Более 4,6 тысяч кубометров мусора убрали во время акции «Чистый лес»
22.10.2019 08:44:00
Мария ДРУК
Больш за 42,7 тысячы чалавек ударна папрацавалі ў мінулую суботу падчас рэспубліканскай акцыі «Чысты лес». Дзякуючы намаганням добраахвотнікаў з экасістэм вывезлі больш за 4,6 тысячы кубаметраў смецця, адрэстаўрыравалі 106 месцаў адпачынку, дадаткова пасадзілі звыш 1,4 мільёна дрэў на плошчы 1,1 тысячы гектараў. Пры гэтым не засталіся без увагі месцы пахаванняў, падрыхтаваны да зімы міні-дэндрапаркі.
Удзельнікі акцыі атрымалі сімвалічнае ўзнагароджанне за працу.
— Асноўная задача акцыі — паказаць людзям, што стан лесу залежыць ад кожнага з нас. Падумайце: толькі падчас такіх акцый тысячы кубаметраў смецця вывозяцца штогод, не кажучы ўжо пра штодзённую працу лясгасаў. Але, на жаль, менш яго не становіцца.
У пацвярджэнне — некалькі лічбаў. За 9 месяцаў гэтага года прыбралі смецця ў лясах, у тым ліку каля месцаў адпачынку, аўтадарог, знакавых аб'ектаў на плошчы больш за 7,5 тысячы гектараў. Пры гэтым за забруджванне лесу сёлета работнікі дзяржаўнай лясной аховы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 275 парушальнікаў. У дапамогу — і фота-, і вiдэапасткi, цяпер іх у лясгасах 720. З пачатку года з дапамогай схаваных камер выяўлена і прыцягнута да адказнасці 526 парушальнікаў. Гэта на 35 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Часцей за ўсё нядбайныя грамадзяне трапляюцца на вывазе смецця, самавольных высечках і незаконнай нарыхтоўцы драўніны.
— Калі не атрымліваецца адразу выявіць парушальнiка, то на падставе таго, што знаходзіцца на такіх звалках, вызначаюцца крыніцы іх з'яўлення. У прыватнасці, калі гэта прамысловыя адходы, то па іх характары можна вызначыць таго, хто іх выкінуў. І тады прад'яўляюцца санкцыі да тых, хто стварае такія звалкі, — звярнуў увагу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.
У суботу работнікі камітэта разам з кіраўніцтвам Мінлясгаса наводзілі парадак у лесе каля спарткомплексу ў «Стайках», што на тэрыторыі Бараўлянскага спецлясгаса.
А вучанiца сярэдняй школы № 3 Смалявічаў Анастасія Таболiч пералічвае асноўны «ўлоў» на берагах Пятровіцкага вадасховішча — бутэлькі, абгорткі, пакеты.
— Працавалася весела, кампанія падабралася добрая — з 10-га і 11-га класаў. Прыехалі па ўласным жаданні. У прынцыпе, тут многія, хто ўдзельнічае ў валанцёрскім руху БРСМ «Добрае сэрца», — распавяла дзяўчына.
У канцы дня Смалявіцкі лясгас уручыў дзецям сувеніры — фірменныя нататнікі і ручкі. Сімвалічнае ўзнагароджанне за працу атрымалі і іншыя школьнікі — удзельнікі акцыі. Акрамя таго, на працягу тыдня вызначаць па тры самыя актыўныя школы ў кожнай вобласці. Іх ўзнагародзяць падарункавымі сертыфікатамі на навагоднія дрэвы.