Музей сельского быта, мастер-классы по ткачеству и кулинарии... Изюминки сельских библиотек Вилейского района
22.10.2022 12:36:30
Марина КУЗЬМИЧ
Публічныя бібліятэкі Вілейшчыны — важны элемент інфармацыйнай прасторы Мінскай вобласці. Людзі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці, таму і рэсурсы, паслугі, што прапаноўваюць бібліятэкі наведвальнікам, карыстаюцца попытам. У сістэме Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік 14 сельскіх бібліятэк. Шэсць з іх інтэграваныя са школьнымі: Чурлёнская, Мацькоўская, Партызанская, Людвіноўская, Даўгінаўская, Ільянская. Спачатку мы завіталі ў Любанскую сельскую бібліятэку. Цікава, што размешчана яна ў будынку мясцовага клуба, а значыць, тут ні на хвіліну не згасаюць натхненне і творчасць.
Любая людзям Любань
Бібліятэкар Алена Кізік адзначае: у іх мястэчку чытаць любілі заўсёды. Яна памятае, як тут усяго чатыры гады пасля Вялікай Айчыннай для кнігалюбаў быў адведзены пакойчык у будынку канторы калгаса. Прасторная бібліятэка з'явілася пазней, у 1973-м.З той пары традыцыі чытання ў Любані пачалі развівацца хутчэй.
Сёння ў мястэчку каля 900 жыхароў. Сельская бібліятэка і клуб для вяскоўцаў — адзіная пляцоўка, дзе можна не толькі пашырыць кругагляд, прачытаўшы тую ці іншую кнігу, але і прадэманстраваць свае таленты, пачуць слушную параду, ды і на поспехі іншых падзівіцца. Гэта адметнасць сельскай бібліятэкі адразу кінулася ў вочы, як толькі пераступілі парог вялікай хаты-чытальні, або, па-сучаснаму, стацыянарнага сацыяльнага пункта.
Алена Кізік
Мясцовыя жанчыны, а яны, па словах бібліятэкара, самыя актыўныя наведвальнікі ўстановы, сабраліся за вялікім сталом, каб абмеркаваць праблемы, падзяліцца поспехамі ў садах і агародах.
— Любім сабрацца, каб адпачыць трохі ад хатніх клопатаў, — расказвае Людміла Уладыка. — Тут і сябровак сустрэнеш, і цікавае што пачуеш.
Жанчына даўно на заслужаным адпачынку, цяпер больш часу прысвячае вырошчванню кветак. Яе клумбы буяюць з ранняй вясны да позняй восені. Сакрэтамі хобі дзеліцца і з аднавяскоўцамі.
Аліна Дубаневіч і Людміла Уладыка.
— Мята, календула, рамонак, баркун, ісоп, меліса, медуніца, лаванда маюць не толькі лекавы эфект, але і цудоўны водар, — расказвае Аліна Дубаневіч. — Сушу зёлкі ў электрасушылцы, шмат якія нашу для асвячэння ў царкву. Потым частую гарбатай вернікаў, а таксама сябровак у бібліятэцы.
Аліна Дубаневіч — сапраўдная майстрыха! Сваімі рукамі шые шыкоўныя шалі, сумкі і аздабляе іх гузікамі, бісерам.
Яўгенія Цуранава ў маладосці працавала фельчарам, а цяпер стараста вёскі Любань. Акрамя заахвочвання мясцовых жыхароў на суботнікі, яна ладзіць для іх хвілінкі здаровага ладу жыцця. Ужо не першы год у любое надвор'е выходзяць з сяброўкамі на шпацыр. Кожны дзень па некалькі кіламетраў. Ад таго жанчыны, нягледзячы на сталы ўзрост, бадзёрыя, актыўныя, энергічныя.
— Лепшы сродак для захавання маладосці — хадзьба, — гаворыць Яўгенія Цуранава. — Акрамя таго, пазітыўнае стаўленне да сябе, людзей і, канечне, падтрымка воднага балансу.
Тамара Гарачава — аграном. Больш за дзесяць гадоў працавала на мясцовай сортастанцыі, цяпер займаецца хатняй гаспадаркай. Куры, козы, трусы — усё вялікай сям'і патрэбна. Валянціна Кляпец, у мінулым ветурач, захапляе зямлячак дзівосамі са свайго агарода: вырошчвае салодкія кавуны і маліну буйную сартавую, што дае некалькі ўраджаяў за год. Валянціна — сціплая жанчына. Пра яе руплівасць у працы распавядаюць сяброўкі: «А якое ж прыгожае лецішча ў нашай Валі! Там нават фігурка рыбака і драўляны масток праз рачулку сваімі рукамі зроблены!»
