Кавалеру ордэнаў Айчыны другой і трэцяй ступені, старшыні праўлення СВК «Фядорскі» Столінскага раёна, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Рыгору Дзямко — 75 гадоў
13.03.2021 11:48:02
Больш як паўвека Рыгор Аляксеевіч Дзямко працуе ў сельскай гаспадарцы Століншчыны. Трыццаць сёмы год нязменна кіруе адным з найбольш буйных і эфектыўных сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі — СВК «Фядорскі». За высокія фінансава-эканамічныя паказчыкі гаспадарка была занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.
Працоўныя здабыткі Рыгора Аляксеевіча адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную доблесць», ордэнамі Айчыны III і II ступені, медалямі ВДНГ СССР, прысваеннем званняў заслужанага работніка сельскай гаспадаркі і ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна, абраннем дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
За паўвека журналісцкіх вандровак памяць захоўвае сустрэчы з легендарнымі асобамі беларускай вёскі: Уладзімірам Ралько, Кузьмой Шаплыкам, Уладзімірам Бядуляй, Іосіфам Плаўскім, Лідзіяй Сіроткінай, Алегам Валадзько і многімі іншымі кіраўнікамі-хлебаробамі, чые імёны залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю рэспублікі.
Пра такіх кажуць: чалавек-эпоха. Гэтыя словы поўнасцю датычацца і старшыні праўлення СВК «Фядорскі» Столінскага раёна Рыгора Дзямко. Сёння Рыгор Аляксеевіч адзначае сваё 75-годдзе.
У першыя дні 1985-га яму прапанавалі ўзначаліць пабудаваны на абноўленых землях саўгас «Беражцы». Загад аб прызначэнні ўручаў у сваім кабінеце тагачасны міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Фёдар Мірачыцкі.
— Атрымаў загад і адразу адправіўся ў сталічны аэрапорт, — узгадвае Рыгор Дзямко. — Тады ў Пінск лятаў Ан-24. Праз няпоўную гадзіну прызямліліся на Палессі, дзе мяне чакаў легкавік, каб дабрацца ў гаспадарку.
Цэнтральнай сядзібай новага саўгаса стала вёска Фядоры, размешчаная на ажыўленай аўтатрасе. Раней яе акружалі балоты. Меліяратары акультурылі прасторныя масівы. Побач з вёскай паўстаў жывёлагадоўчы комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы першапраходцам балот пашыраў свае межы саўгас. Пасля некалькіх рэарганізацый ён стаў СВК «Фядорскі» з агульнай плошчай сельгасугоддзяў звыш 10 тысяч гектараў, што складае восьмую частку ворыва ў раёне.
На легкавіку імчым па акуратна прыбраным аграгарадку. Шырокая асфальтаваная вуліца перасякае цэнтральную частку і за ваколіцай вядзе да двух малочна-таварных комплексаў.
Рыгор Аляксеевіч не ўтойваў пачуццяў: «Гэта і ёсць комплексы XXI стагоддзя».
Сапраўды, усё да дробязей тут аўтаматызавана. У сянажнай траншэі загружаўся сплюшчаным зернем кукурузы невялікі агрэгат. Запраўленую мікрадабаўкамі масу ён дазіруе ў кармушкі. На самай справе было чаму здзіўляцца. Даільныя залы, камп’ютары — часта даводзілася бачыць. Але тут было нешта іншае. Іскрынкі ў вачах старшыні выдавалі яго настрой. Такія аўтаматы раздавалі фураж і на адкормачным комплексе, дзе ўтрымліваецца амаль 8000 бычкоў. Ледзьве паспяваў запісваць лічбы, якімі сыпаў старшыня. 15 жывёлаводаў абслугоўваюць кормнікаў. За два першыя месяцы рэалізавана 2000 тон высакаякаснай ялавічыны. Летась прадалі каля 20 000 тон малака і амаль 6000 тон ялавічыны. Рэнтабельнасць галіны амаль 20 працэнтаў. Прыбытак ад продажу прадукцыі жывёлагадоўлі перавысіў 5 мільёнаў рублёў. Сярэднямесячны заробак вырас да 1100 рублёў. Працаўнікам выплацілі трынаццатай зарплаты 600 000 рублёў.
