshakova@sb.by