Аўдыя і медыя, ці Агульныя правілы напісання слоў разам, праз злучок і асобна.
29.05.2010 20:01:00
Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ
Сучаснае пісьмо, у якім словы аддзяляюцца адно ад аднаго, — вялікае культурнае і навуковае дасягненне. Да XVI ст. нам не было вядома асобнае напісанне, а ў рукапісах амаль да XVIІІ ст. словы пісаліся разам, адно за адным, без прамежкаў. Старажытныя тэксты чляніліся на больш буйныя сэнсавыя адрэзкі, паміж якімі маглі ставіцца крыжык, кропка, розныя камбінацыі кропак і інш. Калі ж мы сталі аддзяляць словы, актуалізавалася пытанне пра напісанне іх: асобна, разам ці праз злучок. Заўважым, што правілы даволі складаныя і маюць шмат выключэнняў. Асабліва вылучаецца арфаграфічнай цяжкасцю прыслоўе — часціна мовы, вакол якой на працягу трох стагоддзяў ідуць дыскусіі. Прычына спрэчак у тым, што прыслоўі ўтвараюцца ад слоў іншых часцін мовы (назоўнікаў, прыметнікаў, лічэб-нікаў, дзеясловаў) і вельмі падобныя да іх. Часам пры пераходзе слова з якой-небудзь часціны мовы ў прыслоўе яно цалкам захоўвае сваё напісанне, напрыклад: добра, прыгожа, весела. Але бывае і так, што ўтворанае прыслоўе мяняе свой графічны выгляд у параўнанні з зыходным словам ці спалучэннем слоў: пішацца разам (насустрач) або праз злучок (па-твойму). Менавіта гэтым выкліканы цяжкасці пры выбары правільнага варыянта напісання прыслоўяў.
Прадметам сённяшняй размовы стане абмеркаванне агульных правіл напісання разам, праз злучок і асобна, якія падпарадкуюцца хутчэй не пэўнай заканамернасці, а традыцыі. Як пісаць два словы? І што лічыць словам? На апошняе пытанне адназначнага адказу няма. Напрыклад, калі ў склад слова (так званае фанетычнае слова — з адным асноўным націскам) уключаць прыназоўнікі тыпу не м?ог, без р?эчы, то іх трэба падпарадкаваць агульнаму правілу пераходу е ў я ў першым складзе перад націскам. Дарэчы, такі пераход назіраўся да рэформы 1933 года. Аднак і прыназонік, і часціца, і злучнік — гэта асобныя словы, якія абслугоўваюць (нездарма іх называюць службовымі) самастойныя часціны мовы.
Правапіс павінен рэгламентаваць, так бы мовіць, ступень набліжанасці ці “з’яднанасці” службовых і іншых часцін мовы адно з адным. Паказальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца запазычанні, якія набылі распаўсю-джанне з прычыны маўленчага попыту на іх. Напрыклад, слова медыя (з англ. мedia — сродкі масавай інфармацыі) можа губляць сваю лексічную самастойнасць і ператварацца ў прэфіксоід — частку слова, якая займае прамежкавае становішча паміж прыстаўкай і самастойным словам. Гэта можа значна паўплываць на перспектыву напісання. Нядаўна першая частка складанага слова медыя- пісалася праз злучок. Напрыклад, медыя-тэкст, медыя-падзея, медыя-кантэкст у кнізе расійскай даследчыцы С.Смятанінай (Сметанина С.И. Медиа-текст в системе культуры. Динамические процессы в языке и стиле журналистики конца ХХ века. Научное издание. — СПб., 2002.—383 с.). Губляючы самастойнасць значэння, запазычанае медыя становіцца часткай складанага слова і прырошчвае словаўтваральнае значэнне ‘які адносіцца да сродкаў масавай інфармацыі’. Сёння арфаграфічна карэктным будзе напісанне: медыяпадзея, медыятэкст, медыябізнес, медыяіндустрыя, медыярэсурсы, медыярынак, медыясуполка, медыяхолдынг, медыяносьбіт і інш.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” звернута асаблівая ўвага на напісанні такога кшталту. Адзначаецца, што разам пішуцца:
складанаскарочаныя словы і вытворныя ад іх: прадмаг, райкам, газпрам, журфак, прадмагаўскі, газпрамавец і інш.;
складаныя словы і вытворныя ад іх з пачатковымі іншамоўнымі часткамі авія-, агра-, астра-, аўдыя-, аўта-, аэра-, бія-, варыя-, вела-, відэа-, гама-, геа-, грам-, заа-, кіна-, макра-, медыя-, мота-, неа-, палеа-, радыё-, сацыя-, спарт-, стэрэа-, танц-, тэле-, фота-, электра- і інш.: авіябілет, аграхімія, аўтабізнес, аўдыявізуальны, аэрафотаздымка, бія-абарона, варыяфільм, веласпорт, відэафільм, геапалітычны, гамагенны, грамзапіс, заапарк, кінастужка, макрадэфармацыя, медыятэкст, мотабол, неалітычны, палеаантраполаг, радыёхваля, спартбаза, стэрэакіно, танцклас, тэлебачанне і інш.