Удосталь сродкаў і на развіццё сацыяльнай сферы. Аграгарадок прырос новымі вуліцамі, забудаванымі катэджамі, у якіх жывуць сем’і механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў, настаўнікаў. Упрыгожыў Фядоры мураваны храм у гонар абраза Божай Маці «Неапалімая Купіна». Узводзілі святыню ў асноўным на сродкі гаспадаркі.
З апантаным гаспадарчымі справамі Рыгорам Дзямко за гады яго старшынёўства даводзілася часта сустракацца. Ад яго пачуў: «Каб не меліярацыя, палешукоў занеслі б у Чырвоную кнігу».
Свята шануе Рыгор Аляксеевіч гісторыю сваіх продкаў. Яго прадзед шляхціц Іосіф Булат стагоддзе таму, у смутны час, схаваў у палескай глыбінцы сям’ю. Ён валодаў ладнымі надзеламі ў Цэнтральнай Польшчы. Яшчэ раней сюды прыбіліся (не столькі ад галечы, колькі ад неспакойнага жыцця ў часы Аўстра-Венгерскай імперыі) закарпацкія Дзямкі. Чарнабровы Іван з гэтага роду зачараваў прыгажосцю вытанчаную дачку шляхціца Агаф’ю Булат. Маладыя пажаніліся. У першыя гады савецкай улады на Палессі шляхетных Булатаў, як кулацкі клас, вывезлі ў Сібір. Па ўсім свеце параскідаў іх лёс. Маладую сям’ю Агаф’і і Івана Дзямко не кранулі. Іх сын Аляксей закахаўся ў дзяўчынку-сірату. Фанабэрыстая маці катэгарычна запярэчыла. Але каханне перамагло. У пасляваенны час маладыя збудавалі ўласную хату. Яна поўнілася дзіцячымі галасамі. Бабуля Агаф’я прызвычайвала ўнукаў да культуры. Выхоўвала іх і школа. Рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах выкладала інтэлігентная Надзея Іванаўна Кавалец, якая ўдастоена высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Дзякуючы такім педагогам многія выпускнікі Вялікамалешаўскай сярэдняй школы атрымалі вышэйшую адукацыю.
У юнацтве Рыгор Дзямко марыў стаць спецыялістам лясной гаспадаркі. Але старэйшы брат Іван пераканаў вучыцца на агранома. Вялікая сям’я радавалася, калі Рыгору пасля паспяховай здачы ўступных экзаменаў прыйшоў выклік на вучобу ў Горкі. Вытворчую практыку праходзіў на палях заможнага столінскага калгаса «40 год Кастрычніка», якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі. Так сталася, што і працоўную дзейнасць пачынаў пад яго кіраўніцтвам.
Маладому аграному цікава было спасцігаць поруч з вопытным старшынёй навуку кіравання. Кузняй кадраў называлі ў раёне альшанскі калгас, дзе Рыгор Аляксеевіч атрымаў першую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. У палескіх Альшанах ён сустрэў і будучую жонку. Улляна Пятроўна пасля заканчэння Пінскага саўгаса-тэхнікума вярнулася ў свой калгас заатэхнікам-селекцыянерам. Двух сыноў і дачку выхавалі шчаслівыя бацькі. Дзеці адарылі іх васьмю ўнукамі: двума хлопчыкамі і шасцю дзяўчынкамі.
Працуючы галоўным аграномам у альшанскім калгасе, Рыгор Дзямко вывучыў з усіх бакоў кожны гектар зямлі. Ведаў, дзе і якія культуры лепш вырошчваць. Раённае кіраўніцтва прапаноўвала яму пасады старшыні калгаса. З-за розных прычын не пагаджаўся. Угаворваючы яго, сакратар абкама партыі па сельскай гаспадарцы Генадзь Герасімавіч Каваленка саркастычна выпаліў: «Не сядзець жа ў аграномах да сівой барады». Аднойчы ўсё ж пераканалі заняцца агранамічнай навукай. Паехаў у Брэст, а жонка з дзецьмі засталіся ў вёсцы. У абласным цэнтры атрымаў ключы ад кватэры. Толькі і працуй. Але не вытрымаў гарадскога тлуму. Вярнуўся ў гаспадарку і больш ніколі яе не пакідаў.
