Яна таксама атаясамліваецца з духоўным адраджэннем, перш за ўсё з пальмамі — сімвалам уваскрэсення і неўміручасці чалавечай душы. А яшчэ штогод у гэты час работнікі культуры ладзяць шмат велікодных свят, кірмашоў і іншых імпрэз.
Рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» сёлета запланавана на 9 красавіка. Штогод на свяце ў Гродне квітнеюць пальмы? Вялікіх, у чалавечы рост, на жаль, няма (такую спецыяльна рыхтуюць да Свята пісанкі ў Сапоцкіне). «Гродзенскія пальмы» — гэта мастацкія дзівосы з простых раслін, якія ўпрыгожваюць пакойчыкі хат і цэлы год ганарова вісяць за абразамі.
Пальмы, што вырабляюць у Гродне і Адэльску, Індуры, Сапоцкіне, — з'ява мясцовая, рэгіянальная. Менавіта тут паявіліся вытанчаныя творы з галінак раслін, лугавых, лясных і балотных зёлак, каласкоў збажыны. «Гродзенскія пальмы», ці «гродзенскія вербы», у 2014 годзе ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Чатыры сястры — Дамініка Кавалёнак, Данута Альшэўская, Ванда Лапацінская і Часлава Чараднікова — збераглі традыцыі сваіх бацькоў і навучалі гэтаму рамяству ўсіх жадаючых. Паколькі яны змянілі дзявочае прозвішча Сарасек, іх часцей за ўсё і называюць проста сёстрамі Дамінікаўнамі.
Сям'я Дамініка Адамавіча і Гелены Іосіфаўны Сарасек жыла ў вёсцы Вялікая Капліца, што за тры кіламетры ад Гродна. Трымалі сваю гаспадарку, бацька сам рабіў абутак для сваіх дзяцей, збудаваў мельніцу, падкоўваў коней. Ад бацькоў дочкам перадалася цікаўнасць да рамесніцтва, фларыстыкі.
Пасля вайны людзі рабілі іх для сябе, аздаблялі аспарагусам (вырошчвалі яго ў кожным доме, бо падчас вяселля ўпрыгожвалі ім шлюбны вяночак нявесты). Часам выкарыстоўвалі каляровыя ваўняныя ніткі або мулінэ. Вербы нагадвалі пальмавыя галінкі, з якімі сустракалі Ісуса пры Яго ўрачыстым уваходзе ў Іерусалім перад Пасхай. Вярбу асвячалі ў касцёле і неслі дамоў, маючы ў сваім сэрцы надзею, што, асвечаная, яна захавае і жытло, і здароўе членаў сям'і, і жывёлу ў хляве.
Потым прызвычаіліся дадаваць да ветачак дробныя папяровыя кветкі, але мастацкая вартасць іх была невялікая. З цягам часу рамяство майстрых перарасло ў від мастацтва. Адметнасць і каштоўнасць яго ў тым, што для стварэння выкарыстоўваюцца толькі натуральныя складнікі. Сёстры спецыяльна на сваіх «дачах» вырошчваюць розныя кветкі, дэкаратыўныя кустарнікі, злакавыя культуры (жыта, пшаніцу, авёс, кукурузу, проса). Таксама збіраюць кветкі і травы ў дзікай прыродзе.
Майстар па стварэнні «гродзенскіх вербаў» Дамініка КАВАЛЁНАК
— Справа гэта нялёгкая, — распавядае майстар. — Трэба дакладна ведаць, калі што збіраць, каб не перарасло. І вельмі далікатна. Напрыклад, знойдзеш травіну, прыгожую, роўненькую, быццам пад лінеечку вырасла, і трэба данесці яе дамоў: не абламаць, не пераціснуць… Нават асака, цвёрдая вузкалістая балотная расліна, і тая не дазваляе вольнага абыходжання з сабою. Тым больш калі гэта якая-небудзь далікатная фіялка ці зязюліны слёзы. Пасля раскладваем, сушым. Калі нешта трэба выбеліць, размяшчаем так, каб на іх падалі сонечныя прамяні, але разам з тым яны праветрываліся і дыхалі… Некаторыя расліны, у суквеццях якіх намецілася зерне, падвешваем абавязкова, каб мышкі не з'елі… І мох збіраем, і дзеразу — шмат чаго.
