На Дзень беларускага пісьменства завітаюць Напалеон Орда і сам Фёдар Дастаеўскі
31.08.2018 08:50:35
Людмила МИНКЕВИЧ
Па сонечным гадзінніку
Іванава, нягледзячы на ўзрост (сёлета яму спаўняецца 595 гадоў), заўсёды быў прыгожы і дагледжаны, але да Дня беларускага пісьменства горад стаў яшчэ больш прывабным. Намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор Сыса тлумачыць, што правядзенне маштабнага свята і падрыхтоўкі патрабуе адпаведнай:
— Добрыя гаспадары, а палескіх людзей інакш і не назавеш, загадзя рыхтуюцца да таго, каб годна сустрэць гасцей. Таму літаральна з верасня мінулага года, калі ў Полацку нам была перададзена эстафета правядзення Дня беларускага пісьменства, мы пачалі працу над абнаўленнем горада.
Найбольш сіл і сродкаў пайшло на рэканструкцыю гарадскога парку — галоўнай пляцоўкі літаратурнага свята. Ліхтары і лаўкі, пешаходныя сцежкі і веладарожкі, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, зялёныя дрэўцы і рознакаляровыя кветкі — добраўпарадкаванне праведзена на ўсёй тэрыторыі парку плошчай больш за 25 га.
— Новы выгляд атрымалі галоўныя вуліцы горада, асабліва 17 Верасня, якая працягвае цэнтральную плошчу. З праезнай яна стала пешаходнай, — тлумачыць Рыгор Максімавіч. — Ужо сёння яна прыцягвае мам з каляскамі, дзяцей, моладзь... У дзень свята ў пачатку вуліцы будзе адкрыты памятны знак “Янава слова”, які прадстаўляе сабой сонечны гадзіннік з замацаваным у мармуровай чашы пяром — сімвалам пісьменства. Тут жа будуць пазначаны ўсе назвы гарадоў, якія калісьці прымалі Дзень беларускага пісьменства. З’явіцца і яшчэ адзін знакавы аб’ект — кнігарня “Верасень”. Раней у Іванаве не было спецыялізаванай літаратурнай крамы.
Пры падрыхтоўцы да свята рамонты перажылі шматлікія аб’екты адукацыі, культуры, аховы здароўя, гандлю... Чароўнае змяненне горада ўляцела ў капеечку — з розных крыніц фінансавання было патрачана каля 400 мільёнаў рублёў. Аднак гэта таго каштавала. Прыгожым утульным горадам змогуць доўгія гады цешыцца і жыхары Іванава, і яго госці. А іх у Дзень беларускага пісьменства чакаецца нямала.
Калыска знакамітасцей
Усе асобы, адлюстраваныя ў драўлянай скульптуры, пакінулі прыкметны след у гісторыі літаратуры і мастацтва і так ці іншакш былі звязаны з Іванаўшчынай. Вось, здавалася б, якое дачыненне мае да беларускіх мясцін знакаміты рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі? Аднак менавіта з іванаўскай вёскі Дастоева паходзіць яго род. Яшчэ ў 1506 годзе баярыну Даніле Рцішчаву пінскі князь Фёдар Яраславіч падараваў некалькі вёсак на тэрыторыі сучаснага Іванаўскага раёна. Для будаўніцтва сядзібы Рцішчаў выбраў сяло Дастоева. І яго дзеці і ўнукі пачалі насіць прозвішча Дастоеўскіх. Сярод іх нашчадкаў быў і Фёдар Дастаеўскі.
Літаратурныя зярняты даюць моцныя парасткі на Іванаўскай зямлі і сёння. Больш за паўстагоддзе пры раённай газеце “Чырвоная звязда” існуе аб’яднанне “Ясельда” — адна з найбольш вядомых і актыўных літаратурных сябрын у вобласці. Яе касцяк — паэт і празаік Валерый Кухарчук, пісьменнік-натураліст Васіль Жушма, празаік Анатоль Дзенісейка, паэты Уладзімір Гетманчук, Надзея Белавус, Ірына Сінкевіч, Лізавета Саханчук і многія іншыя.
Яе вялікасць Кніга
З творчасцю мясцовых аўтараў можна будзе пазнаёміцца і падчас Дня беларускага пісьменства — у праграме запланаваны музычна-паэтычныя чытанні на балконах “Янаўскія замалёўкі”. Чакаецца на свяце і нямала літаратурных гасцей з усёй краіны і нават замежжа.
