В Минcке проходит II Республиканский театральный фестиваль «Перамога»

Споведзі сэрца

У Мінску на гэтым тыдні распачаўся II Рэспубліканскі тэатральны фестываль «Перамога». У гэтым годзе ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У праграме — адзінаццаць спектакляў, адзінаццаць глыбокіх і кранальных гісторый ад сталічных і рэгіянальных тэатраў з Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Мазыра і Слоніма.


Адкрыў фестываль спектакль Купалаўскага тэтра «А зоры тут ціхія». Аповесць Барыса Васільева (дарэчы, 21 мая мы адзначым 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка) ператварыў у дынамічнае тэатральнае відовішча расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прадставіў сваю майскую прэм’еру — дакументальную драму Галіны Злабенка «Горкі хлеб» у пастаноўцы мастацкага кіраўніка калектыву Сяргея Кавальчыка. Драматычны тэатр Беларускай арміі прапанаваў легендарную драматычную баладу Аляксея Дударава «Радавыя». Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — споведзь «Незагойная рана» па творах Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча. Ідэя, інсцэніроўка, пастаноўка і музычнае афармленне належаць уладальніцы прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» Зінаідзе Гурбо. Яна ж выканала галоўную ролю ў гэтым монаспектаклі.

Гомельскі абласны драматычны тэатр паказаў спектакль «Ляцяць жураўлі» па п’есе Віктара Розава «Вечна жывыя». Сёння гэта п’еса, знаёмая большасці гледачоў па стужцы Міхаіла Калатозава, перажывае новую хвалю папулярнасці. Так, нядаўна ў Малым тэатры ў Маскве яе паставіў Андрэй Жыцінкін. Брэсцкі тэатр лялек прадставіў на фестывалі «Перамога» гісторыю жыцця «Евфросиния Полоцкая. Святыя літары».

Сёння на купалаўскай сцэне — драма Слонімскага драматычнага тэатра «Белы ліст». П’есу беларускага драматурга Васіля Ткачова паставіў рэжысёр Васіль Сявец. А заўтра сюды запрашае Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа — на меладраму «Мой бедны Марат» па п’есе Аляксея Арбузава ў пастаноўцы галоўнага рэжысера тэатра Рамана Цыркіна.

21 мая Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча прапануе гледачам на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра разважанні «Нюрнберг. Лава падсудных». Яшчэ адзін лялечны спектакль «Прыгоды жука-насарога» 22 мая пакажа Гродзенскі абласны тэатр лялек. На пластычны спектакль «Вайна і лёсы» 23 мая запрашае Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр.

Безумоўна, як і ў прошлым годзе, у праграме II Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю «Перамога», які завершыцца 23 мая, толькі лепшыя спектаклі на ваенна-патрыятычную тэматыку, шчырыя выказванні пра гонар і годнасць.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter