Председатель Гродненского областного отделения Союза писателей Беларуси Людмила Кебич - о развитии региональной литературы
31.08.2019 09:32:00
Катерина ЧАРОВСКАЯ
CЁННЯШНІМ ранкам Слонім прачнуўся сталіцай. Сталіцай Дня беларускага пісьменства. Розныя інфармацыйныя рэсурсы палічылі сваім абавязкам распавесці, як падрыхтаваўся раённы цэнтр да гэтай знамянальнай падзеі: якія сюрпрызы хавае, чым плануе вабіць гасцей свята і як упрыгожыўся ў чаканні шаноўнай публікі. А мы, у сваю чаргу, не забылі пра галоўных дзеючых асоб — пісьменнікаў з глыбінкі, якім таксама ёсць чым здзівіць наведвальнікаў святочных пляцовак. Для таго, каб абмеркаваць гэтую тэму, мы сустрэліся са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілай КЕБІЧ.
— Людміла Антонаўна, што цікавага падрыхтавала абласное аддзяленне для гасцей свята ў Слоніме?
— Мы заўсёды вельмі адказна ставімся да такіх свят. Тым больш калі яны адбываюцца на нашай гродзенскай зямлі. На гэты раз рыхтуем пляцоўку «Слова пісьменніка», якая будзе працаваць у Слоніме два дні. Ужо склалі спіс нашай дэлегацыі. Туды прыедуць літаратары з усіх абласцей краіны, і ўсім ім будзе дадзена слова. Будуць выступаць пісьменнікі, прэзентаваць свае кнігі і дзяліцца тымі падзеямі, што адбыліся з мінулага Дня пісьменства. Апошнім часам кожнае аддзяленне едзе не толькі з паэтычным альбо празаічным словам, але яшчэ і з песнямі. Таму што сярод нас ёсць барды і людзі, якія добра спяваюць. Упершыню ў Слоніме мы будзем даваць слова мясцовым літаратурным аб’яднанням непрафесійных пісьменнікаў. Так, напрыклад, у Слоніме ў нас ужо шмат гадоў працуе літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса — было адкрыта пры слонімскай раённай газеце. Дарэчы, пісьменнікі Гродзенскага абласнога аб’яднання выступяць не толькі на нашай пляцоўцы: іх запрасілі да сябе выдавецтвы з новымі праектамі, якія ўбачылі свет дзякуючы сумеснай працы.
— Нашаму чытачу цікава: ці многа таленавітых пісьменнікаў жыве сёння ў глыбінцы?
— У нашым абласным аддзяленні 41 пісьменнік. Немалая частка з іх жыве ў розных раёнах. Напрыклад, цудоўная беларуская паэтка Тамара Мазур — у Скідзелі. Ала Клімянок працуе і жыве ў Смаргоні. Валянцін Семяняка — у Зэльве. У вёсцы Вярэйкі Валкавыскага раёна жыве Віктар Курловіч. Дарэчы, асноўная тэма яго творчасці — малая радзіма. Геаграфія знаходжання нашых пісьменнікаў вельмі шырокая. І гэта добра: ёсць пра што пісаць, закранаюцца розныя тэмы, якія гарадскім літаратарам, мабыць, незнаёмыя. Сама задумалася: няма гэтакіх глабальных тэм — войнаў, катаклізмаў. Але гэта добра! Фэнтэзі і жаночыя раманы надакучылі. Дык пра што пісаць? І я зразумела: трэба пісаць пра звычайныя жыццёвыя сітуацыі, калізіі, стасункі, якія падводзяць нас да маральна-этычных высноў і філасофскіх думак.
— Напэўна, у маладосці кожны хоць раз ды напісаў верш ці апавяданне. Чым характарызуюцца сучасныя маладыя пісьменнікі?
— Чамусьці ім здаецца, што трэба падымаць экстрэмальныя тэмы. Пісаць пра той бруд, негатыў, які існуе ў грамадстве. Гэта не забаронена — калі ласка, але мне здаецца, што, калі пісьменнік апісвае нейкі заблытаны лабірынт няпростых стасункаў, ён павінен паказаць і выйсце з яго. Не заводзіць герояў і чытачоў у тупік. Мы вучым гэтаму маладых, падказваем, кансультуем. Хаця, мушу прызнаць, што інтарэс да пісьменніцтва ў моладзі падае. Мір змяніўся. Раней людзі былі больш прывучаныя да кнігі. Цяпер наперад выйшлі сродкі масавай інфармацыі, камп’ютарныя рэсурсы, сацыяльныя сеткі.
Мы адчуваем, што наша абласное аддзяленне трэба амалоджваць. Але дзе ўзяць маладых? Яны ідуць у вну, бяруцца шлюбам, працуюць, гадуюць дзяцей. Дзе тут месца для прозы ці паэзіі? Рукі не даходзяць, а насамрэч там вялікія літаратурныя задаткі. Адзін, два, тры за год прыходзяць, па якіх відаць, што яны будуць пісаць, што яны імкнуцца да слова, гатовы развівацца і прысвяціць гэтаму сваё жыццё. Мы шчаслівыя, калі прыходзіць такая таленавітая моладзь. Заўсёды на конкурсы, фестывалі і святы іх пасылаем, адкуль яны прывозілі і Гран-пры, і першыя месцы, ды і ўвогуле дзякуючы нашым маладым пісьменнікам у скарбонцы аб’яднання шмат прызавых месцаў. Але апошнія два-тры гады знайсці маладога таленавітага літаратара амаль немагчыма.