Майстрыха падкрэслівае, што неад'емны элемент «гродзенскай пальмы» — тры галінкі вярбы вышынёй каля паўметра, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Цікава, што «гродзенскія вербы» часам блытаюць з польскімі ці літоўскімі. Але ў іх ёсць прынцыповае адрозненне: «віленскія» нагадваюць сапраўдныя букеты, «гродзенскія» — не аб'ёмныя, маюць плоскую форму, што прадыктавана традыцыяй захоўваць вербы за абразамі.
Экспазіцыя, прысвечаная вербам, у Музеі пісанкі.
У паўночных шыротах хрысціяне замест пальмы для ўслаўлення Ісуса выкарыстоўваюць вярбу (яна першая пачынае ажываць пасля зімы). Для яе ўпрыгожання бяруць іншыя расліны, якія захоўваюць зялёны колер пад снегам: ядловец, галінкі брусніц, барвенак. Першыя расцвіўшыя галінкі вярбы ў руках вернікаў сімвалізуюць перамогу Хрыста над смерцю і ўяўляюць сабой відавочны знак уваскрэсення ўсіх з мёртвых. Звычай асвячэння вербаў у касцёле пісьмова засведчаны на нашай зямлі з ХVІ стагоддзя. Магчыма, дзесьці ў першай палове ХІХ стагоддзя пальма была «інспіравана» з'яўленнем у шырокім гарадскім ужытку каляровай паперы, з якой пачалі вырабляць штучныя кветкі, каб упрыгожваць імі галінкі на Вербніцу.
У Музеі пісанкі ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры створана экспазіцыя, якая прысвечана «гродзенскім пальмам» і яе носьбітам — сёстрам Дамінікаўнам. Але, на жаль, узнікаюць і невялікія праблемы. Ёсць складанасці ў арганізацыі пераемнасці мясцовага рамяства вырабу «гродзенскіх вербаў» у Сапоцкіне, аграгарадках Адэльск і Індура. Складана нарыхтаваць неабходны раслінны матэрыял як для работы майстроў-носьбітаў, так і для адкрыцця гурткоў і студый па пляценні з прыродных матэрыялаў, зазначае Наталля Рамановіч. А гаспадыні каталіцкіх і праваслаўных сямей на Гродзеншчыне рыхтуюць святочную вярбу (пальму), зыходзячы з асабістага ўяўлення аб прыгожым і адпаведна з мясцовым культурным ландшафтам. Гэта невялічкая рысачка народнай культуры, якая была, ёсць і будзе, пакуль жыве духоўнасць у сэрцах маладых, лічыць народны майстар па вырабе велікодных вербаў Дамініка Кавалёнак:
Майстар-клас ад умельцаў Гродзенскага раёна.
— Кожная мая праца — гэта не толькі прыгожая кампазіцыя. У яе закладваю глыбокі сэнс і ўсю сваю душу. Некалькі гадоў таму ў мяне атрымалася незвычайная вярба — філасофская. Тры яе галінкі — дарога, па якой мы ідзём да Бога. Сэрца са скручанага каласка сімвалізуе любоў да Госпада, да людзей і да сябе. Круглыя кветачкі ў выглядзе святлафора азначаюць прыпынкі на нашым жыццёвым шляху. А на самым версе — вясёлка з каласоў: мы ідзём у яе бок, шукаючы восьмы колер — сэнс жыцця.
Якім ён будзе, кожны вырашае сам, галоўнае — заставацца чалавекам.
Алена ЯСКО, «СГ».
yasko@sb.by
Наталля РАМАНОВІЧ.
Фота Наталлі РАМАНОВІЧ.