Интервью с руководителем успешного колхоза Лидией Наумовой
29.05.2015 19:55:09
Былы старшыня талачынскага калгаса “Перамога” Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Андрэеўна Навумава спадзяецца, што справу бацькі і яе працягне ўнучка Маша
ЁСЦЬ людзі, якіх ведаеш усё жыццё і можаш забыць за адзін дзень. А ёсць такія, якіх ведаеш усяго адзін дзень, але будзеш успамінаць усё жыццё. Менавіта так хочацца сказаць пра Героя Сацыялістычнай Працы, былога старшыню талачынскага калгаса імя Леніна Лідзію Андрэеўну НАВУМАВУ.
За трыццаць гадоў яе кіраўніцтва гаспадарка шэсць разоў выходзіла пераможцай Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі адзначаны яе працоўныя дасягненні. Лідзія Андрэеўна прымала ўдзел у Трэцім і Чацвёртым Усесаюзных з’ездах калгаснікаў, тройчы выбіралася членам Саюзнага савета калгасаў, з’яўляецца Ганаровай грамадзянкай Талачынскага раёна.
ДАВАЕННЫ драўляны дом на талачынскай вуліцы Гогаля бадай што адзіны ўцалеў пасля вайны толькі таму, што гітлераўцы адразу, як акупіравалі горад, з пяцісценкі гаспадароў выгналі і самі занялі яго.
З карабельных непадсочаных сосен будаваў прасторную хаціну для сваёй сям’і выпускнік геадэзічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Андрэй Якаўлевіч Дзятлаў. Пры размеркаванні сам выбраў месца працы ў ціхім Талачыне, які перасякаюць чыгунка і аўтамагістраль. Уладкаваўся землямерам у раённую службу. Зняў прыватную кватэру і перавёз з гомельскай Навабеліцы жонку з гадавалай дачушкай Лідачкай. Маладая сям’я папоўнілася хлопчыкам і яшчэ дзвюма дзяўчынкамі. Маці Андрэя Якаўлевіча, якая прыехала ў адведкі, параіла сыну ўзяць у банку пазыку і будаваць сваю хаціну. Так і зрабіў. Аформіў крэдыт і выпісаў трыццаць кубоў будаўнічага лесу, які трэба было самому спільваць і вытралёўваць. Заключыў дамову з мясцовым калгасам на перавозку бярвенняў.
Зіма выдалася без снега, і выпаў ён толькі на самым пачатку вясны. Андрэй Якаўлевіч адразу раненька кінуўся ў калгас, каб арганізаваць перавозку лесу, і здзівіўся, што трыццаць запрэжаных падвод ужо чакалі яго. Грузілі доўгія бярвенні на некалькі саней і парамі коней везлі ў Талачын да новай сядзібы Дзятлавых. За дзень па снезе ўсё перавезлі, а назаўтра пачалася адліга.
Талакой збудавалі прасторны дом і да зімы дах накрылі. Печку гаспадар сам складаў па спецыяльным праекце, які вышукаў у літаратуры. Перазімавалі ў новым доме, а летам пачалася вайна. Андрэй Якаўлевіч адразу пайшоў на фронт. Следам за ім адправіўся на вайну і жончын брат Ілля, які быў першым у раёне шафёрам на адзінай палутарцы. Перад адыходам на фронт заскочыў на базар і купіў паўтара мяхі жыта для сям’і сястры. З чатырма дзецьмі на руках засталася Марыя Балеславаўна.
— Бацька пісаў з фронту, і дзядзька Ілля не забываў пра нас, — узгадвае Лідзія Андрэеўна Навумава. — Расказвалі пра баявыя справы і цікавіліся нашым жыццём. Бацька нават вершы франтавых паэтаў з газет перапісваў і дасылаў нам. Дагэтуль памятаю радкі Канстанціна Сіманава, якія вывучыла з франтавога пісьма.
Пишу сынок не за столом,
не в доме, не в землянке,
А за расчехленным стволом
На взрыхленной полянке.
Когда подсядешь ты к окну
И к лампе перед светом,
Ты сразу карточку мою
Найдешь в конверте этом.
Усю вайну нашу сям’ю гітлераўцы перакідалі з месца на месца. Адзін час жылі ў доме на тэрыторыі яўрэйскага гета. Фашысты расстралялі ў нашым доме жонку талачынскага ўрача Шпітальніка. Крывёю залілі і зверху соллю пасыпалі падлогу, якую мы адмывалі.
У час адступлення гітлераўцы перад сабою гналі палонных, каб праз міны ішлі. Зганялі іх у касцёл, дзе на сценах палонныя пісалі прозвішчы і развітальныя пісьмы родным. Спаленым і разбураным пакінулі ворагі наш гарадок.
З вялікай радасцю сустрэлі жыхары воінаў-вызваліцеляў. Праз год пасля Перамогі бацька вярнуўся з арміі дамоў.
— Пачыналася мірнае жыццё. Адкрылася школа, і з якім класам вызначыліся для сябе?
