Гасцінная гаспадыня Рускага тэатра
18.12.2008 21:00:00
Калегі адзначылі 100-гадовы юбілей народнай артысткі Беларусі Ганны Абуховіч.
Паўзмрок у зале, свечкі на століках, ролевыя партрэты артысткі на сцэне... На камерную атмасферу вечара у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага добра кладуцца вершы, песні пад гітару. І жывыя аповеды тых, хто яе ведаў. Канву вечара ўспамінаў у памяшканні Малой сцэны тэатра склалі агучаныя артыстамі старонкі з кнігі мемуараў Ганны Браніславаўны “Паўстагоддзя на сцэне”. А прыйшла яна на гэтую сцэну ў 1937-м, стварыла тут больш за сто яркіх драматычных вобразаў: Ганна Карэніна, Васа Жалязнова, Матухна Кураж, Гаспадыня Ніскавуоры, Царыца Ірына, Беспасажніца Ларыса… Актрыса стала кумірам для некалькіх пакаленняў тэатралаў, яе творчасць увайшла ў Залаты фонд беларускага мастацтва. Пахавана ж актрыса ў Санкт-Пецярбургу — там цяпер жыве яе сын, у мінулым афіцэр-падводнік.
Выпускніца аднаго з маскоўскіх тэатральных вучылішчаў доўгі час не проста была ў тэатры на вядучых ролях, яна адчувала сябе ў будынку на вуліцы Валадарскага паўнапраўнай гаспадыняй. Клапатлівай, але і патрабавальнай да сябе і да іншых. Ну як жа: жонка галоўнага рэжысёра тэатра, Дзмітрыя Арлова! Народная! Была нават дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, доўгі час узначальвала партыйнае бюро тэатра. У многім дзякуючы гэтай энергічнай жанчыне ў калектыве стваралася дзелавая творчая атмасфера, закладваліся традыцыі, якім цяпер ганарыцца тэатр.
А яшчэ яна была майстрыхай на ўсе рукі — неяк, калі спатрэбілася, за адну ноч сама пашыла... зімовае паліто. І гатаваць умела цудоўна, і гасцей сустракаць. А голас у яе быў прыгожы, гучны, правільна пастаўлены — таму і называў яе муж часам сярод блізкіх жартам: “наш гучнагаварыцель”... Пра цікавыя, часам смешныя эпізоды з жыцця побач з Ганнай Браніславаўнай расказвалі яе сябры па сцэне, вядомыя акцёры Расціслаў Янкоўскі, Алімпіяда Шах-Парон, Зоя Асмалоўская, Людміла Былінская, Бэла Масумян, кінакрытык Таццяна Арлова. Актрыса Вольга Клебановіч, адна з вядучых вечара, не проста згадвала пра сумесныя праменады са старэйшай сяброўкай у Юрмале, дзе яны неяк разам адпачывалі, але і спявала тыя рамансы, якія былі да душы Ганне Браніславаўне.
Іван Ждановіч