Працоўны кабінет Рыгора Дзямко невялікі, але ўтульны. У вокны зазіраюць махнатыя яловыя галінкі. Сонечныя промні гарэзліва зіхацяць на паліраваным стале. Цікаўлюся ў Рыгора Аляксеевіча, якім павінен быць сучасны кіраўнік?
— Адукаваным і сумленным, мець талент і тэарэтычную базу. З вопытам прыходзіць уменне адчуваць іншых. Як дырыжор ўлоўлівае гучанне кожнага інструмента ў аркестры, так і кіраўнік павінен адчуваць калектыў. У нас згуртаваўся касцяк галоўных спецыялістаў, кожны з іх дасканала ведае справу. Тры дзесяцігоддзі ўзначальвае эканамічную службу Алена Гаўрыльчык.
— Як падбіралі іх?
— Каб ацаніць здольнасці чалавека, неабходны час. Прыглядаюся да дзейнасці і старання, вывучаю характары. Разам абмяркоўваем стратэгію развіцця гаспадаркі. Кожны выказвае прапановы, абгрунтоўвае іх. Выслухваю і прымаю рашэнне.
— Рыгор Аляксеевіч, за дзесяцігоддзі старшынёўства калі мелі больш самастойнасці ў кіраванні?
— У савецкі час паступалі загады зверху: калі і што сеяць, убіраць. Гэта стрымлівала ініцыятыву. Палеткі калгаса, дзе пачынаў кіраваць, межавалі з гаспадаркай-мільянерам. Але старшыня яе Яўхім Сагановіч не мог самастойна распарадзіцца фінансавымі сродкамі. Усё неабходнае для вытворчага працэсу пастаўлялася па разнарадках. Цяпер усё інакш. Грошы, атрыманыя за рэалізаваную прадукцыю, паступаюць на рахунак, і вырашаем, як эфектыўна іх выкарыстаць. Пастаянна людзі звяртаюцца з просьбай прыняць у калектыў. Вабяць іх заробкі, умовы працы і жыцця.
— Які старшынёўскі клопат для вас найбольш значны?
— У гаспадарцы дробязей няма. Ці не важна апрацаваць тысячы гектараў, жывёлу тройчы ў дзень накарміць, штодзённа 40 тон малака надаіць і адправіць на перапрацоўку. Фінансавая стабільнасць трымаецца таму, што 20 000 буйной рагатай жывёлы — капітал, які не падвяргаецца інфляцыі. Важна назапасіць неабходную колькасць фуражу і эфектыўна яго выкарыстоўваць. Намеснік старшыні па жывёлагадоўлі Рыгор Курган дасканала ўдакладняе рацыён для кожнай групы жывёлы. Кормнікі штодзённа прыбаўляюць у вазе амаль па кілаграму. На мясакамбінаты здаём іх вагою па 600 кілаграмаў, што на сотню больш нормы. За гэта атрымліваем надбаўкі. Малочны статак абнаўляем высокапрадукцыйным маладняком з іванаўскай племянной гаспадаркі «Моладава-Агра». Плануем сёлета пераадолець васьмітысячны рубеж па надоях.
— Ці патрэбна кіраўніку сельгаспрадпрыемства дасканала ведаць вытворчыя тэхналогіі?
— Мая стыхія — поле. Аграфак Белдзяржсельгасакадэміі даў моцную тэарэтычную базу. Не магу не падключацца да аграноміі. У жывёлагадоўлі ці выкарыстанні тэхнікі поўнасцю давяраю спецыялістам. У наш час усё ведаць немагчыма, ды і няма ў гэтым патрэбы. Асноўная задача кіраўніка — каардынаваць дзейнасць калектыву.