— Трэці, а магла і з чацвёртага пачынаць вучобу, якая давалася лёгка. А вось апранаць у школу не было чаго. Маці зладзіла з трафейнага нямецкага меха сарафан. Да жорсткай тканіны ледзьве прышылі шлейкі, і са школы вярталася з падрапанай скурай. На нагах былі апоркі.
У 1952 годзе закончыла сярэднюю школу і вырашыла паступаць на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
— А чаму выбралі такі факультэт?
— Горкі — радзіма майго бацькі. Ён закончыў гэтую навучальную ўстанову. Пасля вайны атрымаў яшчэ і дыплом педагога ў Мінску і доўгія гады настаўнічаў. Вабіла мяне тэхніка, але ў акадэміі параілі аддаць дакументы на агранамічны факультэт, бо я была адзіная дзяўчына сярод абітурыентаў факультэта механізацыі.
— Які прадмет быў любімым?
— Усё, што звязана з сельскай гаспадаркай. На першым курсе нас прыехалі вітаць з паступленнем лепшыя кіраўнікі гаспадарак рэспублікі. Сярод іх убачыла свайго земляка – немаладых гадоў старшыню калгаса “Перамога” Кузьму Іванавіча Кунцэвіча, і мільганула думка, што пасля вучобы замяню яго ў гаспадарцы. Так яно потым і выйшла.
Тэарэтычныя заняткі змяняліся практычнымі. Нас вучылі высокаадукаваныя выкладчыкі.
Вытворчую практыку праходзіла ў крупскай вёсцы Пліса, дзе старшыняваў трыццацітысячнік, які слаба разбіраўся ў сельскай гаспадарцы. Калгасны аграном днямі піў самагонку і ляжаў на полі ў баразне да вечара. Даводзілася за яго цягнуць агранамічную службу. Кіравала сяўбой і ўборкай. За паўгода такой моцнай практыкі шмат чаго запазычыла. Яшчэ кіравала і калгаснымі агароднікамі. Цудоўныя памідоры вырошчвалі ў адкрытым грунце. Выкройвала час і на лес, куды мы з гаспадыняй, у якой я кватаравала, хадзілі ў ягады і грыбы. Шчодрыя там лясы на даніну. Кошыкамі вазіла нават дамоў. Падтрымлівала сям’ю.
Пасля заканчэння акадэміі многія аднакурснікі паехалі асвойваць цалінныя землі. Тады гэта было модна. Мы з мужам вырашылі працаваць у маім родным Талачынскім раёне.
— Калі паспелі выйсці замуж?
— На пятым курсе акадэміі. Мой жаніх вучыўся на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі, аб якім я марыла. Зямляк, які выкладаў у акадэміі, убачыў нас разам і сказаў, каб выходзіла за Навумава замуж. Родам ён з рагачоўскай вёскі Мадора. Перад самым заканчэннем вучобы мы пабраліся шлюбам. Нават дыплом давялося перапісваць на мужава прозвішча.
— Ладзілі студэнцкае вяселле?
— Тыдзень адзначалі ў студэнцкай сталоўцы. А потым і ў маіх бацькоў збіралі сваякоў, і на Рагачоўшчыне ладзілі невялікае вяселле.
І пачаліся нашы працоўныя будні. Муж узначаліў інжынерную службу райсельгастэхнікі, а я пяць гадоў адпрацавала галоўным аграномам талачынскага калгаса “Перамога” і потым узначаліла яго.
— Першая жанчына-старшыня ў раёне?
— Гаспадарку каля Коханава ўзначальвала жанчына, але перад маім прыходам у раён пайшла на пенсію. Роўна трыццаць гадоў адпрацавала старшынёй калгаса.
— Калі нараджаліся дзеці, у дэкрэт хадзілі?
— Дародавых водпускаў не брала. Ледзьве не ў полі нарадзіла першынца. І пасля родаў другога сына хутка выйшла на працу. Мы жылі разам з бацькамі, і яны дапамагалі выхоўваць дзяцей.
— Жанчына-кіраўнік у савецкія часы мела нейкія прывілеі?
— Патрабаванні былі аднолькавыя да ўсіх. Людзі мяне падтрымлівалі. Бацькоў маіх добра ведалі, і таму да мяне добра ставіліся.
— А раённыя кіраўнікі?
— Усяляк было. Бязглуздыя загады ігнаравала. Жыта сцяной даспявала на нашых палях, а з раёна паступіла каманда класці яго ў валкі. Катэгарычна пярэчыла, таму што раптам дождж — і ўсё пагніе. Як магла адстойвала сваю пазіцыю. Нават ад пасады хацела адмовіцца, але падумала і вырашыла не адступаць. І добра, што не змаладушнічала. Адстаяла сваё рашэнне. Надвор’е ўсталявалася спрыяльнае, і сабралі амаль па 50 цэнтнераў збожжа на круг. За выручаныя грошы разлічыліся з даўгамі.
