Эканомім? ці Правапіс літары й
05.09.2009 19:25:00
Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” напісанне літары й вызначаецца ў § “Нескладовае й”. Хаця пытанні напісання яе рэгламентуюцца яшчэ двума параграфамі: “Прыстаўкі”, “Спалучэнні галосных у запазычаных словах”. Апошні, якога не было ў праекце НАН Беларусі, быў вымушаны распаўсюджанасцю ў запазычаных словах спалучэння й + галосны (йо, йе, йа), што ў беларускай мове перадаецца праз ё, е, я: маёр, ёд, езуіт, більён, фае, Мая і інш. Праігнараваць даволі распаўсюджаную з’яву было нельга. Напісанне й пасля прыставак заняло сваё месца ў главе 5 “Правапіс некаторых марфем”. На першы погляд можа падацца, што гаворка ідзе пра адно і тое ж. Аднак пры ўважлівым разглядзе відавочным становіцца наступнае. Асноўнае прызначэнне параграфа “Нескладовае й”, які ўзнік на месцы “І (складовае) і й (нескладовае) пасля прыставак” “Правіл”-1959, — адцяніць спецыфічную фанетычную рысу роднай мовы: гук [і] можа чаргавацца з гукамі [й], [ы] ці захоўвацца. Гэта мае важнае значэнне, калі параўнаць наяўнасць гука [й] і яго абазначэнне літарай й у трох усходне- славянскіх мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай. У роднай мове з гукам [й] звязана шмат працэсаў, якія вылучаюць яе паводле тэорыі эканоміі маўленчых намаганняў: эканомнымі сродкамі перадаць як мага больш інфармацыі. Для ілюстрацыі суаднясём марфалагічныя формы: добры і добрый, сіні і синий, вялікі і великий. Паводле “Зваротнага слоўніка” (http://www.dictionnaire.narod.ru /reverse.htm) агульнай колькасцю ў 99 430 адзінак, у рускай мове на гук [й] заканчваецца 20 866 слоў. Калі спраектаваць гэта на беларускую мову, то іх прыблізна на 18 тысяч менш. Лічба даволі паказальная... Уявім, колькі пісьмовых і гукавых намаганняў, рухаў органаў вымаўлення і рукі (пры напісанні) будуць празмернымі, бо мы добра адрозніваем прыметнікавыя, займеннікавыя, дзеепрыметнікавыя формы і без канцавога [й]: гнуткі — гибкий, гэткі — этакий, коўкі — ковкий, ляжачы — лежачий і тысячы іншых слоў. Няма яго і ў падобных польскіх формах: dobry, stary і г.д. У банальнай статыстыцы адцяняецца зладжанасць той ці іншай мовы, могуць быць вызначаны тэндэнцыі ў яе развіцці. Пра гэта больш падрабязна пагаворым іншым разам. Страта канцавога й — працэс гістарычны і вымушаны ў розных выпадках рознымі прычынамі. На сучасным этапе назіраем, як сказалі б некаторыя лінгвісты, “паразітарную сутнасць” й у рускай і ўкраінскай мовах. Хаця рабіць такія вывады справа не зусім годная, бо кожная мова мае свой арсенал эканомных і, так бы мовіць, лішкавых сродкаў, якія не супрацьпастаўлены, а сістэмна арганізаваны. Такое становішча спраў выразна адбілася і на лёсе літары й. У кірыліцы літара й не мела свайго пэўнага месца і не раз цярпела ад розных асоб, рэформ. Так, у грамадзянскім шрыфце, уведзеным Пятром І у 1708 годзе, з прычыны ліквідацыі ўсіх дыякрытычных знакаў быў адменены і сімвал й, але быў вернуты пры канчатковым афармленні грамадзянскай азбукі ў 1735 г., што дае падставы некаторым даследчыкам увогуле датаваць гэтым годам з’яўленне літары й . У старабеларускай графіцы яна пачынае ўжывацца з канца XVI стагоддзя (А.М.Булыка). Да рэформы 1917—18 гг. у алфавіце ў лік літар не ўключалася, у слоўніках аб’ядноўвалася з літарай и. У XVIII—XIX стст. літара й увайшла ў грамадзянскія шрыфты балгарскай, украінскай і беларускай моў. Да сярэдзіны XIX ст. выкарыстоўвалася ў сербаў, але затым была заменена лацінскім ётам (j). Ва ўкраінскай і балгарскай мовах няма літары ё, таму замест яе ў пачатку слоў і пасля галосных выкарыстоўваецца спалучэнне йо. Правілы напісання літары й у новай рэдакцыі амаль не памяняліся. Канкрэтныя змены датычацца толькі пачатковага [й] у запазычаннях. “Правіламі”-2008 прадпісваецца: гук [і] пасля прыставак, якія заканчваюцца на галосны, чаргуецца з [й] і перадаецца на пісьме літарай й: у словах з коранем іс-ці, ігр-аць, ім-я, інач-ай на месцы ненаціскнога пачатковага каранёвага [і]: зайсці, прыйсці, пры- йшоў, пайшоў, выйду, выйшаў, увайсці, выйграць, зайграць, перайграць, выйгрыш, перайменаваць, найменне, займенны, займеннік, пайменны, перайначыць, перайначванне; у словах займаць, наймаць, пераймаць, перайманне, праймаць. У астатніх выпадках пачатковы каранёвы гук [і] захоўваецца пасля прыставак на галосны: заіскрыцца, заікацца, заінець, праіснаваць, заінтрыгаваць, праілюстраваць, праінфармаваць, неістотны, Прыіртышша, Заішым’е, Заілійскі, праіранскі. Як бачым, правіла перадачы гука [й] у гэтых выпадках стала больш рэгламентаваным. У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, іграць пры дапамозе прыставак на зычны (аб-, ад-, над-, раз-, уз- і інш.), [і] чаргуецца з [ы]: абышоў, узышоў, абысці, надысці, падысці, разысціся, падыграць, абыграць і інш. У сярэдзіне запазычаных слоў, у тым ліку ва ўласных назвах, літара й пішацца толькі перад зычнымі: дызайн, Кландайк, Драйзер, Айні, лайнер, камбайн. Засяродзьце увагу: гукавое спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: на пачатку слова: Ёфе, Нью-Ёрк; пасля галоснага ў сярэдзіне слова: маёр, маярат, маянэз, раён, Аюнскі; пасля галоснага на канцы слова: фае, секвоя, Мая, Папая. Слоў з пачатковым [й] мала, часцей за ўсё гэта імёны ўласныя. Прывядзём іх больш поўны пералік: [йе] — Ханс Хенрык Егер, Іштван Едлік, Езд (горад у Іране), Эльфрыда Елінэк, уранавыя Еліры, Елоўнайф (горад у Канадзе), Елоўстан (прыток ракі Місуры), Ельскі ўніверсітэт, Зігмунд Ен, Ена (горад у Германіі), Вальтэр Енс, Вільгельм Енсэн, енскія рамантыкі, Енчэпінг (горад у Швецыі), Анкер Ергенсэн, Еркская астранамічная абсерваторыя, Хасэ Ера; [йі] — Іглава (горад у Чэхіі), Іржы Падэбрад, Уільям Батлер Ітс (вымаўляецца і ётавае — [йі]); [йо] — Слабадан Ёванавіч, Франчэска Ёўкаў.