У Шчучыне дадзены старт падрыхтоўцы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
09.09.2015 12:17:57
У шэрагу розных мера-прыемстваў, якія поўнілі Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне, была і прэзентацыя шостага па ліку тома факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Асаблівы сэнс дзеі ў тым, што менавіта пад час Свята слова дадзены старт падрыхтоўцы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Выдавецкі праект “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” рэалізуецца з 2013 года, завершыцца ў 2017-м: калі будзе адзначацца знакавы для ўсходнеславянскага свету юбілей. Сэнс перавыдання кніг першадрукара, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках свету, можна акрэсліць лічбамі: 1517—2017. Ініцыятарамі ды асноўнымі выканаўцамі праекта сталі Банк БелВЭБ і Нацыянальная бібліятэка. Том, прэзентаваны ў Шчучыне — першы з ліку новых шасці, якія пабачылі свет і ў хуткім часе будуць прэзентаваны. Першы ж асобнік тома перададзены ў дар Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.