Шэсць гадоў запар гаспадарка выходзіла пераможцай Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Расла валавая вытворчасць прадукцыі, выконваліся планы рэалізацыі яе. За ўсё гэта ў 1971 годзе прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Наведваў нашу гаспадарку Пётр Міронавіч Машэраў. Разам з галоўным аграномам калгаса Лідзіяй Емяльянаўнай Сіроткінай суправаджалі яго па палях. Тугія каласы пшаніцы суцэльнай шчоткай прасціраліся па ніве. Пётр Міронавіч акінуў позіркам збажыну і ацаніў, што будзе па 40 цэнтнераў на круг. Так і сабралі. Зорку Героя атрымала і наш галоўны аграном Лідзія Емяльянаўна Сіроткіна.
— Якім культурам аддавалі ў той час перавагу на палях?
— Усе культуры ў нас добра радзілі. Па гаспадарцы атрымлівалася самая высокая на Віцебшчыне аддача з бала-гектара. Пасля далучэння да нас суседняга калгаса імя Леніна агульная плошча павялічылася да 3500 гектараў ворыва. Атрымалася даволі вялікая гаспадарка, у якую ўваходзіла 21 вёска. Толькі лёну сеялі па 350 гектараў. Высокія ўраджаі атрымлівалі, з усёй рэспублікі да нас за вопытам ехалі.
— Патрабавалася столькі рук для цераблення, расцілу і падбору лёну. Дзе іх бралі?
— Гараджане дапамагалі. Працадні яшчэ былі, а калі перайшлі на грашовую аплату, то сталі аплачваць і водпускі. У першы год кіравання гаспадаркай 275 чалавек церабілі лён. Мы пашырылі пасевы лёну, і ён эканамічна ўратаваў гаспадарку. Усе пазыкі вярнулі і эканоміку значна ўмацавалі.
Лён — самая любімая мая культура. Толькі адзін дзень квітнее лён. Поле пераўтвараецца ў блакітнае воблака. На досвітку прыедзеш на палетак – вачэй не адарваць.
— А замену сабе вы рыхтавалі?
— Толькі стала думаць пра гэта, а тут пачаўся парад суверэнітэтаў саюзных рэспублік. Уся эканоміка ўмомант парушылася. Гаспадарчая неразбярыха хваляй пракацілася па краіне. Цяжка выходзілі з гэтай сітуацыі. Не да пераемнікаў было.
— Ці былі ў старшыні-жанчыны сяброўкі?
— Прыяцельскія адносіны падтрымлівала з усімі, з кім працавала. Часцей за ўсё даводзілася разам бываць з энергічнай, баявой Лідзіяй Емяльянаўнай Сіроткінай, галоўным аграномам. Сяброў па жыцці ў мяне было шмат, але самай блізкай сяброўкай была маці. Ёй давярала самыя патаемныя свае думкі. Маці ніколі не здрадзіць.
— Лідзія Андрэеўна, вам часта даводзілася ездзіць па грамадскіх справах, выступаць на пленумах ЦК КПБ, членам бюро якога вы былі. У Маскве вы трымалі слова на ўсесаюзных з’ездах калгаснікаў. Усё гэта патрабавала і адпаведнай увагі да сябе, да гардэроба.
— Самыя прыгожыя прычоскі за абед паспявала ў цырульні зладзіць. І імкнулася крочыць у нагу з модай. Сродкі дазвалялі.
— Аб чым шкадуеце, што не паспелі зрабіць?
— Столькі ўсяго зроблена-перароблена, што ўсё і не ўзгадаеш. Магазіны, лазні, жылыя дамы, вытворчыя памяшканні будавалі гаспадарчым спосабам. Марылі адкрыць свой цагельны завод. Калі далучылі да нас суседні калгас імя Леніна, давялося купляць будынкі за калгасныя сродкі для ФАПа, магазіна. Спадзяюся, што справу майго бацькі і маю працягне ўнучка Маша, якая вучыцца ў Вялікалукскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Расіі. Гаспадыняй гэтага ў доме бачу яе.
ЗА ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ кіравання перадавой талачынскай гаспадаркай Лідзія Андрэеўна Навумава, безумоўна, шмат карыснага паспела зрабіць. Больш як дваццаць гадоў яна на заслужаным адпачынку. Па-ранейшаму жыве ў бацькоўскім доме, які яшчэ да вайны збудаваны. Калі была вялікая сям’я, крыху пашырыла яго. З-за гаспадарчых пабудоў віднеюцца вершаліны старых, пасаджаных яшчэ бацькам, яблынь і груш. У агародчыку пад плёнкай вось-вось зацвітуць памідоры і перцы. На акуратна апрацаваных градах зелянеюць стрэлы цыбулі, радыска, кусцікі клубніц. У кветніках паўзыходзілі цыніі і астры.
У чыста прыбраным прасторным пакоі, дзе звычайна за сталом збіралася сям’я Навумавых, шматлікія сувеніры, фотаздымкі і партрэты родных. І сціплы абразок Маці Божай, з якой Лідзія Андрэеўна не адчувае сябе адзінокай.
Уладзiмiр СУБАТ
Талачынскі раён
Фота аўтара і з архіва Лідзіі НАВУМАВАЙ