Как дезинфекторы возвращали Березинскую ЦРБ к нормальной работе
16.07.2020 07:58:22
Ольга КОСЯКОВА
Акушэрскае i хiрургiчнае аддзяленнi Бярэзiнскай цэнтральнай раённай бальнiцы пачынаюць працаваць у звычайным рэжыме. Амаль два месяцы тут прымалi пацыентаў з каронавірусам. На шчасце, COVID-19 адступае, таму тут вяртаюцца да свайго прамога назначэння. Для ковiдных хворых застаецца iнфекцыйнае аддзяленне. Аднак перад тым як прыняць новых пацыентаў, палаты, вызваленыя ад каронавiруса, праходзяць хiмiчны душ. Карэспандэнты «Р» даведалiся, як ваеннаслужачыя ачышчаюць бальнiцу.
Надзейная ахова
У бальнічным скверыку разгортваецца группа спецыяльнай апрацоўкі з 9 чалавек. Гэта прадстаўнікі зводнага батальёна радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай аховы. Ваеннаслужачыя экіпіруюцца ў ахоўныя касцюмы L1. Радыяцыйная, хімічная, біялагічная браня складаецца з верхняй і ніжняй частак, процівагаза. Тканіна касцюма — непранікальная.
Байцы батальёна выязджаюць на розныя інфіцыраваныя аб’екты, сярод якіх бальніцы, дзіцячыя садкі, школы, і ўжо праверылі сваю «другую скуру» ў справе. Ніхто не захварэў.
Супраць нябачнага праціўніка
Камандзір загадвае аднаму з салдат: «Апрацоўваем алею, курыльні, уваходы ў бальніцу».Ваеннаслужачы накіроўвае «пушку» спецыяльнай бензінавай прылады для дэзынфекцыі на акрэсленыя аб’екты. Гідрахларыд асядае на сцежках і лесвіцах.
Тым часам камандір размяркоўвае людзей па адзяленнях: «Тры чалавекі на ручных — у рэанімацыю. Заражаныя палаты заліваем зверху данізу. Акуратна там, дзе перамяшчаюць пацыентаў, дзе знаходзіцца тэхніка».
Камандзір группы спецыяльнай апрацоўкі Уладзіслаў Эльяшэвіч узгадвае сваю першую сустрэчу з вірусам-вынішчальнікам:
— У бой імкнуліся ўсе. Было цікава, як гэта — змагацца з праціўнікам, якога ты не бачыш. Страшна было апынуцца ў інфіцыраваных пакоях упершыню, але калі ўбачылі, як нас чакаюць, страх прапаў, і мы проста выконвалі задачу. Цяпер гэта ўжо штодзённа, а таму звыкла.
Салдаты ідуць у забруджанае памяшканне і арашаюць яго ад верхняй кропкі і да далёкага кута, спускаюцца ўніз і апрацоўваюць усё цалкам: ложкі, тумбачкі, матрацы. Асаблівую ўвагу вайскоўцы надаюць месцам максімальга кантакту: дзвярным ручкам, ручкам тумбачак, кранам. Па іх група праходзіць распыляльнікамі больш дэталёва.
— Героямі сябе не адчуваем, — строга гаворыць Дзмітрый Башарымаў. — Гэта наша работа.
Пакуль частка групы працуе ў аддзяленнях, другая ў фае заводзіць новы ўніфікаваны распыляльнік аўтаматычнай працы, які нядаўна паступіў на ўзбраенне.
— Дзеянне УРМА заснавана на сціснутым паветры, — тлумачыць камандзір батальёна. — Яго заправілі, і ніякіх дзеянняў не патрабуецца. Апрацоўка адбываецца пры дапамозе рукава і распыляльнага сапла.
— Прыбор прыдатны для апрацоўкі машын «хуткай», вялікіх памяшканняў — такіх, як прыёмнае аддзяленне і хол, — заўважае Дзмітрый Башарымаў. — Акрамя таго, у нас ёсць парагенератары. За кошт высокай тэмпературы вадкасць для дэзынфекцыі пераходзіць у пар і такім чынам уздзейнічае на ўзбуджальнікаў інфекцыі.
