У сям'і Пракурат адно хобі на дваіх: жонка вышывае ручнікі, муж — карціны
15.12.2022 07:49:00
Валентина КОЗЛОВИЧ
Ніводная машына не зможа ўкласці ў вышываны выраб столькі, колькі чалавечыя рукі, лічаць Анатоль і Валянціна Пракурат з аграгарадка Боркі Бярозаўскага раёна. Муж з жонкай даўно захапляюцца адной справай — вышыўкай. Прыйшлі доўгія зімовыя вечары, значыць, самы час сесці на канапу, узяць у рукі іголку, ніткі і пачаць працу над новым творам.
![](/upload/iblock/488/svn14k2sgbykyos72z0mfo2d8lucxmpd.jpg)
Пытаюся, адкуль такое хобі — вышыўка? Ці знойдзеш дзе яшчэ вясковага мужыка, які захапляецца жаночай справай?
Анатоль Рыгоравіч не згаджаецца:
— І хто толькі такое прыдумаў — жаночая, мужчынская? Жанчыны пілатуюць самалёты, жанчыну ўбачыш за стырном фуры. Не дзіва ўжо такое...
![](/upload/iblock/3f7/mm794s0e3118epwaru1u4n8q3wwas5gz.jpg)
— У Анатоля мама добра вышывала. А ў школе ён на ўроках працы вучыўся не толькі сталярнай справе, але і вышыўцы крыжыкам. Прычым, заўважце, ён у мяне ляўша!
На сценах кватэры Пракуратаў якіх толькі карцін не ўбачыш. Снегіры, качкі, пастаральныя пейзажы... Анатоль Рыгоравіч вышыў каля паўсотні карцін, многія з якіх вісяць у кватэрах дзяцей, у сяброў. Ён свае работы толькі дорыць, не прадае ні ў якім разе.
![](/upload/iblock/2bb/1a3qz97zjyrzy1lqc63uuqrdb1e3zgq2.jpg)
Майстар успомніў, што іголку з ніткай узяў у рукі 30 гадоў таму, задумаўшы вышыць карціну «Ісус і дванаццаць апосталаў»:
— Купіў канву, ніткі, часопісы са схемамі. Але цяжка ішла праца. Схема няпростая, іншы раз не хапала магутнасці акуляраў, дык браў яшчэ і лупу. Ажно тры месяцы вышываў. А калі ж вышыў, адчуў, што гэтая карціна (дарэчы, памерам 110 на 80 сантыметраў. — Прым. аўт.) — абярэг для нашай сям'і і што не трэба кідаць нітку з іголкай.
Цярплівасці Анатоля Рыгоравіча можна пазайздросціць. Калі што не так пойдзе — без жалю раскідвае карціну.
— Калі вышываю, уяўляю сябе мастаком, — расказвае майстар, узяўшы ў рукі пачатую работу па матывах казкі пра сястрыцу Алёнушку і братку Іванку. — Іголка нібы пэндзаль, а ніткі — фарба. Бывае няпроста падабраць патрэбныя па колеры ніткі, калі нешта ідзе не так — распускаю.
![](/upload/iblock/96f/9x13t3e9ajocf009e95bx43a60j3pprg.jpg)
— Вышылі ручнікі на вяселле пяцярым унукам, вышываем праўнукам. А можа, і нам спатрэбіцца які? — звяртаецца жонка да мужа, усміхаючыся. — Мы ж 47 гадоў у шлюбе, на носе залатое вяселле.
Пытаюся, чым яшчэ можна заняцца ў вёсцы на пенсіі, акрамя вышыўкі, кніг і тэлевізара? Анатоль Рыгоравіч — рыбак, любіць пасядзець з вудай. Родам ён са Спорава, таму ўсе спораўскія фішкі прыжыліся на сямейнай кухні — і сушаныя ў печы карасі, і квашаніна з лінёў. А Валянціна Рыгораўна спявае ў хоры пры царкве Святога Мікалая ў вёсцы Чарнякава.
— Радуемся, што дзеці нашы хоць і жывуць у горадзе — у Бярозе, але любяць вёску. Адрамантавалі ў Пешках мой бацькоўскі дом, гэта побач з Боркамі, і летам там жывуць, — распавяла Валянціна Рыгораўна.
![](/upload/iblock/0b1/gobpuz4mwrqh9dzsawe8idh3lnvetuge.jpg)
![](/upload/iblock/e05/7m2q0pdhzu6zq2arzep4gekniry1u8qn.jpg)