— Важна для кіраўніка трымаць сябе ў форме. Вам гэта ўдаецца?
— Чыстая праўда, што здароўе за грошы не купіш. Мінулай восенню пры ўручэнні ордэна Айчыны II ступені Прэзідэнт паціснуў мне руку і пажадаў берагчы здароўе. Імкнуся трымацца. Вось толькі чамусьці ноччу сон не бярэ — мінулае кінастужкаю круціцца.
— Ці верыце ў лёс, у непазбежнасць таго, што чалавеку наканавана?
— Вырас у хрысціянскай сям’і, дзе шанавалі Усявышняга. Думаю, у жыцці ёсць моманты, якія вызначаюць наш шлях. Але многае залежыць і ад асабістага выбару. За ўсе 75 гадоў ніколі не было думкі жыць інакш.
— У народзе кажуць: кіраўнік — бацька, дзядзька і суддзя. А вы хто?
— Гэта ўсё пра мяне. Людзі звяртаюцца па розных справах. Выслухваю кожнага, імкнуся разабрацца і па магчымасці дапамагчы. З гадамі сэрцам памякчэў, стаў лаяльны да тых, хто правініўся. Мы ўсе грэшныя, па жыцці дапускаем памылкі. Іх можна дараваць. Але толькі не здраду і хлусню.
— Рыгор Аляксеевіч, вы бываеце за мяжой. Ці ёсць розніца ў складаемых поспеху аграрыяў?
— У Заходняй Еўропе нізкаўрадлівую зямлю не выкарыстоўваюць для раслінаводства. Там, дзе ёсць аддача, і сродкі ўкладваюцца. Не на ўсіх нашых меліяраваных землях можна высокаэфектыўна працаваць. Гэта штучна створаныя ўгоддзі, і яны патрабуюць пастаяннай падтрымкі.
— Бога не перахітрыш?
— Можам асцярожна карыстацца гэтым, а нешта перайначваць складана і рызыкоўна. На асушаных масівах ганчарны дрэнаж, што ўкладвалі паўвека таму, зацягло глеем. Поўныя каналы вады, і пачынаецца забалочванне. Новая тэхналогія дрэнажу з поліэтыленавых трубак патрабуе немалых затрат.
— Адзін з грахоў чалавека — зайздрасць. Як глушыце яе ў сабе?
— Не зайздрошчу нікому, хіба толькі рэчыцкаму старшыні Рыгору Купрыянавічу Шпакаву. Ён больш паўвека мудра кіруе калектывам. Думаю, ён не толькі мой кумір. Многія на яго раўняюцца.
— Ці быў у вас такі ўчынак, за які сорамна?
— Было такое. Пасля вяселля з жонкаю жылі ў цешчы. А потым пабудавалі ў Альшанах уласны дом. У райкаме партыі даведаліся пра гэта і выклікалі на бюро. Вырашылі выключыць мяне з партыі і дом перадаць дзяржаве. Пасля разборак на бюро крыху перабраў. Потым сорамна было цешчы ў вочы глядзець. Але дом не забралі і з партыі не выключылі.
— Якая рыса характару ў мужчыны павінна быць галоўнай?
— Заставацца мужыком.
— Што цэніце ў хлебаробе?
— Працавітасць і шчырасць. Сапраўдны хлебароб працай славіцца. Менавіта такія людзі — наш гонар. Прыемна, што моладзь папаўняе калектыў. Ім, каб пускалі карані, выдаём участкі і грашовыя пазыкі на забудову. Гаспадарка набрала абароты і ўпэўнена развіваецца. Вялікая радасць — жыць сярод шчаслівых людзей.
— Рыгор Аляксеевіч, здароўя вам і здзяйснення светлых мар і задум.
Столінскі раён.
Ад «СГ».
Шаноўны Рыгор Аляксеевіч! Калектыў Вашай газеты віншуе Вас з юбілеем! Зычым здароўя паляшуцкага, натхнення сялянскага, вынікаў рэкордных і шчасця асабістага! Нізкі паклон усяму працоўнаму калектыву «Фядорскага».