Глыток свежага паветра
Ад далёкіх частак будынка другія вайскоўцы, абышоўшы чырвоную зону, імкнуцца да выхада, аздабляючы дэзсродкам і чыстыя ўчасткі.
Хвілін сорак — і байцы ачысцілі аддзяленні. Раствор павінен знаходзіцца ў памяшканнях паўгадзіны. Высахнуўшы, ён інеем ляжыць на паверхнях. Далей будзе вільготная ўборка, але гэта ўжо без вайскоўцаў.
Ваеннаслужачыя выходзяць на паветра, дзе моцным струменем дэзраствору іх сустракае саслужывец. Змыць магчымыя часцінкі віруса з касцюма — заключны акорд. Байцы скідаюць ахову. І яшчэ адзін штрых — пырскнуць на твар і рукі спіртавым растворам на ўсялякі выпадак. Бутэльку з гэтым рэчывам кожны з байцоў носіць з сабой, як біклагу.
— Глыток свежага паветра — самае лепшае, — усміхаецца Уладзіслаў Эльяшэвіч. — За гэтыя месяцы ваеннаслужачыя асабліва адчулі яго каштоўнасць. Радасна, што зрабілі добрую справу. Такім чынам, мы прыносім радасць людзям.
Крысціна Крук, галоўны ўрач Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы, на некалькі хвілін вяртаецца да ўспамінаў:
— 25 мая 2020 года ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы быў разгорнуты інфекцыйны шпіталь на 56 ложкаў. Функцыянавала тры кавідныя інфекцыйныя аддзяленні: на базе хірургічнага, акушэрскага і інфекцыйнага. Дадаткова мы адкрылі тры ложкі рэанімацыйнага аддзялення для прыёму цяжкіх пацыентаў у аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі. Працавалі 2 прыёмныя аддзяленні для размежавання патокаў пацыентаў. За гэты час у нашым стацыянары пралечана больш за 200 чалавек. Пацыенты адпраўляліся на рэабілітацыю ў Загор’е і на амбулаторна-паліклінічнае лячэнне. Нашым
пацыентам дапамагло комплекснае лячэнне.
Захворванне на бягучы перыяд зніжаецца. З 13 ліпеня пацыенты з COVID-19 у нас застаюцца толькі ў інфекцыйным аддзяленні. Будзем працаваць з COVID-станоўчымі на паліклінічным этапе і на стацыянарным з дапамогай міжраённых цэнтраў.
У самым пачатку было складана прыняць новую інфекцыю, размеркаваць патокі, знізіць трывогу сярод медработнікаў. У гэтым дапамог Указ № 131 пра надбаўкі. Нашы работнікі іх атрымалі і вельмі імі задаволеныя. Мы цалкам забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны. Пасля дэзынфекцыі вайскоўцаў мы таксама правядзём апрацоўку. Эпідэміёлагі возьмуць змывы. І праз два-тры дні акушэрскае і хірургічнае аддзяленні будуць функцыянаваць у поўным аб’ёме.
ВЯРНУЛІСЯ З ЧЫРВОНАЙ ЗОНЫ
Паводле слоў начальніка аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Вольгі Лазаравай, цалкам вярнуліся ў звычайны рэжым працы Бярэзінская, Вілейская, Капыльская, Любанская, Стаўбцоўская цэнтральныя раённыя бальніцы. Штодня ў кожнай бальніцы Мінскай вобласці скарачаецца колькасць ложкаў, што раней перапрафілявалі для лячэння пацыентаў з каронавірусам. Дапамога хворым з COVID-19, якія маюць патрэбу ў стацыянарным лячэнні, арганізавана і яе будуць аказваць у міжраённых цэнтрах, створаных на базе Маладзечанскай, Мінскай, Барысаўскай, Слуцкай, Салігорскай цэнтральных раённых бальніц.
kasiyakova@sb.by
Змыць магчымыя часцінкі віруса з касцюма — заключны акорд.
Крысціна КРУК.
Здаецца, новая ўстаноўка знішчае заразу нават гукам.
Гідрахларыд асядае на сцежках, лаўках, лесвіцах.
Камандзір батальёна Дзмітрый Башарымаў і медыкі вызначаюць маршрут дэзынфекцыі.
Ваеннаслужачы ў суправаджэнні медработніка накіроўваецца да чырвонай зоны.