Капылоў: нацыянальная мова адыграла выключную ролю ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці
16.02.2023 19:20:12
Елена БАСИКИРСКАЯ
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў адзначыў у гутарцы з журналістамі, што кожная мова, кожная яе форма – літаратурная, гістарычная ці жывая мясцовая – бясцэннае багацце не толькі асобнага народа, але і ўсяго чалавецтва:
Фото из архива «СБ»
– У нашай краіне здаўна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, канфесій, паважаючы культурныя традыцыі і мовы адзін аднаго. Для нас, беларусаў, важна захаваць сваё слова, бо яно выражае менталітэт народа, гэта аснова дзяржаўнасці і фарміравання нацыі. Калі звернемся да нашай гісторыі, то можна з упэўненасцю сцвярджаць, што беларуская народна-размоўная мова дазволіла нам захаваць і развіць сваю нацыянальную своеасаблівасць нават у тыя часы, калі пісьмовая форма аказалася пад забаронай на некалькі стагоддзяў, а традыцыі беларускага пісьменства былі прыпынены.
Эксперт падкрэсліў, што выключную ролю адыграла XIX стагоддзе, калі дзякуючы нашым пісьменнікам народнае беларускае слова стала апрацаваным, пачала адраджацца пісьмовая форма, якая адыграла выключную ролю ў фарміраванні дзяржаўнасці.
– Для далейшай папулярызацыі мовы павінна быць тэарэтычная і факталагічная база, – падкрэсліў Ігар Капылоў. – У краіне дастаткова практычных дапаможнікаў, граматык, слоўнікаў, распрацавана сістэма нацыянальнай арфаграфіі. Важна сфарміраваць стаўленне нашых грамадзян да нацыянальнай мовы – як да атрыбута дзяржаўнасці і самастойнасці. Істотна, каб мова выступала не сродкам канфрантацыі, а толькі кансалідацыі.