Большие скидки, новые коллекции для учеников и одежда для учителей: в стране проходят школьные базары
20.08.2019 08:30:00
Алина КАСЕЛЬ
Вырасціць са свайго дзіцяці добрага, разумнага і прыстойнага чалавека складана, аднак нават такая дробязь, як зборы яго ў школу, таксама той яшчэ квест. Неабходна набыць кашулі, кофты, штаны, спадніцы, сукенкі, калготкі, чаравікі, спартыўную форму. Да гэтага спіса дадайце сшыткі, ручкі, пенал, заплечнік і іншыя прылады для навучання. Ух! На якіх дрэвах растуць грошы?.. Каб бацькі не поўнасцю спустошылі свае кашалькі, а дзеці выглядалі на выдатна, прадпрыемствы «Беллегпрама» і іншыя беларускія вытворцы тавараў для школьнікаў прынялі ў мінулыя выхадныя ўдзел у агульнагарадскім школьным кірмашы ў Мінску і парадавалі істотнымі зніжкамі пакупнікоў. У наступныя выхадныя кірмашы пройдуць зноў, гэта значыць, будзе магчымасць набыць абноўкі да школы па смешных цэнах. А па якіх і дзе — пра гэта даведалася карэспандэнт «Р».
Нашы вытворцы прадставілі ўсё, што неабходна да школы: ад чэшак да чаравікаў, ад спадніц да касцюмаў, ад гумкі да вучэбна-метадычнай літаратуры
Да новага навучальнага года прадпрыемствы выпусцілі новыя калекцыі. Аднак на кірмашы можна было сустрэць форму і мінулага, і пазамінулага гадоў. На апошнія былі максімальна вялікія зніжкі — да 70 працэнтаў. Прыемны падарунак для бацькоў. Што ўбачылі? У прыватнасці, 300 абсалютна новых швейных мадэляў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Трыкатажныя прадпрыемствы падрыхтавалі 95 новых мадэляў. Абутковыя — 226. Ведаеце, якое самае галоўнае пытанне задавалі дарослыя? З чаго зроблена? Пачуўшы пра натуральны склад і пра тое, што вытворчасць беларуская, з ахвотай набывалі.
Падыходзім да адной з палатак. Зніжкі на калекцыі 2017 і 2018 гадоў 50 працэнтаў. Прадаўцы — дзве Алены — паказваюць: касцюмы для хлопчыкаў 1—7-х класаў — 34—36 рублёў. Для дзяўчынак дызайнерскія кашулі, кардыганы, джэмперы, касцюмы ад 23 да 40 рублёў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшага ўзросту касцюмы каштуюць даражэй. Напрыклад, для хлопчыка касцюм 50-га памеру абыдзецца ў 112 рублёў.
На калекцыі 2017 і 2018 гадоў самыя вялікія зніжкі.
Ідзём у іншую палатку. Тут сабраліся не толькі бацькі з дзецьмі, але і настаўнікі. А што — цёплыя джэмперы ад 31 рубля! Вось, напрыклад, цёплы жакет — 36 рублёў. Мама хлопчыка, якому купілі камізэльку за 11,4 рубля, падбірае сабе кофту за 28 рублёў. Іншая сям'я, пачуўшы цану на камізэльку, удакладняе: «А з чаго яна? Дайце шэрую, рост 134». Прадавец адказвае: 30 працэнтаў шэрсць, 70 — пан і працягвае:
— У нас вялікія зніжкі! Вырабы для школьнікаў ніколі яшчэ так танна не каштавалі. Джэмперы ад 6,93 рубля. Ніжэй няма куды! Жакеты для мам — 30 рублёў. Клас!
У суседняй палатцы сям'я купляе хлопчыку 11 гадоў спартыўны касцюм, а дакладней, штаны і майку. Тут штаны каштуюць 27—29 рублёў, майкі — 10—12. Кашулю ўзялі за 35. Мама Марына кажа: «Купілі б больш адзення — цаной задаволена, ды памераў няма. Пойдзем у іншыя палаткі».
