Гродно готовится к региональному празднику народного творчества «Ад прадзіва да ткацтва»
02.06.2023 11:36:00
Алена ЯСКО
10 чэрвеня ў Гродна на пляцоўцы каля Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбудзецца рэгіянальнае свята народнай творчасці «Ад прадзіва да ткацтва», якое прымеркавана да Года міру і стварэння. Яно праходзіць у рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці, паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
– Самабытнае народнае мастацтва Панямоння займае сваё месца ў скарбонцы беларускай традыцыйнай культуры ткацтвам падвойных дываноў, белаўзорыстых ручнікоў, каляровых узорных посцілак і дываноў, мастацкіх габеленаў, – адзначае эксперт. – Свята збярэ знакамітых ткачых з усёй вобласці, якія не пакідаюць спрадвечны жаночы занятак. Яны рупліва і грунтоўна засвойваюць мясцовыя традыцыі па-сапраўднаму народнага рамяства – ткацтва. Ні адно раённае свята народнай творчасці не абыходзіцца без іх удзелу.
Ткацтва для большасці сучасных майстрых стала цікавым захапленнем. У аддзелах рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці Гродзенскай вобласці працуюць майстры па ткацтву, дзейнічаюць гурткі і праводзяцца майстар-класы па навучанні рамяству. На свяце будзе магчымасць сесці за сапраўдныя народныя кросны, выткаць невялікую палоску тканіны альбо паспрабаваць з нітак змайстраваць пояс ці тэкстыльную стужачку. А можа вам да душы заняцца прадзеннем? На свяце можна паспрабаваць сябе ў рамястве разам з майстрамі.
– У рамках свята «Ад прадзіва да ткацтва» упершыню будзе прэзентавана тэкстыльнае палатно “Квецень Панямоння”, якое складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных усімі аддзеламі рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці вобласці, – адзначыла Наталля Рамановіч. – Будзе магчымасць пазнаёміцца і з экспазіцыяй габеленаў Алены Феліксаўны Шунейка «Тэкстыльныя акварэлі», большасць якіх выраблены на ўнікальных кроснах з вертыкальнай асновай, якія сканструяваў яе бацька Фелікс Антонавіч у 50 –ыя гады мінулага стагоддзя.
Дарэчы, творчасць майстрыхі па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва таксама занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Менавіта Алена Феліксаўна атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта “Ад прадзіва да ткацтва” у 2023 год, што будзе спрыяць адраджэнню ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і іх выкарыстанне ў практыцы работы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці.
Фота з архіва Наталлі Рамановіч.