Благая блогасфера?
23.05.2009 01:00:00
Паводле новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, напісанне літары о ў простых словах не выклікае цяжкасцей: о пішацца толькі пад націскам. Ліквідаваны выключэнні, прыведзены ў адпаведнасць ілюстрацыі. Аднак даволі праблемным застаўся правапіс гэтай літары ў складаных словах: яна то захоўваецца, то пераходзіць у а. Прычына — у пабочным націску, які развіваецца ў вялікім слове. І гэта натуральна, бо чым яно даўжэйшае, тым складаней яго вымавіць. Параўнаем: вада і водазабеспячэнне, пара — паравоз — паравозавагонарамонтны і шмат іншых. Правіламі прадпісваецца: калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.
Калі б прапанаваная норма вытрымлівалася ва ўсіх выпадках, то правапісных цяжкасцей амаль не было б. Аднак ёсць значная перашкода — сэнсавая нераспазнавальнасць. Шматлікія словы маглі б выклікаць цяжкасці пры асэнсаванні значэння: кронпрынц (тытул наследніка трону), шоттэніс (гульня, у якой аб’ядноўваюцца правілы вялікага і настольнага тэніса), электронв?ольт (пазасістэмная адзінка энергіі), блокбастар (першапачаткова — магутная авіябомба, якая можа разбурыць цэлы квартал; пераноснае значэнне: асабліва паспяховая акцёрская гульня, высокабюджэтны галівудскі фільм), блокпост (абаронны прапускны пункт), азотаген, коксагазавы, польскамоўны, фосфарнакіслы, хваробатворны і інш. Напрыклад, напісанне слова блогасфера (сукупнасць усіх блогаў як сацыяльнай сеткі) праз а ў першай частцы магло б прывесці да семантычнага казусу. Усе гэтыя акалічнасці не дазволілі зрабіць правіла празрыстым і адназначным у дзеянні. Таму з некаторым удакладненнем пакінута правіла 1959 года: у першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, пабочны націск можа выразна праяўляцца і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: аг`oрафобія, аз`oнастойкі, аз`oтнакіслы, зб`oжжасховішча, к`oксагазавы, манг`oлазнаўства, м`oвазнаўства, м`oвазнаўчы, мат`oразборка, раб`oтадавец, сл`oватворчасць, ф`oндасховішча і інш.
Нягледзячы на месца націску, літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова- (словаформа, словатворчасць), што- (штодзённы, штом?есяц, штогод), фота- (фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотакамера, фотавыстаўка і г.д.; але фатаграфія і вытворныя ад яго), мота- (мотагонкі, мотакрос, мотаспорт і г.д.; але матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх). Зазначу, што словы з дзвюма апошнімі часткамі фота- і мота- ў параўнанні з 1959 годам сталі больш звыклымі і, канешне, маглі б падпарадкавацца асноўнаму правілу. У новай рэдакцыі Правіл яны засталіся як даніна традыцыі.
У адрозненне ад першага правіла ў новай рэдакцыі зафіксавана: калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: асн`oвапалажэнне, бав`oўнапрадзільны, в`oгнетрывалы, в`oдаразмеркавальнік, ваг`oнарамонтны, в`oстракамбінацыйны, выс`oкаідэйны, гал`oўнакам?андуючы, к`oрманарыхтоўка, к`oнегадоўля.
Словы з пачатковым у, якія становяцца другой часткай складаных слоў, маюць адметнасць. Пры пераходзе у ў ў мяняецца парадкавасць складоў і націск прыпадае на першы склад асновы: новаўтвораны, поўнаўладдзе. Тады дзейнічае норма: літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў: марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка. І гэта правільна, бо перад намі ўжо не галосны, а зычны, які не можа мець націску.
У параўнанні з правапісам літары о ў складаных словах напісанне літары э больш рэгламентаванае: гук [э] у першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.
Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.
“Дзень добры! Падкажыце, калі ласка, як правільна напісаць гэтыя часта ўжывальныя словы: онлайн ці он-лайн, on-line або online, анлайн ці ан-лайн?”
“Он лайн журнал — как расставить дефисы?
И вообще, есть ли уже какие-то нормы для написания слов он( )лайн, офф()лайн?”
“Як правільна напісаць: “кансалцінг онлайн” або “онлайн кансалтынг”? Варыянтаў шмат. А як правільна?”
“Добрага часу сутак! Не ведаю нават, як правільна напісаць на беларускай мове словы, якія пішуцца па-руску так: он-лайн, онлайновый, офф-лайн?”
— Сапраўды, напісанне новых слоў выклікае шмат пытанняў. І гэта з-за вельмі хуткага пашырэння іх ва ўжытку і першапачатковага напісання на мове-крыніцы, у прыватнасці англійскай.
Слова анлайн мае некалькі значэнняў. Параўнаем: Правесці галасаванне анлайн. Колькі часу вы праводзіце ў анлайне? Аб’ём анлайн інфармацыі ў сетцы. Перад намі тры розныя значэнні. У першым сказе анлайн азначае ‘ў рэжыме рэальнага часу’ і выступае ў ролі прыслоўя (галасаванне правесці як?). У другім сказе слова анлайн мае значэнні ‘частка інтэрнэту, якая дзейнічае ў рэжыме рэальнага часу’, ‘інфармацыйная прастора інтэрнэту як аўтаномная ад рэальнага свету’ і можа скланяцца. У трэцім выпадку — нязменнае і аналагічнае па значэнні слову “анлайнавы”: Аб’ём анлайнавай інфармацыі ў сетцы. Увага: нельга блытаць з напісаннямі анлайн-банкінг, анлайн-магазін, анлайн-гульня, якія ўзаемазамяняльныя са словамі з першай часткай інтэрнэт- і, дарэчы, ужываюцца ў значэнні ‘сусветная інфармацыйная камп’ютарная сетка’.
Анлайн (з англійскай on-line) перакладаецца на родную мову як ‘быць у стане падключэння’, першапачатковы пераклад — “не вешаючы трубкі”, за адзін тэлефонны званок, г.зн. у рэжыме рэальнага часу.
Афлайн (з англійскай мовы off-line) перакладаецца як ‘адключаны ад сеткі’, мае супрацьлеглае значэнне анлайну.
Такім чынам, арфаграфічна карэктным будзе напісанне: анлайн, кансалтынг анлайн, анлайн-кансалтынг, анлайнавы, афлайн, афлайнавы. У рускай мове: онлайн-журнал, офлайн, “быть в онлайне” і “быть онлайн”.
Заўважу, што ў рускай мове напісанне слова “офлайн” непаслядоўнае. Так, дапускаюцца варыянты: офф-лайн, оффлайн, офф-лайновый і оффлайновый (Толковый словарь русского языка начала ХХІ века. Актуальная лексика/под ред. Г.Н.Скляревской. М., 2006. С. 700). Аднак перавагу варта аддаць акадэмічнаму “Рускаму арфаграфічнаму слоўніку” (М., 2007), складзенаму калектывам Інстытута рускай мовы імя В.У. Вінаградава Расійскай акадэміі навук пад навуковым кіраўніцтвам прафесара У. Лапаціна.
У роднай мове пытанне наконт напісання дзвюх літар ф у гэтым слове не ўзнікае, бо падвоенае напісанне ў запазычаннях дапускаецца вельмі рэдка. Напрыклад, бонна, донна, манна, панна, ванна, мадонна, саванна; Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка.