Даравальная нядзеля
28.02.2009 01:00:00
Святочная трапеза заканчвалася выключным па змесце абрадавым дзеяннем, якое дало назву ўсяму дню — даравальная нядзеля. Заключны этап святочнай вячэры пераносіўся ў сакральную зону хаты — у чырвоны кут. На покуці, пад абразамі садзіўся гаспадар, чытаў малітву і прасіў прабачэння ў сваіх “радзіцеляў” — дзядоў і прадзедаў. Затым па чарзе, пачынаючы ад старэйшага, на сярэдзіну хаты выходзілі сыны і дочкі і таксама прасілі прабачэння ў бацькі: “Прасці бацька родны, калі чым саграшыў перад табою, справай ці языком”. Апошняй прасіла прабачэння маці вялікага сямейства. Пасля гэтага ўсе дамачадцы садзіліся на лавы (хлопцы справа, дзяўчаты злева), бацька выходзіў на сярэдзіну хаты, тройчы нізка кланяўся ўсёй сям’і і таксама прасіў дараваць за нядобрае слова або благі ўчынак.
Самым высокім статусам даравання быў надзелены абрад ачышчэння ў цэрквах, дзе напрыканцы богаслужэння святар прасіў прабачэння ва ўсіх прыхаджан. У адказ на яго словы ў храме гучаў сакральна-магічны рэфрэн “Бог даруе! Бог даруе! Бог даруе”!
Хацелася б спадзявацца на тое, што вось гэта неацэнная каштоўнасць народнай педагогікі, зерне традыцыйнай культуры, пасеянае нашымі продкамі, прарасце не толькі на зямлі нашай Бацькаўшчыны, але і ў светлых душах нашых суайчыннікаў.