— Аднак нельга сказаць, што моладзі ў Гродзенскім абласным аддзяленні няма. На каго ўскладаеце найбольшыя надзеі?
— Ёсць у нас Аліна Паўлоўская, якой толькі 22 гады. Маладая настаўніца, працуе ў адной з гродзенскіх школ. Мы яе пасылалі на фестываль у Растоўскую вобласць — там штогод у ліпені адбываецца свята паэзіі і паэтычных перакладаў. У яго рамках прахо-дзяць конкурс маладых перакладчыкаў, майстар-класы вядомых расійскіх пісьменнікаў. Наша Аліна заняла першае месца на конкурсе, а канкурэнцыя была значнай. Удзел у фестывалі прымалі перакладчыкі паэзіі з Расіі, Украіны і Беларусі.
Вікторыя Смолка — самая маладая сяброўка Саюза пісьменнікаў з усёй Беларусі. Зараз ёй 22 гады, але ўступіла ў аб’яднанне, калі ёй было 20. Гэтая дзяўчынка проста жыве паэзіяй. Яна піша так, што ў нас дух займае. Яна гэтым жыве і дыхае: піша ўсюды, заўсёды і на ўсе тэмы. Дарэчы, у абедзвюх ужо ёсць кніжачкі з серыі «Маладая паэзія Беларусі».
Наталля Цвірко жыве на станцыі Скрыбаўцы і працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна таксама выдала кніжку і ўдзельнічае ва ўсіх конкурсах, якія толькі ёсць, і амаль заўсёды займае першыя месцы.
— Выкажу меркаванне, што галоўнае дасягненне кожнага пісьменніка — гэта выданне ўласнай кнігі. Ці будуць прэзентаваць аўтары Гродзеншчыны новыя зборнікі, выданні?
— Канечне. Па выніках першага паўгоддзя нашы аўтары выдалі 11 кніг. З прэзентацыямі мы і паедзем у Слонім. Я павязу свой «Бэзавы дом». Гэта зборнік вершаў на беларускай мове, прысвечаных малой радзіме (я родам з Краснасельскага, што ў Ваўкавыскім раёне), а таксама нашаму гораду Гродна, нашай краіне. Людміла Шаўчэнка надрукавала сёлета кнігу на рускай мове. Гэта вялікае выданне — за 300 старонак — «Солирует жизни струна». Ганна Скаржынская-Савіцкая — дзіцячая пісьменніца. Яна будзе прэзентаваць кнігу «Песенька пра ката», якая пабачыла свет толькі на гэтым тыдні. Піша яна вершы, і вось адна дзяўчынка з каледжа мастацтваў зацікавілася адным з іх і напісала музыку. Кніжачка «Песенька пра ката» выдадзена ў незвыклым фармаце: толькі адзін верш. А ў дадатак — ноты, аўтарскія малюнкі і дыск з песняй. Аляксей Якімовіч, які жыве ў Слоніме, прадставіць аж тры кнігі: апавяданні і казкі для дзяцей. Гэты спіс можна працягваць.
— Ведаю, што ваша аддзяленне вельмі шчыльна супрацоўнічае з замежнымі калегамі…
— Так, сумесна з украінскімі і расійскімі пісьменнікамі выдаём праект «Берега дружбы», дзе змешчаны вершы паэтаў з гэтых краін з перакладамі. Аналагічныя альманахі выходзяць і ў супрацоўніцтве з краінамі Еўрасаюза. Усё пачалося з таго, што ў 2016 годзе пасябравалі з пісьменнікамі з Польшчы. З гэтага часу кожны год у кастрычніку і красавіку едзем на вялікі фестываль паэзіі па лініі ЮНЕСКА. Гэта міжнароднае мерапрыемства, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі Брытаніі, Францыі, Германіі, Славакіі, Румыніі і іншых краін. Фармат такі: прыязджаюць па два пісьменнікі і чытаюць вершы. З нагоды гэтага мерапрыемства выдаецца альманах «Масты», у якім творы паэтаў розных краін даюцца з перакладам на польскую мову. Ёсць сярод аўтараў і гродзенскія ўдзельнікі.
— Самае галоўнае пытанне заўсёды датычыцца перспектыў і развіцця — не будзе выключэннем і наша размова.
— Запрацавала літаратурная школа. Раней гэта была школа маладога літаратара, куды маглі прыходзіць толькі маладыя, пачынаючыя аўтары. Але мы вырашылі пайсці далей. У нас досыць людзей сталага ўзросту, якія пішуць, ды і нам, прафесіяналам, часам трэба ўзгадаць нейкую тэорыю, падзяліцца сакрэтамі майстэрства. Так што цяпер у нас штомесяц працуе школа для ўсіх. Сюды прыходзяць усе, хто хоча пісаць — цікава, прыгожа, прафесійна. Узрост не абмежаваны: ад школьнікаў да пенсіянераў. На сустрэчы мы запрашаем навукоўцаў, мэтраў, якія раскрываюць пэўную тэму, а потым даецца хатняе заданне, і на наступныя заняткі мы публічна разбіраем творы нашых вучняў.
Акрамя таго, чатыры гады таму адкрылі дыскусійны клуб «Словадром». Гэта пляцоўка для дыскусій, куды прыходзяць ўсе жадаючыя, і яны маюць магчымасць выказаць сваю думку, свае аргументы па пэўнай спрэчнай тэме. Наша мэта: навучыць весці граматную, карэктную дыскусію, каб не зняважыць суразмоўцу. Клуб карыстаецца вялікай папулярнасцю. Так што сапраўды Гродзенскае абласное аддзяленне развіваецца, і не толькі ў традыцыйных напрамках.