Звернем увагу на слова аўдыявізу?альны, якое ў слоўніках мінулага стагоддзя падавалася праз ё: аўдыёвізу?альны (напрыклад, Русско-белорусский словарь: в 3 т. / АН Беларуси, Ин-т языкознания им. Я.Коласа. — 7-е изд. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т.1, с. 65). Такое напісанне не ўкладвалася ў межы існуючых норм: парушалася акцэнталагічная норма (ё павінна было быць націскным, хаця націск падаў на перадапошні склад). Адбылося неправамернае пашырэнне формы аўдыё- на манер выключэння радыё, пра якое ўжо распавядалася.
Разам таксама пішуцца:
словы з пачатковай часткай поў- (паў-): поўнач, поўдзень, паўгоддзе, паўлітра, паўсвету, паўлыжкі, паўста, паўсотня, паўчвэрткі, паўчвэртка, паўчвэрці, паўлімона, паўяблыка, паўтары, паўтара, паўсукно, паўпаліто, паўаршына і інш. Калі скарочаная ці падобная да прыстаўкі частка слова далучаецца да ўласнай назвы, яна пішацца праз злучок: паў-Слуцка, паў-Ратамкі;
словы з прыстаўкамі і падобнымі да прыставак пачатковымі часткамі: а-, анты-, арта-, архі-, гіпер-, дыс-, дэз-, звыш-, інтэр-, інфра-, квазі-, контр-, мета-, між-, мілі-, пан-, паст-, псеўда-, сін-, супер-, транс-, ультра-, экс-, экстра- і інш.: алагізм, антыгуманны, архіважны, гіперправоднасць, дыстрафія, дэзактывацыя, звышгукавы, інтэрнацыянальны, інтраспектыўны, інфрачырвоны, квазізоркавы, контр-агент (выключэнне: контр-адмірал), метатэза, міжраённы, міліметр, панславізм, пангерманскі, пастфактум, пастпазіцыя, псеўданародны, сінгармонія, супермаркет, трансатлантычны, ультрамодны, экстэрытарыяльны, экстраардынарны і інш.;
складаныя словы, першай часткай якіх з’яўляюцца лічэбнікі: васьмітысячнік, двухбаковы, двухзначнасць, двухколка, двухмоўе, двухрогі, двухногі, двуххвостка, двухрадкоўе, трыццацідвухгадовы, двухтысячагоддзе, сямісотпяцідзесяцігоддзе, чатырохразовы, аднагодкі, адзінакроўны, дванаццаціпавярховы, дзесяціпрацэнтны, а таксама двукоссе, двукроп’е.
Пра агульныя правілы напісання праз злучок пагаворым у наступную суботу.
Зваротная сувязь
Добры дзень! Па-беларуску трэба пісаць І?уда. А як пісаць словы іудаізм, Іудзея, іудзейскі? Aleksandr.
— Арфаграфічна карэктна: іўда?ізм, Іўдз?ея, іўдз?ейскі.
Скажыце, калі ласка, што за вулкан у Ісландыі, які так напужаў Еўропу? І як ён правільна называецца? Дзякуй. Сарокін Іван Васільевіч.
— Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, пад шостым па велічыні ледніком Ісландыі Эяф’ядлаёкудлем і часткова пад суседнім ледніком Мюрдальс’ёкудлем знаходзіцца вулкан кананічнай формы без імя ўласнага. Спрошчана яго называюць, што перайшло і ў прэсу, па назве ледніка. Арфаграфічна адаптаванай да беларускай мовы можна лічыць форму Эяф’ядлаёкудль.