— Кульмінацыя першага святочнага дня — міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. На яго запрасілі прадстаўнікоў з дзясятка краін — ад Карэі да Эквадора, — расказвае начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава. — Праводзім такія круглыя сталы з 2007 года. За гэты час на іх пабывала нямала літаратараў, якія сталі нашымі сябрамі, — яны годна пішуць пра Беларусь, выдаюць сумесныя зборнікі з нашымі аўтарамі, друкуюць беларускіх пісьменнікаў у сваіх краінах.
А вось пазнаёміцца з унікальнымі рарытэтнымі выданнямі можна будзе ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый, які на два дні ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. У прыватнасці, тут размесцяцца выстава, прысвечаная 400-годдзю першага ў свеце Буквара, і галаграмы старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Увечары ў гэтым цэнтры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Дарэчы, конкурс, як увогуле і ўсё свята, прысвечаны Году малой радзімы. Яе вялікасць Кніга будзе ў цэнтры двух святочных дзён. Аднак адной літаратурай Дзень беларускага пісьменства не абмяжуецца.
Ад сувеніраў да духавой музыкі
Усяго ў праграму свята ўключана больш за 30 мерапрыемстваў розных кірункаў. Яшчэ 29 жніўня з Мінска ў Іванава рушыла Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў”. Яе удзельнікі нясуць Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, каб увечары 1 верасня падзяліцца ім з прыхаджанамі Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Іванаве. Акрамя гэтага, яны правядуць з жыхарамі раёна духоўна-асветніцкую сустрэчу і пасадзяць каля адной з гарадскіх школ Сад Малітвы.
Ці не самай яркай падзеяй стане ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства 2 верасня. На галоўнай святочнай сцэне будзе прадстаўлена мастацка-тэатралізаваная дзея “Малой радзіме пакланюся!”. Тут жа адбудзецца цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
— Чакаецца шмат артыстаў. Выступяць Ірына Дарафеева, ансамбль “Песняры”, калектывы Іванаўшчыны і Брэстчыны, — пералічвае Алена Паўлава. — Яны ж прымуць удзел у вячэрнім канцэрце майстроў мастацтваў “Льецца песня над Палессем”.
А аматары духавой музыкі змогуць атрымаць асалоду ад конкурсу “Фанфара-2018”. Начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык расказвае, што ў амфітэатры выступяць 18 духавых аркестраў з усёй вобласці, у кожным — да 40 удзельнікаў.
Падчас свята можна будзе таксама набыць сувенірную прадукцыю, прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных рамёствах, патанцаваць на этнадыскатэцы “Палескія вытылінчыгі”, даведацца пра турыстычны патэнцыял Брэсцкай вобласці, пачаставацца стравамі беларускай кухні і нават паназіраць за футбольным матчам, выступленнямі каратыстаў і гульнёй у валейбол. Тых, каму гэтага будзе мала, запросяць у падарожжа па раёну, які славіцца цікавымі мястэчкамі і вёскамі.
КАРЫСНА
Што наведаць у Іванаўскім раёне
• Моталь. Гэта месца знакавае адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, тут нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, пры жаданні можна наведаць яго дом. Па-другое, Моталь з’яўляецца традыцыйным цэнтрам вырабу ручнікоў і кажухоў, пра гэта раскажуць у мясцовым краязнаўчым музеі. Па-трэцяе, у Моталі вельмі моцныя кулінарныя традыцыі. Нездарма тут праводзіцца папулярны фестываль “Мотальскія прысмакі”.
• Варацэвічы. На малой радзіме Напалеона Орды варта наведаць прысвечаны яму музейны комплекс. Тут можна пазнаёміцца не толькі з творчасцю слыннага мастака і кампазітара, але і з гісторыка-культурнай спадчынай Іванаўскага раёна. Багата прадстаўлены філатэлія, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва.
• Дастоева. У Дастоеўскай сярэдняй школе дзейнічае Літаратурна-краязнаўчы музей Фёдара Дастаеўскага, фонды якога налічваюць больш за 3 тысячы экспанатаў. Ёсць і сапраўдныя артэфакты. Да прыкладу, прыжыццёвая фатаграфія класіка, датаваная 1878 годам. Прыехаўшы ў Дастоева, варта пабываць таксама каля памятнага знака на месцы былой сядзібы роду Дастаеўскіх.
• Стрэльна. Тут знаходзіцца адзіны ў краіне музей народнай медыцыны “Бабуліны вышкі”. У ім прадстаўлена больш за 100 відаў розных лекавых раслін, сабраны ўнікальныя народныя рэцэпты настояў, адвараў, мазей.
mila@sb.by