Наши традиции: Благовещение в народном календаре белорусов — праздник пробуждения земли и прилета аистов
06.04.2023 07:29:00
Марина КУЗЬМИЧ
Заўтра, 7 красавіка, праваслаўныя вернікі адзначаць Благавешчанне
Сутнасць аднаго з самых вялікіх свят тлумачыць евангельская падзея: архангел Гаўрыіл з'явіўся Дзеве Марыі і паведаміў ёй, што яна народзіць Ісуса Хрыста. Свае адметнасці гэты дзень меў і ў народным календары беларусаў. Многія звычаі жывуць і сёння.
Нашы продкі сэнс свята тлумачылі найперш праз прыродныя з'явы. Благавешчанне, або Дабравешчанне, Звеставанне, лічылі пачаткам прылёту буслоў. Свята суадносілі з Вялікаднем, таму цяжкая праца па гаспадарцы забаранялася. Адсюль паходзіць і распаўсюджаная прыказка: «На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касу не пляце». Калі забарону парушыць, то куры могуць разгрэбці ўвесь агарод. Каб не здарылася такой бяды, на дзверы куратніка загадзя прыбівалі выраблены сваімі рукамі крыжык.
Паколькі асноўная ідэя свята — зачацце Дзевы Марыі, у гэты дзень імкнуліся перашкаджаць размнажэнню хатніх жывёл і птушкі. Напрыклад, не падкладалі яйкі пад курыцу. Пад забаронай былі і блізкія адносіны мужа і жонкі — каб не нарадзіўся непаўнавартасны нашчадак. Па павер'ях, на Благавешчанне першае яйка нясе самка бусла.
У прыродзе ў гэту пару абуджаецца, адмыкаецца зямля. У некаторых рэгіёнах Беларусі глебу ў пачатку красавіка ўвогуле называлі цяжарнай, таму да Благавешчання ўсе працы ў полі не дазваляліся. Нельга было таксама ставіць агароджы, каб не замкнуць нябесную вільгаць і не наклікаць засуху. Разам з зямлёй на свята «адкрывалася» чалавеку і вада. У народзе казалі: на Благавешчанне сам Бог кідае цёплыя камяні ў ваду, і яна становіцца цёплай.
Менавіта ў гэты час на радзіму вярталіся буслы. Убачыць птушак, што ляцелі ўдваіх, было прыкметай шчасця на ўвесь год. Паводле падання, з выраю яны прыносілі чырвоныя чаравічкі малым. На Палессі да прылёту буслоў існуе традыцыя выпякання печыва ў выглядзе птушыных лап. З гэтым пачастункам дзеці і моладзь звярталіся да птахаў і прасілі дапамагчы вырасціць добры ўраджай.
З сівых часоў лічылася, што на Благавешчанне з зімовай спячкі выходзяць змеі. Каб абараніць ад іх жыллё, людзі выносілі з хаты ткацкія станкі, чаўны, хавалі верацёны. А каб засцерагчыся ад мядзведзяў, што таксама паспелі прачнуцца, праводзілі Камаедзіцу — варылі стравы на расліннай аснове: суп з рэпы, аўсяны кісель, гарохавыя камы або густую гарохавую, бульбяную кашы (камы — тоўчаная бульба, адсюль і назва свята).
Хоць Благавешчанне выпадала на час посту, калі спяваць і весяліцца забаранялася, нашы продкі ў гэты дзень рабілі выключэнне, бо патрэбна было заклікаць вясну і цяпло. Дарэчы, песні адрозніваліся асаблівай гучнасцю. Іх не проста спявалі: раніцай дзяўчаты збіраліся гуртамі і пачыналі ва ўвесь голас крычаць вяснянкі. Яны спаборнічалі: трэба было апярэдзіць незамужніх з іншага канца вёскі. Хто першы заспявае вяснянку, той і замуж выйдзе раней. Бытавалі і такія вераванні: у тым баку, дзе перш пачалі заклікаць песнямі вясну на Благавешчанне, там будуць лепшыя ўраджаі і не здарыцца моцных навальніц. Таксама вадзілі карагоды.
У некаторых рэгіёнах пускалі па вадзе запаленыя пучкі саломы. У даўнія часы, сустракаючы вясну, палілі вогнішчы, каб расстацца з усім старым.
Да нашага часу захаваліся вераванні аб гаючых уласцівасцях вады. Маладым дзяўчатам на Благавешчанне раілі мыць твар рачной вадой, каб яно было чыстым, без рабаціння.
НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ
♦ Цёпла на Благавешчанне — холадна ў Вялікдзень.
♦ На небе мала ластавак — вясна будзе халодная.
♦ Дажджлівае Благавешчанне — да добрага ўраджаю грыбоў.
Што нельга рабіць на Благавешчанне?
♦ Каб захаваць дабрабыт і багацце ў сям'і, у святочны дзень забаранялася што-небудзь пазычаць іншым.
♦ Нельга лаяцца і крыўдзіцца, стрыгчы валасы, рабіць прычоскі, прыбіраць у доме, шыць, працаваць у агародзе, прасці, пачынаць новыя справы.
♦ Непажадана адпраўляцца ў падарожжа, гэты дзень лепш правесці з сям'ёй.
kuzmich@sb.by