Ого! Хтосьці ўжо курткі набывае. Старыя калекцыі аддаюць з 50-працэнтнай зніжкай! Камізэлькі, восеньскія і зімовыя падоўжаныя курткі ў кошце губляюць на вачах. Каштуюць яны ад 25 да 50 рублёў! Нездарма сям'я — мама, бабуля і ўнучкі — купляюць за 36 рублёў вятроўку, якая раней каштавала 72. Новая калекцыя, вядома, даражэй: ад 60 да 150 рублёў. У цэлым пад'ёмна.
У суседняй палатцы шмат народу. Тут купляюць кашулі-кофтачкі — так званыя падманкі — за 38,5 рубля, сукенкі — за 49, спадніцы — ад 21 да 31 рубля, штаны для падлеткаў — за 49.
— Лічым, цэны вельмі дэмакратычныя, — мама Таццяна, бацька Іван прывялі на кірмаш сваю першаклашку Соню і шасцікласніцу Аню. — Зайшлі ў першую палатку і адразу ўзялі абедзвюм блузкі і спадніцы.
Старэйшую Аню запыталі: школьная форма — гэта сумна?
— Не! Прыгожая вопратка. Мне зручна і прыемна сядзець за партай у школьнай форме, а не ў джынсах.
Глядзім, што яшчэ прадаюць.Касцюмы для дзяцей малодшых класаў — 29 рублёў, сарафаны — 21—23, сукенкі — ад 15,80. Джэмперы — 30 рублёў. А камплект джэмпер і сарафан — 35. Прадавец Вікторыя каментуе:
— Зніжак няма, у нас мінімальная гандлёвая надбаўка. 24—25 жніўня ў нашых крамах будуць зніжкі 20 працэнтаў. Нам падабаецца, што людзі прыходзяць на кірмашы. Тут яны больш актыўна выбіраюць — цана падыходзіць. Ідуць ад нас задаволеныя.
Абутак глянем? Тут зніжкі на летнія туфлі і чаравікі 20 працэнтаў. Памеры — ад 32-га да 40-га. Так што бяруць і хлопчыкі, і дзяўчынкі, і матулі. Чэшкі — 14 рублёў. Туфлі — ад 42 рублёў. Сярэдняя цана для хлапчуковага абутку без зніжкі — 65 рублёў. Усё з натуральнай скуры.
Фінішыруем ля палатак з канцылярскімі таварамі. Універмагі і кнігарні таксама прапанавалі зніжкі ад 25 да 45 працэнтаў. Вось, напрыклад, зніжка ажно 25 працэнтаў на любы тавар! Калі сшытак каштуе 41 капейку, то са зніжкай — 30!
— У нас у магазіне сёння зніжка 30 працэнтаў, але на суму ад 7 рублёў. А тут на любы тавар, — прадавец Вольга Паханава праводзіць экскурсію. Карыстаюцца попытам заплечнікі ад 60 да 90 рублёў. Мяшэчкі для абутку — ад 3 да 21 рубля. І гэта без уліку скідак. Дарэчы, на кірмашы можна было знайсці заплечнікі і за 35 рублёў!
Калі вы прапусцілі гэты кірмаш, то 23—24 жніўня можна прыйсці ў Культурна-спартыўны цэнтр Беларускай чыгункі на вуліцы Чкалава на пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту. Акрамя таго, ва ўнівермагах і крамах краіны 24 і 25 жніўня пройдуць агульнарэспубліканскія дні зніжак! Сотні школьных кірмашоў працуюць ва ўсіх без выключэння рэгіёнах да 31 жніўня, а некаторыя — да 1 верасня ўключна. З такой падрыхтоўкай да школы, хочацца спадзявацца, у дзетак будуць выдатныя вынікі ў навучанні!
Фота аўтара