Бібліятэкар Чурлёнскай бібліятэкі Вілейскага раёна Марына Пашкевіч з актыўнымі чытачкамі Янінай Рогач і Ульянай Смірновай.
Жанчыны за кубачкам гарбаты з духмяным печывам успамінаюць з гумарам пра жыццё-быццё і дзякуюць бібліятэцы за атрыманыя веды, магчымасць адпачыць і ў цёплай кампаніі аднадумцаў сапраўды сагрэцца душой.
Кросны жыцця
А мы трымаем шлях далей — у аграгарадок Лыцавічы Вілейскага раёна, дзе знаходзіцца Чурлёнская бібліятэка, інтэграваная са школьнай. Установа налічвае 265 чытачоў, адметнасць яе ў тым, што тут ужо некалькі гадоў рэалізуецца праект «Кросны».
— Наша бібліятэка — своеасаблівы цэнтр лакальнай культуры, дзе сабрана інфармацыя па гісторыі мясцовасці, а таксама калгаса і розных устаноў раёна, — расказвае бібліятэкар Марына Пашкевіч. — У нас можна даведацца пра аднавяскоўцаў, пра рамёствы, якімі яны займаліся. Але самае галоўнае — можна дакрануцца да гісторыі, прадметаў побыту нашых продкаў, да прац майстроў саломапляцення, да сапраўднага ткацкага станка.
Яніна Рагач і Ульяна Смірнова.
Марына Уладзіміраўна запрашае ў пакойчык, цэнтральнае месца ў якім займае вялікі ткацкі станок. Тут яна вучыць юных наведвальнікаў ткаць, знаёміць з мясцовымі абрадамі і звычаямі. Адзін з іх — збор лекавых раслін. А гэта, адзначае Марына Уладзіміраўна, таксама наша гістарычная памяць.
У бібліятэцы заўсёды рады гасцям. Марына Уладзіміраўна пячэ пірагі, частуе наведвальнікаў мерапрыемстваў незвычайнымі стравамі. Напрыклад, гатуе флячкі са свінога страўніка, а таксама раўгеню і закуску са смаўжоў.
Звяртаю ўвагу на палічкі са скрынкамі з подпісам «Чурлёнскія зёлкі». У музейным кутку яны на асобным месцы. Марына Уладзіміраўна заварвае духмяную гарбату і расказвае: штогод перад Купаллем выходзіць з дзецьмі на збор траў.
— Здаўна нашы бабулі лячылі травамі шмат якія хваробы, — гаворыць яна. — У кожнай скрыначцы не толькі смак мясцовых кветак, але і мноства карысці для здароўя! Выходзім у поле, вывучаем гісторыю краю, прычашчаемся да красы зямлі. Невялічкімі крокамі наша бібліятэка выйшла на такі накірунак дзейнасці, як адраджэнне бібліятэчнага краязнаўства. І тут перад намі адкрыліся вялізныя выхаваўчыя магчымасці. З дапамогай краязнаўчага матэрыялу можам выхоўваць грамадзяніна краіны не на абстрактных ідэалах, а на сапраўдных прыкладах з жыцця бацькоў, аднавяскоўцаў, на падзеях з гісторыі вёскі, што запісвалі і збіралі разам.
Каб наладзіць працу, у бібліятэцы стварылі куток сялянскага побыту, дзе знайшлі сваё месца верацёны, матавілы, на якіх сукалі ніткі, столік з гнуткай лазы, прас, ільняная мялка, калаўрот. Разам з прыладамі працы адзін з мясцовых жыхароў прынёс нумар «Сельской газеты» 1964 года. Цяпер ён займае сваё пачэснае месца на нашай выставе, прысвечанай Году гістарычнай памяці.
Галоўны экспанат у музеі бібліятэкі — кросны.
— Да нас прыходзяць не толькі ўзяць кнігу, але і дакрануцца да мінулага продкаў, — адзначае Марына Пашкевіч. — Убачыць тыя сакральныя ўзоры, што ўпрыгожвалі беларускую хату стагоддзе таму, што суправаджалі вілейскіх аднавяскоўцаў ад калыскі да труны. Зрабіць так, каб старадаўнія ткацкія станкі не спарахнелі на гарышчах старых хат, а былі патрэбныя дзецям і ўнукам, — наша задума сёння.
Марына Уладзіміраўна тчэ на дзвюх нітках, якія прыводзяцца ў рух дзвюма педалямі. Вырабляе палавічкі, сурвэткі, сумкі… Аднавіць рамяство ўдалося дзякуючы мясцовай жыхарцы Валянціне Рогач, якая перадала майстэрства маладому пакаленню.
Марына Пашкевіч.
kuzmich@sb.by